Да гісторыі ў грамадстве сёння адносіны самыя розныя. Хтосьці, знайшоўшы кідкія неадпаведнасці былых тэндэцыйных трактовак гістарычных падзей, пачынае скрупулёзна шамацець архіўнымі даведкамі, супастаўляючы, аналізуючы, робячы свае вывады. І такая дапытлівасць – пахвальная. Чалавеку нельга быць безуважным не толькі да лёсу сваёй сям’і, але і да лёсу цэлага народа, якому ён належыць.
Ёсць людзі раўнадушныя. Ім усё роўна, што за колькі год, дзесяцігоддзяў, стагоддзяў назад дзеялася на іх зямлі. Іх больш хвалюе, што адбываецца сёння. І то ў кантэксце ўплыву на ўласнае самаадчуванне. Таго, магчыма, не пройме землятрус ў далёкай Нігерыі і нават братазабойніцкая вайна ў суседняй Украіне. Паміж гэтымі крайнімі пазіцыямі існуе яшчэ некалькі прамежкавых, так бы мовіць, палавінчатых.
Такі аналітычны кантэкст спатрэбіўся мне, каб праанансаваць нядаўна выдадзены гісторыка-краязнаўчы гадавік «Вілейскі павет». У анатацыі сказана, што ён пазнаёміць з гісторыяй Вілейшчыны. Выданне – своеасаблівая пляцоўка для даследчыкаў, якая дазваляе падзяліцца сваімі адкрыццямі, а чытачам – атрымаць займальнае і пазнавальнае чытанне пра родны край. Укладальнікі гадавіка – Сяргей Макарэвіч і Дзяніс Канецкі. Абодва, дарэчы, аўтары матэрыялаў, змешчаных у выданні. Сяргей даследуе абставіны гібелі сястры Максіма Танка, народнага паэта Беларусі, пахаванай разам з маленькім сынам на Касцяневіцкіх могілках. Вера Скурко пражыла 24 гады, яе маленькі сынок – усяго 2. Сям’я стала, хутчэй за ўсё, ахвярай людской здрады. Але… пакідаю інтрыгу, для чытачоў, якія зацікавяцца гэтым матэрыялам. Абапіраючыся на архіўныя звесткі, гістарычныя выданні беларускіх, расійскіх і польскіх аўтараў, Дзяніс Канецкі і Дзмітрый Хаценчык узнаўляюць абставіны паўстання 1863-1864 гадоў, звязаныя з Вілейшчынай, з родам вядомага ў нашым краі роду Козел-Паклеўскіх, прадстаўнікі якога былі ў ім задзейнічаны.
Дзякуючы гадавіку, вы задаволіце сваю дапытлівасць наконт памятных мясцін былога вілейскага павета, абрадаў і традыцый, роданачальнікамі якіх былі нашы продкі. Аляксандр Зайцаў распавёў пра Варацішаў камень, «велізарны валун званападобнай формы», што ляжыць у цэнтры вёскі Камена, адкрыты для навукі графам Канстанцінам Тышкевічам. Пад час яго вядомай экспедыцыі па рацэ Вілія. А Сяргей Ганчар знаёміць чытачоў з абрадам «пячы ката», што да гэтага часу захаваўся яшчэ ў некаторых вёсках Вілейшчыны.
Пазнавальнае гісторыка-краязнаўчае выданне, па сведчанні Дзяніса Канецкага, аднаго з яго укладальнікаў, у хуткім часе можна будзе набыць у зале выстаў вілейскага краязнаўчага музея. Марыя КУЗАЎКІНА