Хто быў сёлета на раённых Дажынках у Лыцавічах, той, напэўна, застаўся пад прыемным уражаннем ад убачаннага. Свята прайшло з размахам, добрымі канцэртнымі праграмамі і са шчырай удзячнасцю аграрыям. Тут было на што паглядзець і чым захапіцца.
Многія, думаецца, звярнулі ўвагу на падвор’е «Сувораўскае» ААТ «Вілейскі райаграсэрвіс» і на экспазіцыю “Мастацкая лаўка”, прадстаўленую тут. Што ні кажы, а гістарычна-творчая тэма – гэта нешта асаблівае. Узнікла заканамернае пытанне: з якой нагоды прадстаўлены гэтыя тры карціны, хто іх аўтары? І вось што ўдалося высветліць.
Ідэя закрануць гістарычную тэму нарадзілася ў бухгалтара ААТ “Вілейскі райаграсэрвіс” Дзіны Жаўток.
– Мне заўсёды хацелася звярнуць увагу на тое, наколькі таленавітыя і творчыя людзі працуюць і працавалі ў сельскай гаспадарцы, – расказала Дзіна Вітальеўна. – Аўтары трох карцін, якія былі ў “Мастацкай лаўцы”, – людзі, якія ўсё жыццё адпрацавалі на зямлі. Так, партрэт Суворава напісаны былым жывёлаводам колішняга калгаса імя Суворава Якавам Занкевічам, які зараз жыве ў вёсцы Камары (для тых, каго цікавіць паходжанне назвы гаспадаркі: у гэтых мясцінах, як успамінаюць старажылы, некалі былі сувораўскія лагеры).
Палатно майстар у свой час падарыў старшыні калгаса, ад якога партрэт перайшоў ужо наступнаму кіраўніку гаспадаркі. І так далей. Другая карціна, на якой мы бачым царкву, намалявана маім бацькам, Віталем Шавялёвым, які ў свой час таксама кіраваў гаспадаркай. Было і ў яго такое хобі – пісаць карціны. І трэцяя карціна – з прыродай – належыць яшчэ аднаму творчаму чалавеку – Аляксею Шкету, які жыў у Малюнах. На жаль, ні яго, ні майго бацькі няма на гэтым свеце. Але жывуць іх цудоўныя творы, якія ствараюць людзям настрой. Прыемна, што і нашчадкі творцаў таксама нераўнадушныя да мастацтва. Так, на Дажынках дэманстравалі свае творы ўнук Якава Занкевіча Андрэй, які захапляецца камп’ютарнай графікай, і мая ўнучка Ксенія, якой гены творчасці перадаліся, напэўна, ад прадзядулі.
Ксенія і яе сяброўка Валерыя Сыракваш былі гаспадынымі падворка. Так што не перарываецца повязь пакаленняў. Дарэчы, за экспазіцыю “Мастацкая лаўка” мы ўдастоены граматы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якую нам уручыла дэпутат Ірына Супрановіч. Лепшым на раённым свяце прызналі і наш каравай.
Дачка чалавека ад зямлі і яе адданага сына, Дзіна Вітальеўна і сама ніколі нават не думала пра гарадское жыццё. У 1983 годзе прыйшла яна працаваць дыспетчарам у тагачасны калгас імя Суворава. Вернай сваёй справе і роднай зямлі застаецца і па сёння, працуючы бухгалтарам ААТ “Вілейскі райаграсэрвіс”.
– Бацька майго таты, мой дзядуля, загінуў у час вайны, – прыгадала Дзіна Вітальеўна. – Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, тата без праблем мог пайсці вучыцца на ваеннага. Ды ён зрабіў такі выбар: “Я не хачу ваяваць, хачу вырошчваць хлеб”. Так і атрымалася, ён усё сваё жыццё, усе веды і душу аддаў сельскай гаспадарцы.
Цёпла, з любоўю гаварыла жанчына і пра свайго знакамітага бацьку, якога ведаў ды і ведае, напэўна, увесь раён і за яго межамі; пра клопаты аграрыяў і пра іх саміх, хто ўсё жыццё прысвяціў бацькаўшчыне і працы на зямлі.
– У нашай краіне мноства самых розных музеяў, у якіх столькі цікавага і пазнавальнага, – сказала ў канцы размовы Дзіна Вітальеўна. – Толькі вось няма музея калгасаў… А так хочацца, каб ён быў створаны.
І сапраўды, ёсць нямала матэрыялаў, дастойных экспазіцый такога музея.
Ірына БУДЗЬКО/Фота прадстаўлена Дзінай ЖАЎТОК