Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Чарадзейка» Юліі Нявейкі

«Чарадзейка» – так назвала выставу сваіх жывапісных твораў, урачыстае адкрыццё якой адбылося ў выставачнай зале вілейскага краязнаўчага музея, мастачка са Смалявіч Юлія Нявейка.

Рамантыка маладой душы, яе здзіўленне перад нечаканымі праявамі свету, дадзенымі творцы ў адчуваннях, настроі, перажываннях – такі агульны фон, на якім ствараліся жывапісныя палотны мастачкі. Рэальныя жаночыя абліччы ў містычным асяроддзі, сярод сімвалаў творчых фантазій аўтара… Хочацца глыбока ўглядацца ў іх, імкнучыся спасцігнуць аўтарскую задуму, якая не заўсёды выкладзена на паверхні. І не таму, што мастачка наўмысна вуаліруе яе. Такое яе ўспрыняцце свету, у якім фарбы густыя і насычаныя – ні то колерамі світальнага неба, ні то водбліскам зарападу… Здаецца, яны самі па сабе нараджаюць гукі, што можна смела класці на музыку.

Успамінаецца «Сімфінія сонца» Чурлёніса – карціна, якая літаральна ажывае гукамі пад патокам сонечных промняў, якія нахлынулі на палатно. Вось і ў Юліі Нявейкі – свая музыка. Мелодыя вернутай надзеі – у «Ператварэнні». Юнак і дзяўчына, воляю нябёсаў ператвораныя ў птушак, лунаюць над марской хваляй, той, што аднойчы разлучыла іх і пасля паяднала ўжо ў абліччы зімародкаў. Менавіта іх легенда надзяляе рысамі вечна жывога кахання, над якім мае літасць само Неба.

Прэзентуючы публіцы свае працы, мастачка прызнаецца, што яе карціны напісаны для жанчын. Таму што маюць у сваёй сюжэтнай аснове жаночыя вобразы, гарманічныя, чароўныя, таемныя. Таму што мастачка імкнецца адчыніць у сваіх творах свет такім, якім яны яго бачаць, якім успрымаюць, якім захапляюцца, несучы гэтыя адчуванні і эмоцыі ўнутры сваіх сэрцаў. Юля прызнаецца, што вельмі любіць пісаць партрэты, «лавіць характары». Некаторыя з іх пасля пераўвасабляюцца, становячыся героямі міфічных і былінных сюжэтаў. Так на стыку казачнага і рэальнага нараджаюцца пасля фантастычныя творы.

У сюжэтнай канве карцін часта можна сустрэць вобраз Ворана, заўсёды містычны, звязаны з пэўнымі, часта негатыўнымі, алегорыямі. Толькі ў Юліі гэта выява птушкі ў асноўным мае пазітыўны сэнс. Як сімвал мудрасці, справядлівасці, прадвызначэння нейкай непазбежнасці, якой надзяляе чалавека лёс. Мастачка прызнаецца, што любіць маляваць Ворана. Як і незвычайныя кветкі, месяц, фантастычны свет, поўных загадак і чараў, такі даходлівы і такі зразумелы для ўразлівай жаночай душы.

Масляны жывапіс, акварэль, туш… Мастак Эдуард Мацюшонак называе формы выяўлення творчай манеры аўтара, захапляецца пошукавай актыўнасцю мастачкі. Канстатуе эмацыянальную апантанасць калегі і адчуванне незабыўнай святочнасці моманту, якую Юлія Нявейка падарыла ўсім наведвальнікам прэзентацыі.

Марыя КУЗАЎКІНА/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 186 queries