Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Вербны» матыў

Увогуле, заўтрашняя нядзеля павінна бы мець назву «пальмавай». Галінкі менавіта гэтага паўднёвага дрэва сцялілі пад ногі Пану Езусу захопленыя яго ўваходам у Іерусалім гараджане. Толькі тэрмін трансфармаваўся пад прыродную атрыбутыку нашага больш паўночнага асяроддзя. І таму – вербная.
Не трэба мець вельмі багатую фантазію, каб уявіць, як гэта дзея адбывалася на пачатку новай эры. Яе сюжэтнае адлюстраванне мы бачым штогод пад сутарэннямі хрысціянскіх святынь. Святочна прыбраны люд, на тварах – урачыстае прадчуванне нечага незвычайнага і таямнічага. У руках – аздобленыя штучнай і натуральнай квеценню галінкі вербалозу з гатовымі ў хуткім часе раскрыцца пупышкамі. Яны – сімвал нашай веры, нашага навяртання да сусветна ўшанаваных святынь. Каму ўдалося здзейсніць паломніцтва ў святую зямлю, той яшчэ раз перажыве вострае духоўнае адчуванне блізкасці падзей шматвекавой даўнасці і амаль фізічны боль з прычыны вераломства натоўпу, які за тыдзень часу і ў такім жа ўзбуджаным выглядзе, змяніўшы радасць на гнеў, ажыццявіў найвялікшую здраду свету.
Але не будзем пра сумнае. Заўтра ў хрысціян-католікаў – вербная нядзеля. Яшчэ не зняты ў храмах жалобныя покрывы з абразоў святых. Але ўвесь святочны дзень прасякнуты прадчуваннем урачыстага шэсця Хрыста па брукаваных вуліцах Іерусаліма. Будуць слёзы, будзе крыжовая дарога пакут. А пакуль – радасць.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 127 queries