20-22 мая 2016 г. у гарадах Вілейка і Маладзечна адбудзецца XXVІ абласны фестываль духавой музыкі “Майскі вальс”.
У святочных мерапрыемствах прымуць удзел духавыя аркестры – калектывы з Мінскай вобласці, аркестры з Расійскай Федэрацыі, Украіны, Латвіі, а таксама харэаграфічныя і харавыя калектывы, ансамблі мажарэтак, вакальныя ансамблі і асобныя салісты агульнай колькасцю каля 1000 удзельнікаў.
Фестывальныя мерапрыемствы распачнуццца 20 мая ў г.Вілейка, дзе адбудуцца канцэртныя выступленні удзельнікаў з Украіны – адзінага ў краіне дзявочага народнага духавога аркестра “Раксалана”, гурта мажарэтак народнага харэаграфічнага ансамбля “Арабеск” і народнага дзявочага джаз-ансамбля “Roksi Band” Крэмянчугскага педагагічнага каледжа Палтаўскай вобласці.
21 мая ў амфітэатры г.Маладзечна пройдзе конкурсная праграма сярод узорных (11.00) і народных (14.00) духавых аркестраў, а таксама сярод ансамбляў мажарэтак.
Увечары, а 19 гадзіне, адбудзецца ўрачыстае адкрыццё фестывалю і гала-канцэрт з удзелам народных калектываў духавога аркестра імя Рамана Олексюка і ансамбля мажарэтак “Істра”, ансамбля мажарэтак-барабаншчыц Істрынскага Дома культуры Маскоўскай вобласці, вышэйназваных калектываў з Украіны, духавога аркестра Науенской музычнай і мастацкай школы Даўгаўпілскага краю пад кіраўніцтвам Яніса Грэнберта (Латвія), канцэртнага аркестра “Няміга” (г.Мінск).
22 мая ў 13.30 па вуліцах горада Маладзечна пройдзе марш-парад духавых аркестраў, святочнае дзеянне працягнецца ў 14.00 на цэнтральнай плошчы горада, дзе адбудзецца выступленне зводнага духавога аркестра, паказальныя выступленні мажарэтак, гасцей і лаўрэатаў фестывалю.
Шмат гадоў зводным аркестрам дырыжыруюць даўнія сябры фестывалю духавой музыкі дацэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Барыс Сцяпанавіч Чудакоў і народны артыст Беларусі Міхаіл Іванавіч Берсан.