Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Даўгінаўскі тракт

«Знаёмы гэты мне шлях родны…»
Янка Купала

З даўніх часоў дарогі злучалі людзей, час і культуры, краіны і народы, нягледзячы на розныя рэлігіі, эканоміку, суперніцтва ўладароў і існаванне дзяржаўных межаў. Дарогі ў нашым свеце сталі з’яўляцца разам з культурным развіццём чалавецтва. Развіццё дарог было першапачаткова абумоўлена ваеннымі мэтамі: для захопу новых тэрыторый і ўтрымання ўжо заваяваных уладанняў, для чаго старажытныя дзяржавы ўладкоўваліся цэлымі сеткамі дарожных шляхоў. Немалаважную ролю дарогі адыгрывалі і ў эканамічным, а з часам і культурным развіцці чалавецтва. Таму старажытныя гасцінцы і тракты таксама з’яўляюцца нашым здабыткам гісторыка-культурнай спадчыны, што знікае з развіццём новых шляхоў зносін.

Вілейка, вул Пілсудскага (Савецкая) 1930-я гады.
Вілейка, вул Пілсудскага (Савецкая) 1930-я гады.

Вілейшчына здаўна знаходзілася на перакрыжаванні розных шляхоў і дарог, што абумоўлена яе геаграфічным размяшчэннем. Праз нашу тэрыторыю праходзілі найбуйнейшыя дарогі і гасцінцы, а таму праз Вілейшчыну праходзілі і шматлікія войны. Хто толькі не праязджаў па гэтых гасцінцах, мяркуючы па гістарычных дакументах, мясцовых паданнях: літоўскі князь Альгерд, Стэфан Баторый, дачка вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ «Грознага» Алена Іванаўна, Кацярына ІІ, Мікалай ІІ і многія іншыя. Найбольш старажытнай дарогай, што існавала на нашай тэрыторыі з’яўляецца Даўгінаўскі тракт. На радзівілаўскай карце 1613 года абазначана як само Даўгінава, так і тракт – частка вялікага і значнага гасцінца ў тагачаснай Літве, што ішоў з Вільні да Полацка, а адтуль да Масквы. Часта па ім праязджалі купецкія караваны, пасольскія картэжы, а таксама вайсковыя атрады. Амаль у кожнага вядомага даследчыка, археолага, этнографа, што даследаваў нашу тэрыторыю, маюцца згадкі пра Даўгінаўскі тракт. Вось як апісвае яго вядомы віленскі журналіст Адам Кіркор, які здзейсніў краязнаўча-фальклорнае падарожжа па Вілейскім павеце ў 1854 годзе і апісаў яго ў часопісе «Бібліятэка Варшаўская»: «… гасцінец, які праходзіў праз Даўгінава, быў вельмі важны і галоўны на Літве. Ён добра ўтрымліваўся і меў шмат зручных корчмаў…». Другі знакаміты даследчык граф Канстанцін Тышкевіч у сваёй манаграфіі «Вілія і яе берагі» апісвае так даўгінаўскі гасцінец: «Гэты тракт надзвычай людны… Невымерна мноства людзей ідзе тут пехатою, едзе на возе. Тут сустракаецца шмат экіпажаў і фурманак…».

Дарога Вілейка-Сосенка. 1915 год

Не абышоў увагай знакаміты шлях і беларускі пясняр Янка Купала, што, дарэчы, у гады Першай сусветнай вайны меў дачыненне і да дарог Вілейшчыны, бо служыў у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай ваеннай акругі шляхоў зносін. У музеі класіка ў Мінску захаваўся альбом ваеннага інжынера Вікенція Станкевіча, роднага брата жонкі Янкі Купалы. У гэтым альбоме шмат цікавых фотаздымкаў дарог і мастоў Вілейскага павета перыяду 1914-1918 гадоў. У 1926 годзе Купала напісаў верш «Па Даўгінаўскім гасцінцы»:

Знаёмы гэты мне шлях родны, –
Даўгінаўскі вядомы шлях!
Які нёс годных і нягодных
На векавых сваіх плячах.

