Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дзень работнікаў культуры – свята для кожнага

У Беларусі штогод у другую нядзелю кастрычніка адзначаецца Дзень работнікаў культуры. Гісторыя Дня работнікаў культуры нядоўгая – свята было заснавана толькі ў сакавіку 1998 года ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. За сваю гісторыю беларускі народ стварыў багатую самабытную культурную спадчыну, якая прадстаўлена аб’ектамі песеннай творчасці,  вусна-паэтычнай і харэаграфічнай творчасці, мастацтвам. Многія выбітныя дзеячы мастацтва і культуры вядомыя далёка за межамі Беларусі. Імёны вілейскіх культурных дзеячаў таксама вядомыя не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце, іх імёны ўплецены ў канву беларускай і сусветнай гісторыі.

У перадсвяточныя дні мы сустрэліся са старшынёй Вілейскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Шляпо Вольгай Аляксандраўнай, якая ўдастоена Ганаровай граматай райвыканкама за добрасумленную працу ў сферы культуры, і пагутарылі пра дзейнасць грамадска арганізацыі ў галіне культуры.

– Што з’яўляецца першасным накірункам у працы самага творчага з прафсаюзаў?

– Галоўным кірункам працы прафсаюзнай арганізацыі работнікаў культуры з’яўляецца арганізацыйнае ўмацаванне, стварэнне адзінства і салідарнасці ў арганізацыі і развіццё сацыяльнага партнёрства. Істотны факт, які характарызуе нас як моцную і згуртаваную арганізацыю – гэта ахоп прафсаюзным членствам. На дадзены момант – гэта 94% ад усіх работнікаў культуры, а іх ў нас, толькі творчых спецыяльнасцей, у Вілейскім раёне каля двухсот пяцідзесяці чалавек, не гаворачы пра тых спецыялістаў, якія займаюць у культуры тэхнічныя пасады. Асноўным матывам прафсаюзнага членства з’яўляецца аб’яднанне работнікаў з мэтай калектыўнай абароны сваіх сацыяльна-працоўных і прафесійных правоў і інтарэсаў. Што важна, усе сацыяльныя пытанні ў нашай арганізацыі вырашаюцца калегіяльна, распрацоўваецца і праводзіцца шмат сумесных мерапрыемстваў.

– А як у культурным прафсаюзе ладзіцца культурна-масавая работа?

– Так, яна таксама не застаецца па-за ўвагай. Усе члены прафсаюза зацікаўлены ў правядзенні цікавых і насычаных забаўляльных, віншавальных, урачыстых, спартыўных, экскурсійных, турыстычных, аздараўленчых мерапрыемстваў. Як правіла, імпульс да правядзення такіх мерапрыемстваў зараджаецца ў саміх калектывах. Наша калектыўнае жыццёвае крэда – тварыць і ствараць. Прычым гэта не мэта, а лад жыцця. Добрыя вынікі ў працы ў нас падмацоўваюцца яркімі момантамі забаў і святаў, якія мы ствараем для сябе самі – гэта карпаратыўныя святы, святы шлюбу, прафесійныя святы, традыцыі ўшанавання юбіляраў і іншыя важныя падзеі з жыцця калег.

– Якім чынам прафсаюз працуе з моладдзю, ветэранамі?

– У прафсаюзнай арганізацыі немалаважную ролю адыгрывае ажыццяўленне такой функцыі культуры, як пераемнасць пакаленняў – актывісты арганізоўваюць ушанаванне ветэранаў з удзелам моладзі. Моладзь становіцца актыўным звяном у ажыццяўленні акцыі «Клопат аб ветэранах». А праца з моладдзю стала непасрэдным прыярытэтам для прафсаюза культуры. На карысць гэтага сведчаць праведзеныя патрыятычныя акцыі «Дзякуй за жыццё», «Запалі свечку памяці», велапрабегі «За моцную і квітнеючую Беларусь», «Залатое кальцо Вілейшчыны», ініцыятарамі якіх выступалі прафсаюзныя і іншыя грамадскія арганізацыі раёна.

