Некалі на вуліцы, дзе жыла прабабуля, раслі шматгадовыя ліпы – у тры дзіцячыя абхваты. У ліпені, калі зеляніна дрэў ужо губляе вясновую сакавітасць і змяняе аксамітна-зялёны колер на больш цёмны, праз разлапістыя іх галіны адмысловым чынам падала сонечнае святло. Найбольш прыкметнай гэта гульня святла і ценяў была позняй раніцай. А гадзінай пазней, калі сонца ўжо знаходзілася ў зеніце, хараство знікала. Пад прыкрыццем ценю двор станавіўся самым звычайным, губляючы зачараванне моманту…
Як злавіць момант, прадоўжыць яго жыццё? Гэты сакрэт вядомы мастаку, выстава якога адкрылася ў мінулую пятніцу ў зале выстаў Вілейскага краязнаўчага музея, – Аляксандру Грышкевічу. Пейзаж-эцюд – у такім жанры піша ён, ловячы пэндзлем няўлоўны момант і стан асяроддзя. Чым адметны гэты жанр?
– Гэта натурны пейзаж, які пішацца з натуры і ў пэўным месцы, у пэўную пару года, у пэўную часіну сутак – вечар або дзень, і пішацца не больш за дзве гадзіны, – пасвячае ў дэталі мастак. – Гэта патрабуе поўнай канцэнтрацыі. Калі надвор’е змянілася – усё, значыць, не паспеў, як кажуць, прыходзьце ў наступны раз. А заўтра можа быць зусім іншае.
Аляксандр Грышкевіч прызнаецца, што ў яго майстэрні шмат такіх эцюдаў, якія з-за хуткай змены стану наваколля не паспеў скончыць. Таму пленэрныя эцюды (якія ствараюцца на адкрытым паветры) маюць невялікі памер. Вялікі, па словах мастака, працаёмкі: залажыў палатно фарбай – і адразу ж знік патрэбны стан. «Пацягнула», як сказаў Аляксандр Грышкевіч, на адкрытае паветра яго не так даўно – дзесьці з пяць год таму. Раней пейзажы ён ствараў у майстэрні. Таму работы таго перыяду больш карцінныя, традыцыйныя. Працуючы на адкрытым паветры, можна правесці ўвесь дзень у пошуках патрэбнай мясціны, прайсці шмат кіламетраў і вярнуцца дадому ні з чым. А вярнуўшыся, знайсці тое, што шукаў, якраз побач з домам. І не таму, што дрэнна шукаў, а таму, што трэба было прайсці ўвесь гэты шлях, каб знайсці. Не прайшоў – не адшукаў бы.
Аляксандр Грышкевіч – удзельнік шматлікіх выстаў, якія праводзіліся ў розных краінах свету. Адна з такіх праходзіла пад патранажам беларускага пасольства ў Францыі ў Цэнтры П’ера Кардэна.
– Прыходзіў і Барыс Забораў – наш вядомы мастак, які жыве ў Парыжы, – узгадвае падчас нашай размовы Аляксандр Іванавіч. – Проста выставіцца ў такім месцы – гэта не кожны месяц бывае. А самая галоўная выстава ў мяне праходзіць тут, у Вілейцы. Чаму не? Адсюль родам мой прадзед і дзед – час аддаваць даўгі.
Вілейка, па прызнанні мастака, яму падабаецца. У свой час яго бацькі стаялі перад выбарам: дзе пабудаваць дом – тут або ў Маладзечне? Выбралі другі варыянт – і толькі з-за наяўнасці чыгункі, бо было зручна дабірацца да родзічаў, якія жылі ў Вільнюсе і ў Мінску.
Не так даўно – у верасні-кастрычніку – вялікая выстава прайшла ў Мінску. Там выстаўлялася яго работа – «Зямля». Потым яна экспанавалася на трэцяй беларускай б’енале жывапісу, графікі і скульптуры і атрымала прыз глядацкіх сімпатый. І Аляксандр Грышкевіч вельмі хацеў паказаць яе землякам. На жаль, з-за вялікага памеру – тры з паловай метры – гэта работа не змясцілася б у выставачнай зале нашага музею, таму і не экспануецца. Але ўжо тое, што, хоць і невялікая, але свая экспазіцыйная зала ў Вілейцы ёсць, вартае многага. А работы з аўтарскай калекцыі мастака вартыя таго, каб убачыць іх і адчуць хараство няўлоўнага моманту, які знайшоў адбітак на яго карцінах.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара
Аляксандр Грышкевіч прызнаецца, што ў яго майстэрні шмат такіх эцюдаў, якія з-за хуткай змены стану наваколля не паспеў скончыць
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