Дарэчы, калі казаць пра дарогі Вілейшчыны, то, маючы шмат рэк, што з’яўляліся прыроднымі перашкодамі для падарожжа, гэта абумовіла асаблівасць будаваць тут масты і кладкі, грэблі і гаці. Некаторыя архітэктары сцвярджаюць, што «масты складаюць галоўную частку дарог, і яны ёсць ні што іншае, як дарога, узнятая над вадой».

Дарога праз мястэчка Куранец. Фота Паўла Валынцэвіча, 1902 год
Дарога праз мястэчка Куранец. Фота Паўла Валынцэвіча, 1902 год

На Беларусі склалася некалькі найменняў дарог: «шлях», «гасцінец», «дарога», «тракт» і іншыя. Але пачыналася ўсё са «сцяжынак», якія ішлі праз лясы, палі, сенажаці – гэта старажытныя дарогі нашых продкаў. Назвы дарог, якія захаваліся да нашага часу, нават на працягу многіх стагоддзяў указваюць на гістарычную важкасць таго ці іншага накірунку. Так, у назве вядомага Даўгінаўскага тракта (дарога, вядучая на поўнач ад Мінска) гучыць імя невялікага мястэчка, якое ў 17-19 стагоддзях было цэнтрам бойкага гандлю і кірмашоў цэлага паўночна-заходняга краю. Можна сказаць, што само мястэчка Даўгінава дзякуючы гэтаму гасцінцу і стала даволі вядомае. У канцы 18 стагоддзя тут было пяць корчмаў і тры заезныя дамы, што азначае добра развіты, гаворачы па-сучаснаму, прыдарожны сэрвіс. Да нашага часу захаваліся толькі фрагменты гэтай дарогі: частка ў лесе, частка пад хвалямі Вілейскага вадасховішча, а частка сярод векавых ліп і таполяў каля вёсак. Цікава, што многія старажылы распавядаюць аб тым, калі пры будаўніцтве вадасховішча была пракладзена новая дарога, амаль паралельна даўгінаўскаму тракту, то прыгарадны аўтобус у бок Сосенкі яшчэ працяглы час хадзіў па старой брукаванай дарозе – так было хутчэй.

Мост і дамба праз раку Вілію каля вёскі Сосенка. 1916 год

Аднак, звернемся да гісторыі дарог Беларусі. Узнікненне дарожнай сеткі адносіцца да 9-12 стагоддзяў, калі фарміраваліся Полацкае, Тураўскае, Пінскае і іншыя княствы. На той час галоўнымі транспартнымі артэрыямі былі рэкі. У перыяд ранняга сярэднявечча праз беларускія землі пралягаў найстаражытны шлях «з варагаў у грэкі», які злучаў Паўночную і Паўднёвую Еўропу, Скандынавію і Блізкі Усход. Гэта быў найвялікшы шлях старажытнасці, які моцна паўплываў на лёсы славян. Адгалінаванні галоўнага шляху «з варагаў у грэкі» праходзілі і па рэках Вілейшчыны. Наша Вілія па апісаннях гісторыкаў была паўнаводнай і судаходнай і ў 1335 годзе, і яшчэ ў 1520-я гады. Пазней, у Вялікім княстве Літоўскім, падтрыманню дарог у надзейным праязным стане служыла сістэма мыт (застаў, мытняў), якія ўладковываліся на важных гасцінцах, трактах, каля рачных перапраў, мастоў, на ўездах у населеныя пункты. У позні феадальны час праз Беларусь быў пракладзены маршрут «Усход-Захад», які праходзіў з Масквы праз Полацк на Вільню, а таксама праз Слонім і Бабруйск на Варшаву – тады і з’явіўся полацкі гасцінец і яго частка – Даўгінаўскі тракт. Усе яны – гужавыя, чыгуначныя і водна-транспартныя дарогі – змянялі воблік мястэчак і гарадоў.

