Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Жывы гук газетнага слова

Зусім нядаўна мы адзначылі 70-годдзе свайго выдання. У памяці – усе нюансы ўрачыстасці, да якой наш калектыў з хваляваннем рыхтаваўся. І вядома – віншаванні. Афіцыйных асоб, сяброў па пяру, нястомных нашых памочнікаў – пазаштатных карэспандэнтаў. Усе яны гучалі шчыра, нестандартна, бо, пэўна, не выпрацавала яшчэ грамадства адпаведнага трафарэту ў сваіх узаемаадносінах са сродкамі масавай інфармацыі. Відавочна, таму, што і самі яны – нестандартныя. Жывыя думкі журналістаў, як жывы гук у музыцы, здольныя ствараць адпаведны настрой чалавеку, вымушаць яго суперажываць нейкай з’яве ці дзеі, у пэўным сэнсе слова – плакаць і смяяцца. Гэта ўжо ў залежнасці ад таго, якая інфармацыя трапляе на газетныя старонкі і як трансфармуецца яна ў журналісцкай свядомасці.
Сёння можна настальгіраваць па тых часах, калі дабротны нарыс ці фельетон значыліся ў спісе шыкоўных гаспадароў, а не сціплых часцей газетных старонак. Цяпер сітуацыя развіваецца ў адваротным напрамку. Наш паспешлівы час стварае пэўную мітусню і ў інфармацыйнай прасторы, пазбаўляючы чытачоў жадання аналітычнага ўспрыняцця рэчаіснасці. Пабольш звестак, пабольш падзейнасці патрабуе ад журналістаў чытальніцкая аўдыторыя. Яна ў адначас навучылася смакаваць так званыя «смажаныя» факты, яшчэ лепш, калі з крымінальным падтэкстам. Мы асабіста ў гэтым пераконваемся падчас так званай зваротнай сувязі з чытачамі. Чаму так бывае? Чаму пазітыў нас часам раздражняе, а негатыў выклікае прыхільную рэакцыю? Хоць па логіцы рэчаў павінна б быць зусім наадварот? Мне здаецца, што гэта той выпадак, калі выданне не павінна падыгрываць такім густам пэўнай часткі сваіх чытачоў. А грамадскую думку варта схіляць у рэчышча стваральніцтва, а не разбурэння. Большасць СМІ і працуюць у гэтым напрамку, робячы акцэнт на тых бачных пераменах, зрухах да лепшага, якія апошнія два дзясяткі год і маюць месца ў нашым грамадстве. Мы на сусветнай арэне занатаваліся як незалежны, горды народ, што вядзе сваю самастойную шматвектарную палітыку.
Нас паважаюць, з намі лічацца. Пра гэта сведчыць і нядаўні візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Грузію, народ якой таксама было трапіў у эпіцэнтр палітычнага ператрусу. Пазітыўны розгалас ад гэтага візіту прагучаў не толькі ў айчынных сродках масавай інфармацыі. Арыенцір на кансалідацыю,гуртаванне вакол агульнапрынятых маральных нормаў, духоўных каштоўнасцяў – гэта курс, які ўласцівы і нашаму выданню. Такі настрой у журналістаў раёнкі, яе пазаштатных аўтараў. Аб ім сведчаць усе нашы публікацыі.
Калег па пяру, тых, хто займаецца дызайнам газетных палос, паліграфістаў ААТ «Чырвоная Зорка», актывістаў і распаўсюджвальнікаў друку, нашых заснавальнікаў – раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў – усіх віншую з Днём друку, нашым агульным святам. Шчаслівага вам Першамаю, Дня Перамогі і ўсіх даброт, якія даруе нам акаляючы свет.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 126 queries