Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Уток і аснова – на палатне традыцыі

Кросны. Ад самога гучання гэтага слова нібы зыходзіць дух спрадвечнасці. І – трываласці, непарушнасці светабыцця. І хоць прагрэс не стаіць на месцы, і кроснам знойдзены больш дасканалыя замяняльнікі, усё роўна ткацтва жыве. І, як аказваецца, менавіта жыве, а не дажывае век. Гэта пацвярджаецца тым, што на V-м рэгіянальным свяце-конкурсе па ткацтву “Матчыны кросны” сярод удзельнікаў пераважалі дзеці. А калі маладое пакаленне цікавіцца спрадвечным – традыцыя жыве і пашыраецца.SAM_1608

У Старых Дарогах, дзе на гэты раз ладзілася мерапрыемства, Вілейшчыну прадстаўляла ўся сям’я Дубягаў – бацькі і адзінаццацігадовы Мацвей з Цімафеем, якому толькі ў верасні споўніцца шэсць. Праўда, мама Аксана прымала ўдзел толькі ў конкурсе хатніх работ, бо ўжо атрымала Гран-пры І-га абласнога конкурсу па ткацтву паясоў, што праходзіў не так даўно ў Уздзе. Таму яна, у асноўным, дапамагала сваім мужчынам, падтрымлівала іх. І яны не падвялі, атрымаўшы не адзін, а адразу некалькі дыпломаў у конкурсе, дзе ўсяго ўдзельнічала каля шасцідзесяці чалавек. Сям’я Дубягаў атрымала дыплом як лепшы сямейны калектыў. Як расказаў Сяргей Анатольевіч, Мацвей прапанаваў зрабіць самы доўгі пояс. І за паўтары гадзіны (такім быў рэгламент) у іх атрымаўся пояс даўжынёй у трынаццаць метраў. Як вынік – Гран-пры за творчае мысленне і наватарскі падыход да вырабу паясоў. Атрымаў дыплом і малодшы сын Дубягаў, Цімафей, – як самы малодшы ўдзельнік. Аксана Дубяга таксама вярнулася дамоў з узнагародай – яна атрымала дыплом ІІІ месца за зберажэнне традыцый ткацтва паясоў.
Паясы, тэхнікамі ткацтва якіх валодае ўся сям’я Дубягаў, даводзілася бачыць. І, скажу вам, трымаюць яны цеплыню чалавечых рук. А разнастайнасць тэхнік, народныя традыцыі, што выкарыстаны пры іх стварэнні, робяць іх сапраўднымі артэфактамі.
Таццяна
ШАРШНЁВА
Фота
прадстаўлена Сяргеем
ДубЯгам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries