Храм быў перапоўнены як у часы самых найвялікшых яго урачыстасцяў. Адзначыць юбілейную дату са сваім духоўным настаўнікам сабраліся мясцовыя каталіцкія вернікі, прадстаўнікі суседніх парафій Вілейшчыны і мяжуючых з ёю рэгіёнаў.


Аказалі гонар нашаму святару сваёй прысутнасцю і ўдзелам у святочнай літургіі арцыбіскуп Юзэф Станеўскі, ганаровы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Кірыл Клімовіч. Апошні служыць ардынарыем дыяцэзіі Святога Юзэфа ў Іркуцку. Адгукнуліся на запрашэнне святары-канонікі Мінскага катэдральнага капітула і святары-суседзі.


– Для мяне было вялікім шчасцем стаць святаром. Я памятаю, як упершыню цэлебраваў святую імшу, упершыню ўзнімаў руку, каб даць Божае благаслаўленне, – дзеліцца такім далёкім і такім жывым успамінам ксёндз Аляксандр. Ён узнаўляе імёны сваіх духоўных настаўнікаў – светлай памяці кардынала Казіміра Свёнтка. З ім звязана эпоха станаўлення каталіцкага касцёла на Беларусі пасля часоў ваяўнічага атэізму, сапраўды легендарнай асобы, якая стаяла ля вытокаў духоўнага адраджэння нашай Айчыны. Значную ролю ў рэалізацыі Божага паклікання маладога святара адыграў прысутны на ўрачыстасці ганаровы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.


Ва ўступным слове на пачатку літургіі ксёндз Аляксандр схіляе голаў перад тымі, хто пакінуў глыбокі след на яго чалавечым і святарскім лёсе, благаславіў на шчырае служэнне Богу. І найперш гэта бацькі – маці Гелена і бацька Андрэй, сціплыя сяляне з Глыбоччыны. Яны двух з пяці сваіх сыноў ахвяравалі для служэння Богу. Ахвяравалі без ваганняў, без сумненняў, давяраючы Усявышняму найвялікшую любоў сваіх бацькоўскіх сэрцаў. Адзін ужо ў вечнасці. І цяпер малітоўнае слова ў храме гучыць ва ўспамін аб яго кароткім, але плённым жыццёвым шляху. А маці Гелене сёння – самыя светлыя віншаванні ў гонар адметнага сыноўняга юбілею.


Прызванне і пакліканне… Паняцці могуць стаяць у адным сінанімічным радзе. Вось толькі вельмі глыбокая між імі сэнсавая розніца. Выбіраючы прызванне, мы шукаем варыянтаў у сваім жыццёвым побыце, дбаючы аб прафесійным станаўленні, сямейным дабрабыце. Чалавек, пакліканы Богам, мусіць быць падрыхтаваны да самаадрачэння, да ўвасаблення на зямлі Божага слова, ідэй веры і самаахвяравання ў імя гэтых ідэй.
Штодзённая гатоўнасць прыняць на сябе чалавечы грэх і людскую пакуту, узняцца вышэй паняцця «не судзіць», аднолькава шчыра падтрымаць грэшніка і праведніка – гэта Крыж, наканаваны святару нябесамі, вялікая і абавязваючая іх міласць…
Дваццаць пяць год служэння Богу, касцёлу і людзям… Не аднойчы падчас святочнай літургіі, якую цэлебраваў ацыбіскуп Юзэф Станеўскі, агучваліся гэтыя паняцці ў іх трыадзінай і непарыўнай сувязі:
– Мы сабраліся адусюль у Вілейскім касцёле, каб падзякаваць Богу за колішняга міністранта з Глыбоцкага касцёла, якога некалі Пан Езус паклікаў за сабой, за атрыманы ім ад Неба дар веры і папрасіць аб патэнцыяле да новых пакліканняў, – звярнуўся да прысутных духоўны іерарх. Сапраўды, раздзімалі ў свядомасці падлетка вугольчыкі шчырай веры сямейнае выхаванне і храмы Глыбоччыны, дзе атрымаў святарскія пасвячэнні у Мінскай катэдры, адслужыў першую імшу.
Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, біскуп Аляксандр Кашкевіч… Юбіляр не стамляецца называць тыя памятныя для яго імёны, якія з’явіліся ў яго жыцці ў часе і пасля вучобы ў Гродзенскай духоўнай семінарыі. Пачыналася яго служэнне ў іншых храмах, але найбольш поўна і духоўна, як асоба, ксёндз Аляксандр раскрыўся менавіта ў Вілейскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Ён прызнаецца, ужо менавіта наша парафія стала яго сям’ей. І ў сэнсе падтрымкі касцёльных традыцый, і ў сэнсе догляду храма, захавання яго сцен у належным для духоўнай установы стане. Нездарма менавіта на сённяшні святочны дзень запланавана асвячэнне і благаслаўленне арцыбіскупам адноўленага галоўнага алтара храма.


Святаром, адкрытым на патрэбы Бога і людей, называе юбіляра ў сваім казанні падчас святочнай літургіі біскуп-эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх прыводзіць словы біблейскага прарока Ісаі наконт высокага прызначэння святара, як «слугі пана Бога нашага». Менавіта праз святара ажыццяўляе Усявышні сваю збаўчую місію. Роля яго ў жыцці касцёла незаменная. Біскуп засяроджвае ўвагу на сённяшняй секулярызацыі грамадства, працэсе зніжэння ролі рэлігіі ў жыцці людей і грамадства і звязанай з гэтым духоўнай абыякавасцю свету. Адсюль вынікае неабходнасць узвышэння дзейснай ролі Божага Слова.
Менавіта святарам наканавана актыўна рэагаваць на выклікі часу, быць духоўнымі анастэзіёлагамі і рэабілітолагамі грамадства, лідарамі ў прапагандзе ідэй Евангелля. Падтрымліваць у пілігрымцы людзей, заклапочаных пошукам сваіх глыбінных вытокаў, жадае іерарх юбіляру.

Віншаванні ад парафіян Вілейшчыны, гасцей, хору «Анелаў», землякоў з Глыбоччыны, юных міністрантаў.
Няхай Вас Бог штодня адорыць хлебам,
І адступае вечнасці мяжа…
Бо здавён вядома: міласць Неба
Выбірае лепшых для Крыжа.
Неяк самі сабой выкрышталізоўваюцца думкі ў гэтыя паэтычныя радкі.
Марыя КУЗАЎКІНА/Фота Лізаветы ГРАКОВІЧ








