Кожная вёска Вілейшчыны, дзе месцяцца хрысціянскія храмы, мае сваё прыстольнае свята, што спрадвеку збірала жыхароў мясцовасці на фэст і супольную малітву за родных і сваю малую радзіму.

Альковіцкая парафія мае шматвекавую гісторыю, пачынаючы з таго часу, як тут у альховым гушчары быў знойдзены цудатворны абраз Маці Божай і пабудаваны драўляны касцёл.
Яшчэ да вайны мясцовая парафія ў Альковічах налічвала больш за 4500 вернікаў. Зараз навакольныя вёскі маюць значна менш насельніцтва, але яно, як і раней, адданае веры. Доказ гэтаму – штогадовая парафіяльная ўрачыстасць ў Альковічах, якая адзначаецца на свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, у гонар якога і асвечаны касцёл. З гэтай падзеі 1 чэрвеня сотні вернікаў сабраліся тут на святую Імшу.

Самі Альковічы ўражваюць кожнага, хто наведвае гэту вёску: галоўная яе перліна – велічны касцёл, пабудаваны ў стылі неаготыкі, да таго ж паморска-скандынаўскай неаготыкі, а такія храмы толькі два на Беларусі. Шыкоўныя вітражы, старажытны алтар з цудадзейным абразом Маці Божай Альковіцкай, велічнае ўнутранае ўбранства касцёла, а таксама навакольная архітэктура суседніх вёсак, дзе захаваліся рэшткі былых панскіх сядзіб роду Багдановічаў, Бароўскіх, Козел-Паклеўскіх. Тут усё дыхае гісторыяй. Свой унёсак у захаванне мясцовай святыні і гістарычнай памяці ўжо дванаццаць год робіць мясцовы святар ксендз Анатоль Парахневіч. Яго намаганнямі адрэстаўраваны шматлікія векавыя абразы ў касцёле, папаўняецца багацейшая калекцыя тканых вырабаў, а таксама сялянскіх прылад і кананічных рэчаў, што месцяцца ў музеі пры касцёле. Ксендз Анатоль змог наладзіць сувязі са шматлікімі прадстаўнікамі шляхецкіх родаў, што спрадвеку жылі на Вілейшчыне і якія перадалі яму шмат дакументаў і копій цікавых фотаздымкаў з гістарычнымі краявідамі нашай мясцовасці.

Сярод шматлікіх гасцей і прыхаджан, што сабраліся на свята ў Альковічы, былі сябры-ксяндзы з блізкіх і далёкіх парафій: ксёндз Сяргей Сурыновіч з Друі, што ўзначаліў святочнае набажэнства ў Альковічах у гэты дзень, ксёндз Юрый Быкаў з Радашковіч, які з’яўляецца віляйчанінам і даўнім сябрам альковіцкай парафіі, айцец Уладзіслаў з Каменя Валожынскага раёна, айцец Томаш з Лагойска, ксёндз Уладзіслаў, айцец Войцех, а таксама благачынны Вілейскай царкоўнай акругі іераманах Аляксандр, які пэўны час служыў разам з ксяндзом Анатолем у Ракаве і з’яўляецца яго даўнім сябрам.

У сваёй прамове да прыхаджан ксёндз Анатоль адзначыў, што ў гэтым годзе спаўняецца 105 год з часу напісання абраза Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі для алтара альковіцкага касцёла. І гэта вельмі важна, каб нашыя святыні захоўвалі тыя намоленыя абразы, якім стагоддзямі пакланяліся нашы продкі – гэта аплот Веры і Надзеі, гэта нашы спрадвечныя рэліквіі.
Шлях да Бога ў кожнага розны, але галоўнае, каб ён быў шчыры і праходзіў праз нашы душы.
Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара













