Мой кулямёт
Сярод маіх дзіцячых цацак была гудзёлка, якую выраблялі з маленькай костачкі свінной нагі. Па сярэдзіне костачкі прабівалі дзірачку і працягвалі шнур. Шнур накручвалі, а пасля за канцы расцягвалі і цацка гудзела. Можна было зрабіць яе з біркі—бярозавай ці кляновай палачкі і начапіць яе на шнур, або тоненькую вяровачку. Цяпер мне ўспомнілася, як у красавіку 1944 года я пажартаваў над нашымі кабетамі-папрадухамі.
Тры жанчыны сядзелі ў нашай хаце на лаве і пралі кудзелю на калаўротах. Я раскруціў сваю гудзёлку (самаробную цацку з костачкі з вяровачкай) і паднёс яе да ліштвы акна, пацягнуў рукамі за канцы вяровачкі і пачулася: “Тра-та-та-та…”. Яўна страчыў кулямёт. Я ўжо і сам не ведаў, ці гэта страчыць мая цацка, ці можа сапраўды — кулямёт за акном. Папрадухі, дружна разам з маёй маці, пакідалі прасніцы і схаваліся пад лаву. Я спыніў бой са свайго “кулямёта”, і стала ў хаце зусім ціха. Я засмяяўся. Тут усе зразумелі, што я такім чынам напужаў іх.
Мая маці раззлавалася, узяла гальнік, выцягнула з яго дубчык і ўстроіла мне “сухую лазню”, біла мяне пакуль я зусім не разрыдаўся і не паабяцаў, што так жартаваць не буду. А я цвердзіў, што я так зрабіў не наўмысна, я не хацеў іх пужаць. А можа і хацеў, бо ведаў, як страляе мая цацка: гук ад яе якраз як ад страляліны з кулямёта. Я ж не думаў, што яны аж пад лаву схаваюцца ад маёй стральбы.
Успамінаючы ўсё гэта цяпер, нават праз 60 гадоў з гакам, на маіх вачах накатваюцца слёзы ад перажытага тады за гады вайны.
Сымон Струменскі
2004 г.
Прыблуда
У нашу вёску да калекі музыкі Міколы Зайчыка прыйшла жыць сімпатычная бландзінка Вольга Зыбуль. Па-вясковаму яе звалі Волька, а завочна —Прыблуда. Сама да калекі прыбілася, як тая бадзялая котка да нейкай гаспадыні. Хоць выглядзела яна прыгажуняй, але з галавой у яе не ўсё было ў парадку. Казалі, што яна і ў дурдоме (“псіхічнай” бальніцы) пабывала. Жыла ў нашай вёсцы і праўда нічога кепскага не рабіла. Але аднойчы ў сваёй вёсцы пераначавала яна ў удаўца. Аб такім здарэнні ўся вёска даведалася. А чым і як мог пакараць яе неафіцыйны муж-калека за распуцтва? Аніяк. А сама яна магла яго пакараць. Яна ж у яго хоць і кватэрантка, але ж і гаспадыня.
—Падумаеш, адну ноч дома не начавала. Можа я на зарабаткі хадзіла, бо ты ж працаваць не можаш. Нічога ж не здарылася, — сказала яна Міколу.
Аб тым, што Вольга можа пагуляць з мужчынай, даведаўся стары Раман Бублік, які жыў у суседняй вёсцы ў лесе на хутары. Калі Раман атрымаў пенсію, дык ён запрасіў Вольгу-прыгажуню прыйсці ў нядзелю да яго вечарам на вячэру-пагулянку. Яна не адмовілася. Прыйшла позна ўвечары. Яны сталі дамаўляцца на якіх умовах уся вечарына-забава адбудзецца. “Сустрэча за сталом і на ложку таксама”, — цвёрда сказаў, як адрэзаў, Раман. Ніхто сёння не ведае, як яны старгаваліся. Але маладая прыгожая Вольга вырашыла старога абдурыць. На тое ж яна і нашмат маладзейшага за яго. У яе галава на грошы добра працуе. Мала што нейкія ў яе завіхрэнні здараюцца. Можа нават у кожнага з нас нейкі пункцік бывае, а ў іншага і “клёпкі не хапае”, як у гэтага старога.
—Напэўна, гэты стары лічыць мяне дурачкай, але дурнём хай застанецца ён сам, —вырашыла яна і стала хітрыць. – Вядома, ён—стары пень— лічыць мяне за дурачку. Паглядзім у каго з нас казырная карта: ці мая маладая дама ці яго стары завялы кароль? Гэта гульня, нібы ў карты ў дурака: тут яшчэ невядома хто дурнем будзе, — так пра гэту забаву разважала бабёнка-патаскуха.
