Колькасць удзельнікаў абодвух уражвае. Аказваецца, столькі неардынарных творчых асоб, духоўна ўзнёслых, творча арыентаваных, жывуць вакол нас і сваёй кідкай крэатыўнасцю, арыгінальнасцю думкі аздабляюць і абагачаюць акаляючы свет. Наша паўсядзённасць у канву сваёй шэрасці, бывае, украпляе нечакана яркі ўзор. Адзін з такіх – фестываль паэзіі і аўтарскай песні «Вілейская хваля». У чытальнай зале раённай бібліятэкі ён сабраў тых, хто стварае вершаваныя творы і тых, хто з’яўляюцца прыхільнікамі гэтай своеасаблівай формы чалавечага мыслення, якая рэаліі матэрыяльнага свету апранае ў абалонку духоўнасці. І тады акаляючая рэчаіснасць пачынае іскрыцца ўсімі адценнямі вясёлкавых колераў. Паглыбляючыся ў далікатны лірызм паэтычнага твора, чытач пачынае ўсведамляць сябе часцінкай таго адухоўленага свету, дзе валадарыць аголеная непрыкрытасць чалавечай душы.
У конкурсе ўдзельнічалі ўжо вядомыя на Вілейшчыне паэты. Гэта найперш Віктар Кажура, настаўнік, кіраўнік літаратурнай гасцёўні «На Парнасе». Прызнаны аўтар, творы якога шырока вядомы ў літаратурных колах Беларусі, ён яшчэ і сапраўдны апякун маладых талентаў, ён вышуквае іх сярод россыпаў парод рознага кшталту, як заклапочаны вынікам сваіх намаганняў золаташукальнік. І адзін з яго выхаванцаў Вадзім Чур выступіў на фестывалі з даволі ўдалым паэтычным дэбютам.
Знаёмае чытачам нашай раёнкі імя настаўніцы з Ільі Аксаны Ярашонак, вершы якой друкуюцца на старонках газеты. Піша Аксана аб тым, што яе хвалюе ў навакольным свеце, дакладней, яна трансфармуе гэты свет праз сваё творчае ўспрыняцце. І па-новаму пачынаюць гучаць тэмы прыроды, радзімы, кахання. Недарэмна ж кажуць, што ў любым чалавеку акумуляваны цэлы свет. Толькі не кожны можа падзяліцца гэтым дадзеным прыродаю набыткам з сабе падобнымі. Ілья – рэгіён, што наогул багаты схільнымі да літаратурнай творчасці людзьмі. Адна з такіх – дырэктар музея «Вілейшчына літаратурная» Роза Шэрая. Якая, дарэчы, таксама прыняла ўдзел у фестывалі.
Адкрыццём мерапрыемства, на мой погляд, сталі творы педагога Любанскай школы Вольгі Вяжэвіч. Аддаючы даніну тэматычнай накіраванасці фестывалю, Вольга чытала вершы пра вайну. Але якія гэта былі вершы! Без залішняй патэтыкі, што не вельмі кранае чытача, Вольга дайшла да духоўных высноў унутранага свету чалавека, які ваяваў, які ў клубку ўласных пакут шукаў высокі сэнс сваёй місіі на гэтай зямлі. З прапанаваных сёння да друку твораў, мне хацелася б вылучыць вершы Крыстыны Маляроўскай, вучаніцы школы-інтэрната. Гэта юнае дзяўчо не толькі добра валодае родным словам, але і мае свой адметны пункт погляду на гістарычны лёс беларуса, яго менталітэт, яго месца ў гэтым свеце. Публіцыстыка і цнатлівы лірызм пераплятаюцца ў вершах Крыстыны, выклікаючы зразумелую да іх увагу з боку аматараў паэтычнага слова.
У рамках фестывалю прайшоў яшчэ і конкурс аўтарскай песні. І ён таксама сабраў нямала ўдзельнікаў. На сцэну актавай залы вілейскага каледжа выйшлі 14 канкурсантаў. Журы не проста было ацэньваць іх выступленні, паколькі побач з юнымі бардамі выступалі такія прызнаныя «галасы» вілейскай эстрады, як Казімір Талстыка, Леанід Гайчук, Людміла Бокша. Наогул, былі цікавыя нумары, песні, словы і музыку якіх стварылі самі выканаўцы. Усе, хто рашыўся на саперніцтва ў творчых стасунках, атрымалі ад журы дыпломы ўдзельнікаў фестывалю і дыскі народнага калектыву аўтарскай песні «Элегія». Вынікі будуць падведзены пазней, бліжэй да дзён святкавання Незалежнасці краіны і вызвалення Вілейкі.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара
Заснавальнікі фестывалю: аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзел адукацыі райвыканкама, рэдакцыя газеты “Шлях перамогі”, РК “БРСМ”.
Арганізатарамі выступілі: цэнтр эстэтычнага выхавання, вілейскі прафтэхкаледж, цэнтральная раённая бібліятэка, народны калектыў аўтарскай песні “Элегія”.