Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Спачатку было Слова

У суквецці майскіх свят – Дзень друку. Традыцыйна яго адзначаюць не толькі журналісты, а і ўсе, хто мае дачыненне да друкаванага слова. Шэраг спецыялістаў высокага ўзроўню займаюцца дызайнам выданняў, надаючы ім належны эстэтычны выгляд. Даюць пуцёўку ў жыццё паліграфісты. Даносяць да чытачоў паштавікі, да распаўсюджання выданняў маюць непасрэднае дачыненне работнікі «Саюздруку»…
Напярэдадні свята хочацца добрыя словы адрасаваць і пазаштатным аўтарам раёнкі. Тым, хто не на абавязку, а па закліку сумлення становяцца добраахвотнымі памочнікамі газеты, даводзячы чытачам актуальную, пазнавальную і цікавую інфармацыю з месцаў. Мы ўдзячны за супрацоўніцтва сям’і Кутасаў з Ільі – сям’і творчай, небезуважнай да разнастайных праяў нашага хуткаплыннага і зменлівага часу. Пастаянна інфармуе раёнку аб усіх навінах моладзевага жыцця рэгіёну Вераніка Гайчук, якая і па службоваму абавязку займаецца справамі маладых. Даўно і эфектыўна газета супрацоўнічае з аддзелам эканомікі райвыканкама. А наш сумесны праект двойчы быў пераможцам конкурсаў, арганізаваных Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь. Творчыя стасункі газета мае і з аддзелам ідэалагічнай работы райвыканкама. Зыходзяць яны ад агульнага ўзаемаразумення, даверу, усведамлення важнасці той справы, якой мы ўсе служым.
Напярэдадні свята мы традыцыйна прымаем віншаванні. Ад падпісчыкаў – чытачоў, ад тых, каму газета аказала некалі «хуткую» дапамогу, каго мы падтрымалі сваім журналісцкім словам.
Дарэчы, і нас, працаўнікоў творчай нівы, неаднойчы падтрымліваюць нашы чытачы. Асабіста я ўдзячна за добрыя, шчырыя водгукі мітрафорнаму пратаіерэю, благачыннаму вілейскіх прыходаў Айцу Сімяону Мацюху. Журналісцкія працы ён ацэньвае з пазіцыі духоўнай асобы, падыходзіць да іх з меркаю выхаваўчага ўплыву на чалавечую свядомасць. Такія водгукі – высокі стымул для творчай узнёсласці журналіста. Тым больш, што зыходзяць яны ад чалавека неардынарнага, які служэннем Богу і клопатам ад чысціні людскіх душ заслужыў у грамадстве павагу і аўтарытэт.
Увогуле,з Днём друку ўсіх, хто мае дачыненне да гэтага свята, усіх, хто служыць яго вялікасці Слову – пачатку ўсіх пачаткаў, служыць аддана і верна, памятаючы аб сіле яго ўплыву на душы і сэрцы чалавечыя.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 127 queries