Перамаглі «Ільянскія далягляды»
Дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны прымаў гасцей. Тут падводзіліся вынікі рэспубліканскага конкурсу “Педагогі – ураджэнцы Беларусі – Героі Савецкага Саюза” і конкурсу музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі. У апошнім перамогу і Дыплом першай ступені кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі галоўны інспектар упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Малочнікаў, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства Сяргей Мітраховіч, навукоўцы, педагогі, спецыялісты цэнтра і музея Вялікай Айчыннай вайны, прызначылі музею “Ільянскія далягляды” Ільянскай АСШ імя А.А. Грымаця Вілейскага раёна.У раённых і абласных этапах конкурсу прынялі ўдзел больш за 400 музеяў устаноў адукацыі, рэспубліканскае журы разгледзела 50 лепшых работ.
На падвядзенні вынікаў справаздачу трымалі ільянскія дзесяцікласнікі, якія працуюць экскурсаводамі ў школьным музеі: Яўген Станоўскі, Вераніка Газава і Аляксей Русак, разам з педагогам-псіхолагам, кіраўніком гуртка “музеязнаўства” Алесяй Сэсаравай і аўтарам гэтых радкоў.
Патрэбна адзначыць, што перамога прысуджана не за бліскучыя дарагія вітрыны, а за працу, якую праводзяць настаўнікі і вучні школы па ўвекавечанню памяці змагароў за сваю малую Радзіму. Улічвалася экспазіцыйная, фондавая і навуковая дзейнасць музея, яго ўдзел у жыцці школы і рэгіёна, выхаванні моладзі. А работа сапраўды праводзіцца значная. Грунтуецца дзейнасць на аматарах-краязнаўцах, якія шчыруюць разам з дзецьмі. Патрэбна ўзгадаць тут, акрамя названых, настаўнікаў Уладзіміра Кажамяку, Людмілу Маркевіч, Розу Шэрую, Тамару Анішкевіч, Святлану Юшко, вучняў Паўла Дударчыка, Яўгена Шапялевіча, Надзею Ярашэвіч, Яўгена Вараўку, Вадзіма Альшэўскага, Дзмітрыя Мікуцкага, Арцёма Бейнера, мясцовых жыхароў Мікалая Кутаса, Аляксандра Шушкевіча, Віктара Буркевіча і многіх іншых. Кола сяброў музея пашыраецца. Усіх назваць складана.
Праз сістэму краязнаўчай работы, на аснове магчымасцей школьнага музея, мы будуем сістэму выхаваўчай дзейнасці, якая мае абавязковы эфект. Гэта дасягаецца магутнай матывацыяй удзельнікаў працэсу. Дзейнасць, блізкая да сэрца кожнага, абавязкова пакідае там след. След павагі, грамадзянства, міласэрнасці, годнасці, след патрыятычных памкненняў і дзеянняў. Менш важна форма, галоўнае – мэта і інструмент. Галоўнае – працэс. Калі такі маральны працэс заложаны з дзяцінства, ён – назаўсёды.
Музей існуе з 1995 года, года 50-годдзя Перамогі над фашызмам. 9 Мая мы адзначылі 15 годдзе. За гэты час сотні выхаванцаў працавалі ў гуртках на базе музея, яшчэ больш пабывалі тут на экскурсіях, уроках, мерапрыемствах, дзесяткі працавалі экскурсаводамі. Працэс ідзе. Гэта мы бачым на прыкладах жыцця нашых выпускнікоў. Гэта бачна па актыўнасці мясцовых жыхароў, асабліва тых, хто па сапраўднаму цікавіцца краязнаўствам.
Але трэба спяшацца. Не вечныя людзі. Вечная памяць Героям!
Ігар ЮШКО,
кіраўнік музея “Ільянскія далягляды,
дырэктар школы