Вялікі валун Варацішын крыж у вёсцы Камена

Пачынаючы з 18 стагоддзя паштовыя службы сфарміравалі структуру беларускіх дарог у Расійскай імперыі, што адыгрывалі вялікае транзітнае значэнне. Дарогі гэтыя уладкоўваліся станцыйнымі дамамі, у якіх пражывалі фурманы і пры якіх утрымліваліся перакладныя коні. У 18-19 стагоддзях на нашых землях актыўна сталі прымяняць тэхніку брукавання дарог, вуліц і плошчаў. На Вілейшчыне асаблівая большасць дарог брукавалася «за польскім часам». Трэба адзначыць, што каменнае машчэнне дарог было справай няпростай. Спачатку была звычайная шчыльная гарызантальная ўкладка булыжніка, а затым булыжнікі ўкладваліся на пясчаную аснову, і гэтым стваралася адзіная канструкцыя, пры якой камяні шчыльна падганяліся адзін да аднаго. Такім чынам транспартная нагрузка перадавалася не на асобнае каменне, а раўнамерна размяркоўвалася па паверхні ўсяго дарожнага пакрыцця. У 19- пачатку 20 стагоддзя пачалі будавацца і чыгуначныя дарогі. Перад Першай сусветнай вайной у Беларусі мелася 3753 км шашэйных дарог. У 30-я гады мінулага стагоддзя пачалося будаўніцтва дарог, прызначаных для аўтамабільнага руху.

Брукаванне дарогі Куранец-Рэчкі. 1920-я гады

Дарога – аснова ўсіх асноў, аснова ўсіх краін і гарадоў. Памяць пра многія памятныя падзеі захоўваюць прыдарожныя камяні і крыжы на скрыжаваннях. Ёсць такія камяні-валуны і на шляху па Даўгінаўскім тракце. Перамяшчэнне па зямлі заўсёды патрабавала таго, каб чалавек мог арыентавацца на шляху. З прыходам хрысціянства людзі пачалі ўсталёўваць прыдарожныя крыжы і капліцы – усё паказвала на пэўныя межы ўласнасці і служыла арыенцірам у дарозе. Да нашых дзён захаваўся вялікі валун з надпісамі і высечаным крыжам у вёсцы Камена, што з’яўляўся адным з пуцявых і межавых знакаў Полацкай зямлі. Тут па рацэ Віліі пралягалі важныя транспартныя маршруты, што звязвалі Мінск, Лагойск і гэтым рачным шляхам вялі да Вільні.

Дзе ні ступіш, крыжавыя
I гасцінцы, і дарожкі.

Так апісваў Янка Купала свой край, сваю краіну. «Крыжавыя» – не толькі вобраз абстаўленых прыдарожнымі крыжамі – «знакамі пакуты» дарог, але і суцэльны вобраз зямлі, перасечанай уздоўж і ўпоперак дарогамі і сцежкамі. Цікава, што для вялікага паэта Янкі Купалы ці ледзь не галоўная знешняя прыкмета роднага краю – гэта дарогі, якія сыходзіліся і разбягаліся, якія адыходзяць у далеч, на чужыну, і якія прыводзяць да свайго дома. Дарогі выступаюць сінонімам жыццёвых шляхоў таго, хто ідзе наперад, насуперак усім выпрабаванням, народа, а скрыжаванні – знакі лёсу: чалавек заўсёды стаяў і стаіць перад выбарам – куды пайсці? Вельмі трапна адзначыў гэта знакаміты архітэктар Армэн Сардараў: «Край, і народ беларускі, які стаіць заўсёды на гістарычным скрыжаванні зямель, дзяржаў, вераванняў і народаў ідзе, часам, да чужога парога, але заўсёды вяртаецца сюды, да сваёй хаты, да Хрыста, да ўкрыжаванага на простым крыжы ля ўваходу ў родную вёску».

Сяргей ГАНЧАР.
Фота з архіва Вілейскага краязнаўчага музея і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries