Знакамітая ва ўсім свеце майстар аўтарскіх ляляк, мастак і дызайнер – пра непарыўную сувязь з Вілейкай, старадаўні дом продкаў і асаблівую аўру горада.
Ганна Балаш – сусветна вядомая мастачка, дэкаратар, дызайнер, майстар аўтарскіх лялек, мастак па касцюмах і адданая віляйчанка. З Ганнай мы знаёмы даволі даўно, але напісаць пра яе здарылася толькі зараз. Чаму так? А таму, што пра яе вельмі складана расказаць у невялікім артыкуле, бо кожная новая сустрэча з ёй дае ўспрыманне пачуцця сустрэчы з вельмі знаёмым і быццам бы зусім незнаёмым чалавекам. Бо кожны раз ты адкрываеш у ёй нешта новае. Такая шматгранная, шырокая і бязмежная гэта асоба і як творца, і як чалавек. Яе хапае на ўсё: на мастацтва, на сям’ю, на сяброў, на дабрачыннасць і проста на паўсядзённасць. Усе гэта не высакапарныя словы – гэта Ганна Балаш.
Знакамітая віляйчанка Ганна Балаш, а яна лічыць сябе менавіта тутэйшай, нарадзілася ў Мінску. Яе бацька – Балаш Яраслаў Сцяпанавіч, інжынер-дарожнік, маці – Нячай Вольга Фёдараўна, знакаміты кінакрытык, мастацтвазнаўца. А яе дзядуля Фёдар Нячай – заснавальнік кафедры антычнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. І хоць Ганна Балаш мінчанка, але ў яе вілейскія карані. У дзяцінстве яна часта бывала ў бабулі з дзядулем у Вілейцы. Як і зараз, па магчымасці, усе вольныя выхадныя любіць прыязджаць сюды ў старадаўнюю хату продкаў.
Ганна Балаш скончыла тэатральна-мастацкі інстытут, потым працавала мастаком па касцюмах ў кінавытворчасці, зараз яна прызнаны майстар аўтарскіх лялек. Ганна не асабліва любіць слова «творчасць», у прынцыпе, як і «мастацтва». Тое, што робіць, называе цяжкай працай. І зусім не шануе новыя тканіны, а калі набывае што-небудзь новае ў краме, то гэты набытак чакае нешта незвычайнае: яна можа вышыць на ім аплікацыю, успамінаючы пры гэтым усе вершы, што ведае на памяць, а можа расстраляць яго з пнеўматычнай вінтоўкі. Або ўжыць свой упадабаны прыём, які ўпершыню быў апрабаваны на здымках гістарычнага фільма Віктара Шавялевіча «Пастка для зубра», дзе Ганна была мастаком па касцюмах. Калі з пашыўкі прынеслі касцюмы, яна ледзь не заплакала, хаця яны былі новыя і шыкоўныя.
– На той час я разумела, што мне адсякуць галаву, калі я ўсіх апрану ў гэтыя касцюмы. Гэтага дапусціць ніяк не было магчыма. Таму, калі рэжысёр пайшоў абедаць, я звязала рэчы ў вяроўку даўжынёй у 20 метраў, прывязала да машыны і так гадзіну ездзіла па пыльным полі. І атрымала тое, што было патрэбна.
Цяпер Ганна адзін з самых вядомых і прызнаных майстраў аўтарскіх лялек. Яе мінская майстэрня знаходзіцца недалёка ад Камароўкі. Гэта сваеасаблівыя пакоі, дзе ты адчуваеш сябе ў іншым свеце, хаця за вокнамі бурлівы горад. Як прызнавалася сама Ганна:
– Самая вялікая прыемнасць у маёй папулярнасці – гэта тое, што на Камароўскім рынку мяне ніхто ніколі не абвешвае. Нават, часам пару сотняў грамаў зверху дададуць. Сваіх «пастаянных прадаўцоў» заўжды запрашаю на выставы. Я ўвогуле люблю рынкі, там нейкае сапраўднае жыццё. Таму заўжды, будучы ў Вілейцы, хаджу на мясцовы рынак.
