Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Бярозавы карагод

Ні ў адным двары не знойдзеш вось такога дзіўнага “бярозавага карагода”, як у маім родным дворыку па вуліцы Камарова. А за маёй спінай дом, дзе жыў выдатны чалавек, дзякуючы якому і з’явіўся гэты цуд. Я гавару пра нашага земляка, вядомага беларускага паэта Івана Лашутку. 1 верасня споўнілася роўна 10 год, як ён адыйшоў у вечнасць. Хацелася б яшчэ раз ўспомніць цудоўнага чалавека, беларускага паэта, публіцыста і настаўніка.

Нарадзіўся Іван Іосіфавіч у вёсцы Баяры ля Ільі. Працаваў адказным сакратаром газеты палітаддзела Ільянскай МТС. Закончыў філалагічны факультэт БДУ. Пасля вучобы прыехаў працаваць у Латыгаль, дзе і сустрэў сваё каханне – прыгожую з вялікімі карымі вачыма дзяўчыну Веру. Маладыя пажаніліся і пражылі душа ў душу на працягу 44 гадоў. У 1971 годзе сям’я пераехала ў Вілейку, дзе Іван Іосіфавіч працаваў інспектарам у аддзеле народнай адукацыі, а потым амаль 20 гадоў – у Вілейскай СШ № 3 настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Яго творы друкаваліся ў розных выданнях: “Маладосць”, “Настаўніцкая газета”, “Літаратура і мастацтва”, “Шлях Перамогі” і іншых. Яму належаць зборнікі вершаў “Свята дваіх” (1992), “Край верасоў” (2000), “Святло слова” (2003). У 1996 годзе нашага земляка прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Песня “Край мой верасовы” на яго словы, якія паклаў на музыку Аляксандр Высоцкі, часта гучыць у радыёэфіры і на розных мерапрыемствах. Яна стала своеасаблівым гімнам Вілейшчыны. Імя Івана Іосіфавіча Лашуткі занесена ў кнігу “Памяць”. У 2013 годзе каля нашага дома быў устаноўлены памятны знак паэту. У сілу свайго ўзросту я не магла быць сведкам, калі і пры якіх абставінах быў пасаджаны дзіўны “бярозавы карагод”, таму я звярнулася з гэтым пытаннем да жонкі пісьменніка – Веры Уладзіміраўны. І вось што яна мне расказала: “ Іван Іосіфавіч вельмі любіў прыроду. Дзе б ён не пражываў, стараўся ўпрыгожыць двор кветкамі, кустамі, дрэвамі. А вакол нашага дома, калі яго засялілі ў 1973 годзе, вядома, нічога не было. Нават трава не расла. І тады Іван Іосіфавіч разам з настаўніцай, якая вяла танцавальны гурток у СШ № 3 – Палінай Міхайлаўнай Грыбоўскай і вучнямі гэтай школы, якіх, дарэчы, тады многа пражывала ў дамах №№ 5,9 па вуліцы Камарова, вырашылі пасадзіць не проста бярозкі ў двары, а размясціць іх як бы у танцавальным карагодзе. Бярозкі ўжо выраслі і цяпер яны радуюць усіх, хто тут жыве і хто праходзіць міма. Яны, як жывыя, ў зялёных сарафанчыках,усміхаюцца сонцу, людзям.” Вось такая дзіўная гісторыя ў нашага цудоўнага “бярозавага карагода”.

З далёкіх і няведамых дарог,

Куды б мяне мой ветразь  ні занёс,

Спяшу к табе, бацькоўскі мой парог,

Маё прычасце, мой шчаслівы лёс.

Бо ведаю, што сок тваіх бяроз

Мне сілы дасць на яве, а не ў сне.

Рунь, не згарэўшая ў сіверны мароз, –

Упэўненасць у будучай вясне.

Але парой ахоплівае страх,

Не за сябе – за ваш дзіцячы звон:

А ці сагрэе вас на скразняках

Панельны наш нічый агульны дом?…

Вершы гэтыя Іван Лашутка прысвяціў той сціплай, зялёнакосай бярозцы, што была для яго сімвалам бацькоўскага дома, сімвалам Радзімы. І не нічый сёння панельны дом, бо ён сагрэты цяплом душы паэта.

Валерыя КАБАК,  вучаніца 7 “А” класа Вілейскай гімназіі № 2

/emimg class=»alignnone size-full wp-image-34704″ src=»https://www.peramoga.by/wp-content/uploads/2014/09/IMG_6445.jpg» alt=»» width=»409″ height=»300″ /

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 132 queries