Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Экскурсия в парк истории «Великое княжество Сула»

Прадстаўнікі працоўнага калектыву Вілейскага дзяржаўнага каледжа днямі наведалі парк гісторыі «Вялікае княства Сула». Экскурсійную паездку арганізавала прафсаюзная арганізацыя пры падтрымцы адміністрацыі гэтай навучальнай установы.

Будзем шчырымі, многія з нас не чулі пра наяўнасць такой адміністрацыйнай адзінкі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Княствы і ўсё звязанае з імі падаюцца нам глыбока архаічнымі тэрмінамі, якім не месца ў нашым лексіконе. І ўсё ж навакольны свет існуе не без людзей, якія маюць жаданне акунуцца ў глыбіні гісторыі і поўнымі жменямі зачэрпнуць адтуль веды аб сваім мінулым, аб тым, адкуль ёсць і пайшлі беларусы, коштам якіх ахвяр папярэднія пакаленні прывялі нашчадкаў да іх сённяшняга светаўспрыняцця, разумення сваёй ролі ў зменлівым, насычаным падзеямі часе.


…А пачыналася ўсё са старадаўняга паганскага капішча, адноўленага стваральнікамі парку на месцы, дзе яно размяшчалася паўтысячы год да нашай эры, калі існаваў культ пакланення прыродзе, калі чалавек абагаўляў навакольны свет і бачыў сябе ў ёй драбнюткай часцінкай, нішчымнай і бездапаможнай… Нашы продкі прайшлі пасля цярністы шлях духоўнай эвалюцыі. Шлях ад паганскага капішча да замкавых вежаў, пад якімі нараджалася і шліфавалася багатая культура сярэднявечча.


У так званым замку Міндоўга яго сённяшніх гасцей, як і стагоддзі таму, сустракаюць гукамі жывой музыкі. Адзін з музыкаў, адарваўшыся ад інструмента, бярэ ў руку шаблю, пачынаючы распавядаць пра складаемыя шляхецкай культуры. У замкавай прасторы нараджаліся дзіўныя мелодыі, узброеныя рыцары, якія не сёння-заўтра рыхтаваліся у ваенны паход, прысвячалі вершаваныя радкі закаханым у іх паненкам і паннам. Тут ствараліся ўзоры сярэдневяковага жывапісу, ткацтва. Яны і сёння, у рэканструяваным выглядзе, упрыгожваюць сцены таксама адноўленых да новага жыцця шматлікіх аб’ектаў парку гісторыі.


Сула – вынік дбайнай працы рэканструктараў згодна праекта аўтара ідэі Андрэя Запольскага. Тое, што створана на месцы разбуранага гняздоўя высакароднага роду Ленскіх, не існавала тут раней у такім выглядзе. Тут адноўлена, акумулявана гістрыя дзесяткаў такіх жа знявечаных часам шляхецкіх маёнткаў, з іх абавязковай атрыбутыкай духоўнага і матэрыяльнага кшталту. Праходзіш мост, ловячы шум струменяў падаючай вады, і нібыта трапляеш у іншае вымярэнне. Распрамляецца пружына часу – і выводзіць цябе на ўзбярэжжа возера, дзе застыў у чаканні пачатку далёкага падарожжа па гандлёвым шляху «з варагаў у грэкі» драккар, старадаўні плаўсродак усюдыіснага купецтва.

Сёння – гэта пазнавальная забава для турысцкіх груп, якой не прамінулі пакарыстацца і госці з Вілейкі. Поўнае кола ўздоўж узбярэжжа – і ў поле зродку трапляюць большасць значных аб’ектаў парка. Гэта і старое капішча з пантэонам славянскіх багоў, і музей-канюшня, і каралеўская асамблея, і паляўнічая рэзідэнцыя караля Стэфана Баторыя… На пружыне часу сышліся эпоха варагаў, сярэднявечча, эпоха шляхецтва. У беларускім мястэчку, калі вы не палянуецеся прайсціся па брукаваных, выкладзеных блакітна-шэрым каменем сцежках, вы пакаштуеце хлеб, які выпякаўся нашымі продкамі і казіны сыр. Сучасная сыравіна ўжо і сёння выспявае на навакольных палетках, фарміруючыся ў тугі жытнёвы колас. А на лужку, побач з блакітнай Сулай, якой давялося аздабляць яшчэ эпоху варагаў, пасуцца спрытныя рахманыя козачкі.

Аптэка «Зёлкі», ткацкая майстэрня, яўрэйская лаўка… І вось ён – чаканы для большасці аб’ект: музей сульскай старкі. Чаканы, бо дзе яшчэ легітымна, у публічным асяроддзі, паспрабуеш на смак забаронены для кустарнай вытворчасці прадукт? Вадкасць на дне кілішка мае янтарны колер і церпкі смак. Кавалак салёнага агурка дадае пазітыўных адчуванняў у эфект спажывання спаконвечнага сялянскага прадукту. Музей бортніцтва і батлейка дадаюць эмоцый у рэаліі светаадчування стогадовай даўніны.
Сульскі парк інтэрактыўны. І тут можна атрымаць майстар-клас ігры на дудзе і фісгармоні, навучыцца некаторым каленцам сярэднявечных танцаў, пакруціць ганчарнае кола. Увогуле, усё можна памацаць, пакратаць, а некаторае, як ужо ўпэўніліся, і пакаштаваць на смак. Катанне на брычцы, даўняя панская забава, тут вельмі папулярная сярод юнага кантынгенту наведвальнікаў. А да нядаўна ўведзенага новага віду паслуг – коннай чыгункі, ужо прызвычаіліся і дарослыя наведвальнікі Сулы.

Марыя КУЗАЎКІНА/Фота Тамары КАРАЦІНСКАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 145 queries