Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Пабачыла свет новая кніга гумару і сатыры Барыса Манцэвіча

Скарбонку творчых набыткаў паэтаў і празаікаў Вілейшчыны папоўніла чарговая навінка –
кніжка гумару і сатыры Барыса Манцэвіча «Ну і ну!». Больш за тры сотні вершаваных карацелек (і не толькі) увайшлі ў выданне, чытаючы якое, здзіўляешся: і дзе толькі бярэ аўтар гэтыя сюжэты!

Барыс Флоравіч на гэта толькі ўсміхаецца і зазначае, што ўсё ім напісанае – з нашага жыцця, толькі заўважай, запамінай ды занатоўвай, чалавеча, не пазбаўлены назіральнасці ды пачуцця гумару. А ў Манцэвіча з гэтым усё ў парадку і, як ён сам прызнаўся, ён «упершыню ўсміхнуўся ў 1933 годзе, калі, выбраўшыся з цемры, убачыў, у які цудоўны свет патрапіў». З таго часу і да сёння смех і гумар суправаджаюць Барыса Флоравіча ўсюды. Свае сатырычныя вершы паэт друкаваў у свой час у «Вожыку», “Літаратуры і мастацтве», «Звяздзе», «Рэспубліцы» і ў іншых выданнях. Змяшчаліся яны і на старонках раёнкі, супрацоўнікам якой паэт у свой час быў. Жыццё Барыса Манцэвіча звязана з журналістыкай: у 1957 годзе ён скончыў аддзяленне журналістыкі, працаваў у вілейскай газеце «За Савецкую Радзіму», якая ў 1962 годзе стала называцца «Шляхам перамогі», а пазней – у бярэзінскай раённай газеце «Сцяг Леніна» (зараз – «Бярэзінская панарама»). Яшчэ з падлеткавага ўзросту – з далёкага 1947-га – Барыс Флоравіч пачаў весці дзённікі, дзе запісваў усё, і гэтыя запісы сталі вельмі важным дакументальным летапісам не толькі яго жыцця, але і нашай агульнай гісторыі. Гэтыя дзённікавыя запісы сталі падставай для выхаду ў свет кнігі «Скрыжалі майго дзяцінства», якая з’явілася ў мінулым годзе. І вось цяпер – яшчэ адна навінка ад Манцэвіча – гумарыстычна-сатырычная.

Прызнаюся шчыра: кніжка чытаецца на адным дыханні. І што ні верш, то новы жыццёвы абразок. Так, усё тое, пра што напісаў Барыс Манцэвіч, настолькі жыццёвае, кожнаму знаёмае… Хіба ж не чулі вы, паважаныя чытачы, пра такую вось сітуацыю:

«Што ты ўсё ходзіш да мяне?
Пара жаніцца нам, мой свеце».
«Я б і жаніўся, але мне
Перашкаджаюць жонка з дзецьмі».
(«Не хоча жаніцца»).

Альбо вось пра гэту, апісаную ў чатырохрадкоўі «Падняць няма сілы»:

«Як мы ажаніліся, ты гаварыў –
Насіць на руках будзеш, мілы».
«Пакуль была лёгкай, цябе і насіў,
А сёння падняць няма сілы».

Ці яшчэ такую:

«Ты чула, Гэлена, вярблюд можа доўга
(Ля тыдня ажно) працаваць і не піць».
«Я ж знаю такога вярблюда, Цімоша,
Што п’е цэлы тыдзень
і трутнем ляжыць».

Хіба не з жыцця ўзятыя гэтыя сітуацыі? Толькі з яго. А якімі ўдалымі атрымаліся ў Барыса Флоравіча «Эпітафіі», што высмейваюць розныя чалавечыя заганы. Вось некаторыя з іх:

Стаў брыгадзірам – не зяваў,
З палёў і току зерне краў.
Як паміраў, то шкадаваў,
Што малавата нацягаў.
* * *
Дэнатурат і палітуру –
Усё піў, што агнём гарыць.
Аднойчы так напіўся здуру,
Што не ўдалося патушыць.
* * *
Ён жыў з адной, хадзіў к другой,
Цягаў ёй масла, сала з дому.
А як прыйшоў час паміраць,
То непатрэбным стаў нікому.

Павучальныя рэчы, сябры, вельмі павучальныя… Літаральна кожнае чатырохрадкоўе дае паставу для роздуму і для пераасэнсавання жыцця. І за ўсім гэтым – аўтар, таленавіты паэт і мудры чалавек, да якога варта прыслухацца. Прачытаць яго новую кніжку «Ну і ну!» раю абавязкова, бо ўсё расказаць пра яе немагчыма. Чытайце – там пра нас з вамі, пра наша жыццё.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries