Народны хор ветэранаў, Народны хор «Любанія», узорная эстрадная студыя «Экспромт» і вакальная група «Бабіна лета» – гэта сапраўдныя культурныя брэнды Вілейшчыны. 2019 год стаў юбілейным для гэтых творчых калектываў.
Юбілейны творчы канцэрт калектываў Вілейскага Палаца культуры, які прайшоў 20 снежня, быў арганізаваны ў рамках акцыі «Зроблена ў Беларусі». У пачатку святочнага мерапрыемства ганаровыя госці свята – начальнік галоўнага кантрольна-аналітычнага ўпраўлення Мінскага аблвыканкама Ягор Сіняк, старшыня Вілейскага райвыканкама Алег Бегунец і старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Чабатар – адзначылі ганаровымі граматамі і падзякамі віляйчан, што актыўна праяўлялі ў гэтым годзе сваю грамадзянскую і жыццёвую пазіцыю на карысць развіцця Вілейскага раёна, а таксама шчырыя словы віншаванняў выказалі творчым калектывам за іх вялізны ўнёсак у развіццё і захаванне самабытнай культурнай і песеннай спадчыны раёна: Народнаму хору ветэранаў (кіраўнік Уладзімір Навуменкаў), Народнаму хору «Любанія» (кіраўнік Андрэй Дударчык), Узорнай эстраднай студыі «Экспромт» (кіраўнікі Нэлі і Алег Зайцавы), а таксама вакальнай групе «Бабіна лета» (кіраўнік Сяргей Рудніцкі). Кожны з гэтых калектываў добра вядомы і любімы не толькі на Вілейшчыне, але і за яе межамі. Усім разам, на чацвярых, ім спаўняецца 130 гадоў! І за кожным з гэтых калектываў стаіць вялікая творчая і жыццёвая гісторыя іх стваральнікаў і кіраўнікоў, а таксама соцень удзельнікаў – людзей апантаных і таленавітых.
Народны хор ветэранаў
Трыццаць гадоў існуе Народны хор ветэранаў, які станавіўся неаднаразовым лаўрэатам і дыпламантам рэспубліканскіх і абласных конкурсаў і фестываляў. І ўвесь гэты час ён жыве цікавым творчым жыццём: з маленькімі і вялікімі перамогамі, з ўзлётамі і памкненнямі да новых вышынь, з упартай няпростай працай дзеля кожнага з гледачоў і прыхільнікаў калектыву. А пачыналася ўсё ў 1989 годзе, калі ў выніку зліцця жаночай і мужчынскай вакальных груп нарадзіўся новы хор. Амаль праз год яму было прысвоена ганаровае званне «Народны». Гэта была дастойная ацэнка іх песеннага майстэрства і высокага прафесіяналізму кіраўніка і стваральніка хору Аляксандра Іванавіча Махнача. Гэта быў чалавек, закаханы ў песню і ў людзей. Шмат гадоў на чале калектыву працавала і Зоя Стэфанаўна Наўрось, якая была нязменнай старастай хору, яго сэрцам, яго маторам. Светлая памяць пра іх і тых, хто ў розныя гады спяваў у хоры, а на пачатку яго стварэння гэта былі і шматлікія ветэраны вайны, свята захоўваецца ў калектыве і зараз. Творчыя традыцыі папярэднікаў зараз працягвае кіраўнік і канцэртмайстар хору Уладзімір Навуменкаў. Поспех калектыву – гэта вынік велізарнай працы яго ўдзельнікаў. Штодзённыя рэпетыцыі, пастаянныя пераносы сваіх неадкладных хатніх спраў, забыццё на любімую дачу – і ўсё гэта дзеля свайго хору… І нездарма старшыня Вілейскай раённай арганізацыі ветэранаў Ганна Шэпелева асабліва адзначыла, што хор ветэранаў – гэта творчы брэнд і візітная картка не толькі Вілейкі, але і раёна. Вельмі шчырыя і цёплыя словы ў адрас юбіляраў выказала дырэктар Цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч, чыя матуля таксама з’яўлялася салісткай хору ветэранаў.
