Вілейшчына багатая на славутых землякоў, што пакінулі значны след на беларускай зямлі і далёка за яе межамі. Сярод шматлікіх знакавых прозвішчаў асобна выдзяляюцца імёны тых, хто працаваў на ніве паэзіі. Імя гэтага беларускага пісьменніка магло і не быць вядомым, калі б яго літаратурную спадчыну не захавалі нашчадкі, бо пры жыцці ні адзін яго твор не быў надрукаваны. Як доўгі час у забвенні было і месца яго пахавання…
Да 150-годдзя з дня нараджэння Адама Гурыновіча.
Паэт-дэмакрат, фалькларыст, рэвалюцыянер, ён быў прадаўжальнікам традыцый Францішка Багушэвіча, якога лічыў сваім настаўнікам і паплечнікам. Адам Гурыновіч пражыў кароткае, але напоўненае падзеямі і памкненнямі жыццё. Пры яго жыцці не было надрукавана ніводнага твора, а архіву Адама Гурыновіча пашанцавала толькі дзякуючы пляменніцы паэта, доктару медыцыны Яніне Гурыновіч, якая нарадзілася ў год смерці дзядзькі і якая сабрала і захавала яго ўцалелыя рукапісы. Пашанцавала і памяці паэта на яго малой радзіме, дзякуючы вілейскім краязнаўцам Анатолю Рогачу, Анатолю Капцюгу, Віталю Кастэнку, Яўгену Ігнатовічу, землякам Адама Гурыновіча і вілейскім музейшчыкам было знойдзена яго месца пахавання, адноўлена радавая капліца, усталяваны памятны знак каля вёскі Золькі – на месцы маёнтка Крыстынопаль, дзе жыла сям’я паэта.
Адам Гурыновіч нарадзіўся ў сям’і шляхціча Каллікста Гурыновіча, вядучага свой род ад татараў па прозвішчы Гурыны, якія аселі ў Беларусі дзесьці ў 17 стагоддзі. Маці паэта Элеанора паходзіла з гетманскага роду Сяняўскіх. І хоць месца нараджэння будучага паэта – сучасная вёска ў Мядзельскім раёне на мяжы з Вілейшчынай, але жыў і пахаваны Адам Гурыновіч у нас, на Іжаншчыне. Пасля заканчэння Віленскага рэальнага вучылішча ён паступіў у Санкт-Пецярбурскі тэхналагічны ўніверсітэт, які лічыўся адным з цэнтраў вальнадумства. На светаразуменне Адама Гурыновіча як рэвалюцыянера моцна паўплывалі ідэі пецярбурскай групы «Гоман», што складалася са студэнтаў-беларусаў. Яны выдавалі аднайменны часопіс, які заяўляў пра існаванне беларускай нацыі і яе самастойнасць. У 1893-м Адам Гурыновіч – кіраўнік нелегальнага «Гуртка моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай» – быў арыштаваны і змешчаны ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Выйсці адтуль і вярнуцца пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль, што на Вілейшчыне, удалося толькі з прычыны невылечнай хваробы. У родных мясінах захапляўся этнаграфіяй. Запісваў у ваколіцах бацькоўскай сядзібы беларускія народныя песні. Свае сходы адсылаў знаёмаму этнографу Яну Карловічу ў Варшаву.
Часу на жыццё і творчасць ужо не заставалася… У студзені 1894 года паэт, толькі адзначыўшы свой 25-ты дзень нараджэння, памёр ад чорнай воспы. Ён так і не ўбачыў сваіх твораў у друку. Амаль праз трыццаць гадоў вершы Адама Гурыновіча ўпершыню апублікуе газета «Беларускі звон». Магіла Адама Гурыновіча доўгі час лічылася страчанай. Але калі вілейскія краязнаўцы абследавалі могілкі вёскі Золькі, дзе ёсць магілы роду Гурыновічаў, мясцовыя старажылы і паказалі магчымае месца пахавання – побач з магілай бабулі Адама па матчынай лініі. Цяпер там адноўлены капліца і памятны знак. А недалёка, у вёсцы Старадубава, захавалася панская брычка Гурыновічаў і іншыя рэчы паэта.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота з архіва рэдакцыі