Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Адбылася вечарына памяці да 125-годдзя Уладзіслава Стржэмінскага — мастака-авангардыста, Героя Першай сусветнай вайны

21 лістапада віляйчане разам з усёй сусветнай грамадскасцю адзначылі 125-годдзе адметнага мастака-авангардыста, вучня і паплечніка Казіміра Малевіча, стваральніка асаблівай філасофіі колеру, вобразаў і формы, удзельніка Першай сусветнай вайны, георгіеўскага кавалера – Уладзіслава Стржэмінскага. Яго лічаць нацыянальным здабыткам нашы суседзі, а на яго радзіме – у Беларусі, – па словах мастацтвазнаўцы Яўгена Шунейкі, толькі віляйчане належным чынам аддаюць даніну памяці гэтаму выбітнаму мастаку.

Акадэмія выяўленчых мастацтваў імя Уладзіслава Стржэмінскага ў Лодзі, створаны музей сучаснага мастацтва ў Лодзі, аснову якога складае мастацкая спадчына Стржэмінскага, апошні фільм «Павідокі» класіка польскага кіно Анджэя Вайды – гэта толькі кропля таго, што зроблена ў гонар мастака-авангардыста Уладзіслава Стржэмінскага ў Польшчы. Радзімай вялікага мастака пачатку ХХ стагоддзя з’яўляецца Мінск, доўгі час яго маці і брат жылі ў Вілейцы, дзе таксама некалькі адрэзкаў часу жыў і працаваў і сам Уладзіслаў Стржэмінскі. Помнік герою Першай сусветнай і выдатнаму мастаку-авангардысту ўстаноўлены ў Вілейцы ў 2013 годзе, у гонар мастака праводзяцца мастацкія плэнеры, знакамітыя віляйчане-мастакі прысвячаюць яму свае карціны. На вялікі жаль, у Мінску не выстаўлялася ні разу культурная спадчына Стржэмінскага, але гэта можна выправіць…

Выставачная зала краязнаўчага музея 21 лістапада, у дзень нараджэння мастака, сабрала прыхільнікаў яго мастацтва, віляйчан, вучняў і настаўнікаў школ горада. Адкрылася вечарына памяці Уладзіслава Стржэмінскага прэзентацыяй карціны «Вобразы» Эдуарда Мацюшонка.

– Уладзіслаў Стржэмінскі – знакавая фігура як для Вілейшчыны, так і для Беларусі і ўсяго свету ў цэлым, – адзначыў Эдуард Мацюшонак. – Першая выстава і вечарына ў гонар мастака ў Вілейцы была арганізавана яшчэ ў 1993 годзе да 100-годдзя Уладзіслава Стржэмінскага. Мы разам з Сяргеем Пілатам зладзілі выставу на базе Цэнтра эстэтычнага выхавання, які на той час быў філіялам музычнай школы. Тады ж у Вілейку павінна была прыехаць і Ніка Стржэмінская, дачка мастака. Але з-за яе хваробы прыезд у Вілейку Нікі змог здзейсніцца толькі ў 1994 годзе. Для мяне асабіста фігура Уладзіслава Стржэмінскага вельмі знакавая для ўсяго сусветнага мастацтва. Ён прайшоў у сваім жыцці вельмі шмат выпрабаванняў, якія любога іншага чалавека зусім бы падкасілі і зрабілі варожым для навакольных на ўсё астатняе жыццё. Будучы афіцэрам у Першую сусветную, ён быў цяжка паранены: яму ампутавалі нагу, руку, ён страціў зрок на адно вока, але ў гэты перыяд Бог яму паслаў Кацярыну Кобра, якая стала яго выратаваннем, і ў першую чаргу – яго духоўным паратункам, адкрыўшы яму свет мастацтва, стала тым чалавекам, што ішла разам па жыцці. Магчыма, калі б не было таго ранення, сусветнае мастацтва не пазнала бы такога вялікага мастака, тэарэтыка мастацтва, выкладчыка і заснавальніка сучаснага дызайну.

Карціна Эдуарда Мацюшонка напоўнена вобразнасцю, адчуваннем як таго негатыву і зла, што прынесла Стржэмінскаму вайна, так і вялікага ўнутранага свету мастака, яго адчуванне колеру, формы.

– Пасля таго, як Стржэмінскі падарваўся на гранаце, усё ў яго жыцці перавярнулася разам з зямлёй, людзьмі – таму такі крывава-чырвоны колер фону карціны, праз які адкрываюцца вобразы-абрысы мастака з насычанасцю нябесных, светлых колераў, быццам пазламі яго новага жыцця. Ён выйшаў з таго чорна-чырвонага колеру і ідзе далей па жыцці. Бо калі чалавеку дапамагаюць не толькі фізічна вылечыцца, але і духоўна – у яго з’яўляюцца крылы. Стржэмінскі змог вырвацца і пайсці далей, бо побач была Кацярына Кобра. Колеры работ Стржэмінскага маюць сваю ўнутраную энергетыку. Ён пакінуў пасля сябе такое мастацтва, якое дае магчымасць бачыць унутраны свет мастака, а не яго калецтва. Стржэмінскі сапраўдны наш нацыянальны герой.

Праводзячы экскурс па выставе, старшы навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Вольга Коласава распавяла пра біяграфію мастака, пра падараваныя ранней музею карціны, прысвечаныя Стржэмінскаму, віляйчанінам Барысам Цітовічам і Яўгенам Шунейкам, мастацтвазнаўцам, што першым адкрыў для Беларусі імя Уладзіслава Стржэмінскага. Прыгадала Вольга Аляксандраўна і 1994 год, калі ў Вілейку прыязджала Ніка Стржэмінская, дачка мастака, што перадала музею сваю кнігу, прысвечаную яе знакамітым бацькам – «Каханне, мастацтва і нянавісць».

Жыццё Уладзіслава Стржэмінскага скончылася ў адзіноце, а з прыходам соцрэалізму – і поўным крахам кар’еры. Імя Стржэмінскага доўгія гады было аддадзена забыццю, як у Польшчы, так і Беларусі. Зараз – гэта прызнаны геній сучаснага мастацтва, праўда, землякі даўжэй за суседзяў абуджаюцца ад забыцця…

Сяргеей ГАНЧАР.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries