Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Эдуард Мацюшонак прэзентаваў парламентарыям абедзвюх краін сваю персанальную выставу «Дома»

Падчас пасяджэння Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі ў Мінску 17 чэрвеня віляйчанін Эдуард Мацюшонак прэзентаваў парламентарыям абедзвюх краін сваю персанальную выставу «Дома».

Ужо больш за два тыдні ў фае авальнай залы Дома ўрада, дзе праходзяць пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, экспануецца выстава нашага земляка Эдуарда Мацюшонка. У гэты панядзелак мастака запрасілі чарговы раз асабіста правесці экскурсію, нагодай для чаго стала пасяджэнне Парламенцкага Сходу Саюза Расіі і Беларусі, што праходзіла ў Мінску і сабрала ў авальнай зале Дома ўрада парламентарыяў краін.

Яшчэ да пачатку пасяджэння Эдуард Уладзіміравіч правёў не адну экскурсію для тых, хто зацікавіўся выставай: як для гасцей з Расіі, так і для беларускіх парламентарыяў. Сярод зацікаўленых быў заўважаны і Мікалай Валуеў, дэпутат Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі ад Усерасійскай палітычнай партыі «Адзіная Расія», у мінулым баксёр-прафесіянал, чэмпіён свету ў цяжкай вазе па версіі WBA. Больш грунтоўную экскурсію, якая доўжылася каля гадзіны, Эдуард Мацюшонак правёў для дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, што ўваходзяць у камісію па аграрнай палітыцы, а таксама для дэпутацыі Віцебскай вобласці.

– Тут свая зямля, дзе нарадзіліся і жылі нашы продкі, нашы бацькі. Гэта зямля, якая мае свае спрадвечныя традыцыі – вось чым мы ўсе павінны ганарыцца, – адзначыў падчас экскурсу па выставе Эдуард Мацюшонак. – А галоўнае – на гэтай зямлі, якая для нас родная бацькоўская, мы павінны трывала стаяць.

Каля кожнай работы мастака дэпутаты пранікнёна слухалі і адзначалі, што такія глыбокія па сэнсе карціны даюць усведамленне сваёй значнасці ў гэтым свеце. «Каўчэг», «Хлеб» – гэтыя і іншыя карціны пакідаюць настолькі глыбокае ўражанне, асабліва з пранікнёным і высокадухоўным аповедам мастака. «Усё гэта трэба пераасэнсаваць, і не адзін дзень», – адзначыў журналіст «Народнай газеты», пагутарыўшы з Эдуардам Мацюшонкам.

Сапраўды, мастацтва нашага земляка (а мы ўжо маем права так гаварыць, хоць і нарадзіўся Эдуард Мацюшонак на Глыбоччыне, бо больш за тры дзясяткі год ён жыве, працуе і стварае свае ўнікальныя творы на Вілейшчыне) прымушае задумацца, абудзіць самыя патаемныя ноты душы, а галоўнае – самасвядомасць. «Ты нарадзіўся і жывеш на гэтай зямлі – шануй і трымайся сваіх каранёў, сваёй Бацькаўшчыны і традыцый тваіх продкаў!» Вось галоўны пасыл мастака нам, людзям, якія ў паўсядзённай мітусні забываюць пра многае, і асабліва пра тое, хто мы і адкуль.

Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 50 queries