Майстэрня Ганны Балаш насычана шматлікімі рознымі рэчамі, якія вельмі яскрава апавядаюць пра яе. Гэта і старыя рарытэтныя, антыкварныя рэчы, што сведчаць аб павазе да мінулага, аб адчуванні цеплыні чалавечых рук у самаробных вырабах. Гэта і чорна-белыя фотаздымкі родных і блізкіх, аўтарскія карціны і лялькі. Нават посуд і келішкі вельмі каларытныя і кожны з гісторыяй… Хаця Ганна аддае перавагу сваёй майстэрні ў Мінску, але па неабходнасці яна часта працуе ў розных іншых гарадах – Лондане, Кіеве, Шанхаі… Аднак, усё роўна, выканаўшы працу, заўжды імкнецца ў старадаўнюю векавую хату продкаў, у Вілейку.
У 2013 годзе ў нашым горадзе была арганізавана персанальная выстава Ганны Балаш, якая пазнаёміла віляйчан з аўтарскімі лялькамі і карцінамі мастачкі. Вось што ўспамінае Ганна пра тую выставу:
– Гэта, напэўна, была самая адказная для мяне выстава за маё жыццё, таму што тут, у сваім родным краі, перад сваімі роднымі людзьмі, нельга схавацца, нельга нічога прыдумаць: ты стаіш такая, якая ёсць. Тут усе цябе ведаюць з зусім малога ўзросту.
Сапраўды, куды цяжэй прадстаўляць сваю творчасць родным, блізкім і знаёмым, чым у сталічных і замежных галерэях.
Лялькі Ганны Балаш знаходзяцца, а лепш сказаць – жывуць, у прыватных калекцыях у Англіі, Амерыцы, Францыі, Маскве, Таліне, Шанхаі, Мадрыдзе, Берліне, Лондане, а таксама ў прэстыжных галерэях ды музеях свету. Кожную аўтарскую ляльку Ганна Балаш стварае ад некалькіх месяцаў да года, прычым нават самая нязначная дэталь прадумваецца вельмі старанна. Кожная лялька Ганны Балаш асаблівая, індывідуальная і да таго ж мае ўласнае незвычайнае імя. Галовы лялек робяцца з фарфору і кожная з іх апранаецца ў сапраўдныя касцюмы. Кожная лялька – цікавы аповед з маляўнічым сюжэтам, а чаго толькі каштуюць гісторыі, што захоўваюць касцюмы яе лялек. Тканіны для іх Ганна набывае за мяжой падчас выстаў – і аддае перавагу тканінам з цікавымі гісторыямі. Прычым стварэнне новай лялькі напрамую залежыць ад наяўнасці неабходных тканін. Напрыклад, у касцюме адной з лялек ёсць кавалачак сукенкі легендарнай Любові Арловай, на другой – элемент насоўкі дзяўчыны, якую ведаў сам Клод Манэ, ці пер’е з майстэрні, дзе робяць галаўныя ўборы для знакамітага кабарэ «Мулен Руж». У сукенках лялек можна ўбачыць культавыя карункі 19-га стагоддзя з Эйфелевай вежай, якія стварыў адзін з першых у гісторыі моды куцюр’е Чарльз Ворт, або карункі з настольніка, які зрабіла сама бабуля Ганны. Есць сукенка з серыяла BBC «Джэйн Эйр», якую падчас выставы ў Англіі падарылі Ганне супрацоўнікі брытанскага тэлеканала. Сярод аксэсуараў на аўтарскіх ляльках могуць быць упрыгажэнні з чарапкоў, прывезеныя з раскопак у Херсонесе дзядулем Ганны. А часта розныя цікавыя рэчы і кавалачкі тканін прыходзяць да мастачкі самі. Адзін выпадак наогул надзвычайны. У канцы Другой сусветнай вайны амерыканскі салдат купіў у Парыжы для сваёй нявесты вельмі дарагую сукенку «ад куцюр». І калі ён вярнуўся ў свой тэхаскі гарадок, пайшоў сватацца з сукенкай на шастку, як са сцягам. У ім дзяўчына і выйшла замуж, а потым, ужо ў сталым узросце, убачыла на фотаздымку адну з лялек Ганны Балаш і перадала мастачцы сваю сукенку – з Амерыкі ў Беларусь.
