Ёсць катэгорыя людзей, якія невялікія гарады, што маюць статус раённых цэнтраў, і іх ваколіцы характарызуюць адным словам – «перыферыя». І мае гэта спляценне мудрагелістых гукаў хутчэй адмоўную, чым станоўчую афарбоўку. І дарэмна. Бо ў кожнага такога горада, кампактнага і ўтульнага, свае асаблівасці. Але вось парадокс: заўважыць адметнасць вулачак, непаўторнасць абрысаў будынкаў, каларытнасць постацяў жыхароў і выразнасць маляўнічых краявідаў, каб потым пераказаць гэта ўсё мовай фарбаў з дапамогай гульні святла і ценяў здольнае часам не вока карэннага жыхара, а чалавека новага, прыезджага. Таго, каго ў свае гасцінныя абдымкі горад прыняў не з самага нараджэння, а некаторы час таму, скажам, гадоў з 30 назад. А дакладней – 28. Я маю на ўвазе Эдуарда Мацюшонка – мастака, выстава работ якога адкрылася ў мінулую пятніцу ў зале выстаў краязнаўчага музея імя Нікадзіма Сілівановіча. Дарэчы, яго выставай і адкрывалася ў свой час зала. «Горад, у якім мы жывём» – такою назвай аб’яднаны шэраг работ, прасякнутых, як можна здагадацца, адной тэмай.
Выстава «Горад, у якім мы жывём» сабрала людзей розных узростаў, розных прафесій. Упэўнена: тыя, хто глядзеў на адны і тыя ж карціны, думалі пра сваё. Бо з любой мясцінай, якую ўдала «схапіў» пэндзаль мастака, узнікаюць свае асацыяцыі. «Грамнічная свечка», «Спеў жураўля», «Музыка Вілейкі», «Фэст. Вілейка запрашае», «Куранец», «Вілейскі матыў», «Гуканне вясны»… Для гасцей выставы Уладзімір Мацюшонак правёў своеасаблівую экскурсію: расказаў пра гісторыю стварэння карцін, ахарактарызаваў вобразы, блізкія, думаю, сэрцу кожнага з прысутных. Але найперш прадставіў чалавека, дзякуючы якому апынуўся ў Вілейцы, – Алену Іванаўну, сваю жонку. Два маладыя мастакі ў свой час, расказала яна, маглі застацца ў Глыбокім – такую магчымасць даваў “свабодны” дыплом. Але так павінна было здарыцца, што менавіта гэты малады горад прыняў мастакоў, якія радуюць нас сваёй творчасцю…
Адкрыццё выставы адбылося. Было ўсё, што адпавядае такой нагодзе: кветкі, добрыя словы, усмешлівыя твары гасцей і нават распісны самавар з гарбатай. Выстава сабрала сяброў.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара
В Вилейском музее прошла выставка Эдуарда Матюшонка
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