– Як садзейнічае прафсаюз у правядзенні рознага ўзроўню мерапрыемстваў у горадзе і раёне?

– Сумесная арганізацыя святаў, каардынаваныя і ўзаемазвязаныя дзеянні, партнёрскія адносіны таксама важны прыярытэт нашай дзейнасці. Зацікаўленасць у рэалізацыі пастаўленых задач дазваляюць паляпшаць якасць мерапрыемстваў, якія праводзяцца на Вілейшчыне, мы арганізоўваем значныя сацыяльна-культурныя праекты і павышаем культурны патэнцыял раёна ў цэлым. І прафсаюзныя арганізацыі раёна, і ўлады разумеюць, што падтрымка мясцовай культурнай базы можа стаць эфектыўным інструментам развіцця гарадскога асяроддзя і інвестыцыйнай прывабнасці раёна ў цэлым. Пра гэта сведчыць правядзенне ў нашым горадзе абласных, раённых і гарадскіх святаў – абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі», разнастайныя мерапрыемствы для моладзі – адкрыццё скейт-парка, правядзенне рыцарскага фестывалю і многае іншае.

– Актыўная пазіцыя раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры ініцыіруе розныя мерапрыемствы, раскажыце пра гэты накірунак Вашай дзейнасці?

– Сапраўды, так. Напрыклад, кожны год мы ініцыіруем правядзенне свята сямейнай творчасці да Міжнароднага Дня сям’і «Праспяваем разам», які збірае на сцэне Палаца культуры таленавітыя сямейныя дынастыі раёна, а таксама арганізоўваем дабрачынныя акцыі і канцэрты па зборы сродкаў на лячэнне інвалідаў і анкахворых дзяцей сумесна з раённай арганізацыяй БО «Чырвоны Крыж», раённым аб’яднаннем прафсаюзаў.

Наша прафсаюзная каманда актыўна асвойвае турыстычныя маршруты па Беларусі. З асаблівым удзелам мы ставімся да турыстычнага развіцця нашага раёна. Гэтай тэме быў прысвечаны аб’яднаны турзлёт «Вілейскі край – турыстам рай». Каардынатарамі гэтага турзлёту была грамадская арганізацыя «ЗОВіК» і раённае аб’яднання прафсаюзаў. У праграму ўваходзілі не толькі спаборніцтвы паміж галіновымі прафсаюзамі, але і семінар-абмеркаванне па праблемах устойлівага развіцця рэгіёну.

– Вольга Аляксандраўна, хоць асноўная Ваша пасада намеснік дырэктара Палаца культуры, але якія вынікі Вы бачыце ў сваёй грамадскай працы?

– У цэлым прафсаюзнае жыццё напоўнена шырокім спектрам напрамкаў дзейнасці па ўмацаванні сацыяльнага партнёрства, арганізацыі культурнай і спартыўна-аздараўленчай работы, павышэнню іміджу нашай арганізацыі. Год культуры, які завяршаецца стаў для нас яшчэ больш плённым, аб’ядноўвае ўсіх у імкненні да поспеху і росквіту.

У сваю чаргу спадзяюся, што Вілейская раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў культуры, інфамарцыі спорту і турызму ўносіць свой важкі ўклад у развіццё агульнай справы.

Я хачу павіншаваць усіх работнікаў культуры, пажадаць ім творчых здзяйсненняў і, каб кожны зазначаў, што яго праца становіцца культурнай спадчынай раёна і становіцца неад’емнай часткай гісторыі. Дарэчы, хачу падзяліцца прыемнай навіной, што народны калектыў «Суквецце» Палаца культуры на абласным фестывалі народнай творчасці «Напеў зямлі маёй», які праходзіць 18 кастрычніка ў Мар’інай Горцы, будзе ўзнагароджаны нагрудным знакам за значны ўклад у развіццё культуры Міншчыны і прэміяй ад Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Віншуем!
Сяргей ГАНЧАР.
Фота ok.ru

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 131 queries