—Выпi яшчэ, Ромусь, куды нам спяшацца. Ноч вялікая. Калі я сюды прыйшла, дык магу застацца тут і да світання.
У Рамана на ўме былі свае думкі: “Во зацугляю яе, як кабылку. Буду катацца да раніцы”.
Пасля пачастунку за сталом Раман прапанаваў адпачыць на ложку. Прыгажуня Вольга не адмаўлялася.
—Ды яна твая справа не гарыць і ў лес не ўцячэць.
— А калі імпэт у мяне прападзе.
— Дык не будзе з таго вялікай бяды. Крыўдаваць на цябе я не буду.
Стала распранацца сама, каб у таго не было лішніх клопатаў.
—А цяпер, Раманік, пенсію кладзі каля ложкана табурэтку, каб не абмануў ты мяне.
Раман дастаў пенсію і паклаў на табарэтку.
—Мала.
– Амаль уся. Частку на гэта віно пусціў ды закуску купіў.
—Ладна. Хай будзе столькі – колькі ёсць.Ты яшчэ і не распрануўся?
—Я хуценька.
—Пачакаю.
Калі ён распрануўся, дык Вольга кажа яму:
— Раман, а чаму ты не пагаліўся. Бачыш, у цябе ўжо барада адрасла. Калоцца будзе. А я не люблю, калі колецца і замінае. Ідзі пагаліся і падмыся, а я тут паляжу і пачакаю цябе. Яшчэ вечар, а ноч вялікая. Я магу і да раніцы застацца. Чаго мне спяшацца?!
Стары абрадаваўся і пайшоў на кухню галіцца і падмывацца. А Вользе толькі гэта і трэба было. Яна хуценька па-салдацку апранулася, забрала пенсію старога і пабегла ў сваю вёску, у хату да музыкі.
Раман Бублік такога ўчынку ад яе не чакаў. Думаў, што будзе па дамоўленасці, як на кірмашы, калі купляюць тавар. Што ж яму цяпер рабіць? Як пакараць жанчыну за абман? Пайшоў ён з заявай у аддзел міліцыі раёна. Адтуль яго накіравалі ў раённы народны суд. Прынялі ад Бубліка заяву і праз тыдзень выклікалі Вольгу і Рамана ў суд, але разгляд справы не пачыналі. Толькі там пагаварылі з кожным паасобку.
А Вольга хоць і была з вальтом у галаве, але павяла сябе разумна:
—А я ў яго пенсію не ўкрала. Ён сам заплаціў мне за работу. А якую работу я рабіла – мы пісьмовай дамовы не падпісвалі. Аддаў пенсію, а цяпер спаганяе. Няма ў мяне грошай. Я ўжо распусціла іх.
Выслухалі Вольгу ў судзе і выклікалі Рамана.
—Колькі табе гадоў?—пытаецца суддзя.
—Амаль 80.
—А колькі Вользе ведаеш?
—Не.
—А ёй 30 мінула. Яна ж табе нават не ў дочкі, а ва ўнучкігадзіцца. Навошта ты звязаўся з унучкай? Няўжо ты не ведаеш, што яна стаіць на ўліку ў псіхалагічным дыспансеры? У яе з галавой не ўсё ў парадку. Як гэта дурачка ды змагла разумнага дзеда абмануць? Значыць, ты ўжо па гадах пачаў дурнець ці здурнеў, бо на старасці гадоў звязаўся з дурачкай, якая па гадах табе – амаль унучка. Выходзіць, што Вользе дастаўся абаранак, а табе толькі дырка ад яго. А чаго ж ты, Раман, хацеў атрымаць ад дурачкі? Яна ж — дурачка. І ты таксамапра гэта ведаў.А наша выснова па тваёй справе такая: Яна – дурная і ты – дурань, а савецкі суд дурняў не судзяць. Можаце разам ісці дамоў.
Выйшлі яны дамоў ісці, і Вольга здзекліва кажа дзеду: “Дык чый козыр старшы? Мой козыр ці твой? Мне – бублік, а табе – дырка ад бубліка. Ты ж дырку і хацеў. Ха-ха-ха-ха”. І пайшлі яны паасобку дамоў адной дарогай, але з розным настроем. Як і ў картачной гульні, казырная дама пабіла караля.
Сымон Струменскі
1977 г., г. Вілейка.




Дзякую рэдакцыі, што ёсць такая рубрыка. На жаль, як мне стала сёння вядома, некаторыя работнікі культуры ў Вілейцы, чытаюць газету ад выпадку да выпадку. Нават такую рубрыку не чыталі. Пісаць пра змест я не магу.