Народны хор «Любанія»
«Любанія», – калектыў са сваім асаблівым творчым почыркам, з віртуозным валоданнем вакальным мастацтвам, з непаўторным каларытам народнай песні. Гэта старэйшы калектыў нашага раёна, які на працягу паўвека радуе сваёй творчасцю віляйчан і гасцей. Яго не раз параўноўвалі з Дзяржаўным хорам Беларусі, бо той прафесіяналізм і багаты песенны рэпертуар, якім вызначаўся хор на працягу мінулых гадоў, быў насамрэч дастойны галоўных рэспубліканскіх сцэн. Калектыў быў створаны ў далёкім 1969 годзе ў Любані і яго першым кіраўніком быў Уладзімір Ганчарык. Затым у Любанскі Дом культуры тагачасны усесаюзна вядомы кіраўнік гаспадаркі Яўген Мірановіч запрасіў дырэктарам Аляксандра Махнача, які і ўзначаліў хор. З 1997 года з калектывам працаваў Анатоль Шагаў, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь. Менавіта пры Анатолі Аляксандравічу калектыў атрымаў сваё найвышэйшае развіцце, узбагаціў песенны рэпертуар. Калектыў з’яўляўся неаднаразовым лаўрэатам абласных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў, яго віталі бурнымі апладысментамі слухачы дзясяткаў краін замежжа. Народны хор «Любанія» заўсёды жаданы і ганаровы госць на святах і розных мерапрыемствах абласнога і раённага ўзроўню, годна выступаў у Палацы прафсаюзаў, на рэспубліканскіх і абласных Дажынках. Пачынаючы з 2012 года кіраўніком хору з’яўляецца Андрэй Дударчык, які з’яўляецца прадаўжальнікам традыцый калектыва. Народны хор «Любанія» ведаюць і любяць у раёне, вобласці і за іх межамі – усюды, дзе выступаў і выступае калектыў, гучаць гучныя і працяглыя апладысменты. У народжаных яго творчасцю песнях спявае сама душа, душа вілейскага краю…
Узорная эстрадная студыя «Экспромт»
Стваральнікамі і нязменнымі кіраўнікамі студыі, якая выгадавала шматлікіх зорак вілейскай, беларускай і замежных сцэн, з’яўляюцца Алег і Нэлі Зайцавы. Узорная эстрадная студыя «Экспромт» – вялікі зладжаны творчы і чароўны механізм, які ператварае іскрынкі ў вялікае зорнае неба юных талентаў. Разнастайнае і шматграннае творчае жыццё «Экспромта» – гэта выступленні, паездкі, гастролі. Калектыў – неаднаразовы пераможца абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў. Няпросты шлях да сэрцаў і душ дзяцей, асабліва тых, якія толькі пачынаюць свой творчы шлях, але Алег і Нэлі Зайцавы з лёгкасцю знаходзяць падыход да кожнага. Таму дзясяткі вядомых вілейскіх выканаўцаў шчыра ўдзячны за педагагічны талент, прафесіяналізм, любоў да дзяцей і да музыкі сям’і Зайцавых.
Вакальная група «Бабіна лета»
Вось ужо 20 гадоў гэты калектыў апантанных і няўрымслівых выканаўцаў працуе, як адзіны, добра адладжаны механізм. Кажны ўдзельнік калектыву да фанатызму адданы любімай справе і працуе ў імя захавання песні… І ўсе 20 гадоў калектывам кіруе яго стваральнік і нязменны кіраўнік Сяргей Рудніцкі. Удзельнікі «Бабінага лета» аб’ездзілі, без перабольшвання, увесь Вілейскі раён з канцэртамі і праграмамі, не забываючыся нават пра самыя маленькія і аддаленыя вёсачкі. І ўсюды іх чакаюць з нецярпеннем, а сустракаюць з радасцю! Бо іх шчырасць і творчы запал заслугоўвае вялізнай любові гледачоў і прызнання за тое, што яны, нягледзячы на надвор’е і пару года, заўжды дораць людзям свята! І кожны раз, а бывае без перапынку, тыдзень за тыднем, на зімовыя і вясновыя святы, падчас касавіцы і ўборачнай, удзельнікам калектыву «Бабіна лета» атрымоўваецца сваімі песнямі дадаць у жыццё віляйчан цяпло і радасць. Калектыў мае жаночае аблічча, але сваю разынку ў яго каларыт уносяць не меньш таленавітыя і абаяльныя мужчыны.
Доўгіх гадоў творчага жыцця кожнаму з калектываў, удзячных слухачоў і апантанасці да яе вялікасці Песні! А святочны торт ад майстроў вілейскага хлебазавода, кіраўніцтва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і Палаца культуры разам са шчырымі словамі стаў запамінальным фінальным момантам свята.
Сяргей ГАНЧАР