Ганна Балаш сапраўды ўкладвае ў свае работы душу: лялька нараджаецца, бы дзіця. Мастачка сама шые для лялек, сама ім прыдумляе лёс, складае казкі і распавядае іх дзецям на выставах. На аўтарскіх ляльках прынята ставіць парадкавыя нумары, але Ганна аддае перавагу ўшываць ім сэрцы. У кожную з лялек яна абавязкова ўшывае сэрца з шоўку, аксаміту ці кардону з маленькай запісачкай ўнутры: добрае пажаданне, выразы маленькіх дзяцей або мелодыя, запісаная нотамі на паперы… Тое, што ў запісцы,– таямніца, але гэта абавязкова нешта добрае і светлае. І, дарэчы, ніводнай падобнай лялькі няма.
Імя Ганны Балаш стала брэндам, а яе працы купляюць не толькі міністры і паслы, бізнесмены і сваякі Вірджыніі Вулф, але і звычайныя людзі, а часам атрымліваюць іх і ў падарунак.
Ганна як чалавек, які вельмі тонка адчувае кожнага, вельмі паважліва ставіцца да цяжкасцей і радасцей, яна не можа абысці і дзіцячыя цяжкасці, якія лёс часам надае ім больш, чым дарослым. Ганна з’яўляецца валанцёрам дзіцячага хоспісу. Не так даўно ў вялікім старадаўнім куфры яна прывезла ў беларускі дзіцячы хоспіс пяць унікальных аўтарскіх лялек, каб падараваць хворым дзеткам казку. Па словах Ганны, жыццё нярэдка дорыць сюрпрызы, і далёка не заўсёды – прыемныя, таму,каб спраўляцца з цяжкімі этапамі, трэба прыдумляць казку. Верыць у яе, і яна абавязкова пяройдзе ў рэальнасць. Напрыканцы сустрэчы Ганна падаравала дзеткам ляльку-каралеву ў сукенцы з англійскага шоўку і меднай каронай на галаве. Ганна плануе ладзіць сустрэчы для мам дзетак з хоспіса, якія зацікавіліся ў стварэнні казкі сваімі рукамі. Калі Ганна бачыць дзяцей, яна не можа адарваць ад іх вачэй.
– Я люблю тое, як размаўляюць дзеці, як яны выкарыстоўваюць пацешныя, прыдуманыя імі, словы. І вельмі іх разумею! Неяк узімку на вуліцы мама цягнула сына за руку, а ён сказаў: «Мама, колькі снегу «намело-набело». Гэта ж паэзія! У мяне ёсць лялька з такой запісачкай ў сэрцы. Кожнае дзіця – гэта сусвет, гэта іскрынка, праменьчык.
Падчас нашай сустрэчы з Ганнай Балаш у яе ўтульным доме ў Вілейцы я не мог не запытацца, што для яе Вілейка?
– Я адчуваю, што тут са мной нічога дрэннага не можа здарыцца. Гэта часцінка мяне. Мне ўсё тут падабаецца: людзі, прырода, я вельмі люблю вілейскі квас, хлеб, тварог, мінералку, мясцовы рынак, – словам,усё… Вілейка мае асаблівую аўру, яна для мяне – як сябар, як радзіма, якім нельга здрадзіць. Бо радзіма для мяне – сябры, а сябры – радзіма. Я тутэйшая…
Сяргей ГАНЧАР.
Фота з архіва рэдакцыі