Абрад «Пячы ката» можа атрымаць статус нематэрыяльнай каштоўнасці і ўвайсці ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Зараз працягваецца праца па збору неабходнага прэзентацыйнага матэрыялу для прадстаўлення на разгляд рэспубліканскай навукова-метадычнай Рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Пра гэта карэспандэнту раёнкі паведаміў дырэктар Вілейскага краязнаўчага музею і кіраўнік студыі народных абрадаў і традыцый “Краявід” Сяргей Ганчар.
Абрад раней быў пашыраны на тэрыторыі ўсяго нашага рэгіёну, аднак на сёння лепш за другіх памятаюць аб ім у вёсках Старынкі, дзе ён бытаваў да 1972 года, Сморкава (Пераможац), Стайкі.
Яшчэ да 1970-х гадоў мінулага стагоддзя старынкаўская моладзь збіралася «пекчы і гуляць ката». Вось што расказала нам жыхарка Старынак Лідзія Ляшкевіч, сустрэча з якой адбылася падчас чарговай этнаграфічнай камандзіроўкі Сяргея Ганчара: «Гуляць ката» збіраліся толькі незамужнія дзяўчаты і хлопцы. Падзея адбывалася на першы дзень Каляд. Дзяўчаты выпякалі з мукі «ката» – булку, якой надавалі від жывёліны. Асаблівасцю «ката» быў вялікі атрыбут самца, які начынялі перцам, гарчыцай, соллю. «Ката» вешалі на тканых паясах пад бэльку над сталом і хлопцам патрэбна было адкусіць самцовую вартасць. Пры гэтым рызыканту нельга было смяяцца, а моладзь наўкол яго смяшыла, а самае галоўнае – з’есці не вельмі смачную частку печыва. Звычайна пераможцу «спаборніцтва» даравалі невялікі падарунак – часцей за ўсе вышытую насоўку. Хату для падзеі выбіралі найбольшую, каб і спяваць, і танцаваць было вольна».
«Пячы ката» дакладней усё ж называць абрадавай дзеяй, бо адсутнічаюць некалькі неабходных атрыбутаў абраду, – тлумачыць Сяргей Ганчар. – Напрыклад, песеннае суправаджэнне абраду строга абумоўлена яго тэмай, а вось на «Пячы ката» моладзь спявала розныя песні».
Аб сімвалічнасці дзеі, што бытавала з паганскіх часоў, вядома, ніхто з сучаснікаў ўжо і не памятае і хутчэй за ўсё ніколі не ведаў. Аднак, па словах дырэктара музея і, дарэчы, магістра гуманітарных навук, даследчая праца якога тычылася таксама і сімвалізму ткацкага арнаменту, па дадзеных многіх гістарычных дысцыплін (археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыкі) можна меркаваць, што сэнс абраду – ва ўхваленні татэмнай жывёлы і, праз з’яданне яе частак, заручэнне падтрымкай на дабрабыт і пладародзе. Відаць, нашымі продкамі лічылася, што праз з’яданне галоўнага атрыбуту самца, мужчына прымае яго сілу і моц, што будзе спрыяць яму ў пошуку добрай жонкі і другіх жыццёвых справах.
Між іншым, каб атрымаць статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, недастаткова толькі апісаць абрад, неабходная ўмова – ўзнаўленне яго сістэмнага правядзення. «Для нас гэта таксама не праблема: старынкаўскі Дом культуры ўзначальвае цудоўная, творчая і таленавітая асоба – Алена Церах, яна і зоймецца рэальным увасабленнем рэканструяванай дзеі», – зазначыў Сяргей Ганчар.
На фота: Лідзія Ляшкевіч распавядае Сяргею Ганчару аб «гулянні ката» у Старынках.
Ірына ТРУБАЧ. Фота аўтара