Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Мінскай праўдзе» – 65

У мінулую пятніцу рэспубліканскі Дом прэсы прымаў удзельнікаў урачыстасці, прысвечанай гэтай даце. Крыху больш, чым на дзесяць год, супалі лініі майго жыцця і абласнога выдання. Увесь гэты час мы ішлі побач. Разам трапілі ў віхуру гарбачоўскага ператрусу. Разам, раптоўна мужнеючы, шукалі сваё месца ў паліфаніі думак і ідэй. Атрымаўшы запрашэнне на юбілей, з нейкай пакутнай асалодай перабірала ў памяці былое. Асалодай – таму што самае добрае, што мог мне некалі падарыць журналісцкі лёс – гэта «Мінская праўда». Пасля ў жыцці стварыўся своеасаблівы водападзел: гэта было «да», а гэта – «пасля». Дык вось сярод таго, што надарылася «да» – бескарыслівыя сябры, мудрыя, тактоўныя. І галоўнае – таленавітыя.
Ірына Андрэева. Яна прыйшла ў «МП» з міліцэйскай газеты. Прыйшла з каларытным пяром, асаблівым «андрэеўскім» стылем, які не рашалася карэктаваць наша нязменная, вось ужо на працягу чвэрці веку, стыльрэдактар. Ірына па-свойму ўспрыймала гэты свет, веруючы ў вышэйшую любоў і справядлівасць. Гэта была не столькі вера ў Бога, хутэй, – у кармічную непазбежнасць адказнасці за ўчыненае.
Мікалай Кароль – аўтар большасці газетных загалоўкаў, журналіст з імем, пісьменнік, аўтар некалькіх кніг паэзіі і прозы. А яшчэ – чалавек, які лічыў сябе абавязаным. Сябрам, знаёмым ды і наогул усім, хто меў нагоду звярнуцца да яго з просьбай. Ён так ахвотна прымаў працягнутую з пустыні адчаю руку, нібы ўсё жыццё толькі і чакаў гэтага красамоўнага жэста.
Віктар Слаўнікаў – па прызванню “кантакцёр”. Дзякуючы і яму ў тым ліку, газета мела дастойную падпіску і ўнушальны прыбытак ад рэкламы.
Ах, хлопцы-дзяўчаты! Як балюча, што на юбілеі нашай газеты не ўдалося паціснуць вашы рукі, цнатлівым пацалункам крануцца вуснаў і шчок… Што такія, як вы, і там патрэбны, служыць слабым суцяшэннем ва ўсведамленні незваротнасці страты.
Кажуць, чалавеку ўласціва ідэалізаваць мінулае. Магчыма, яно і так. Маладосці належыць зусім іншае светаадчуванне. Яно пазбаўлена сумненняў, яно грунтавана на пачуццях уласнай выключнасці. Не пазбаўлена яе была і аўтар гэтых радкоў. Мы з калегамі адстойвалі сваё права на аўтарскі стыль. І цяпер ужо сама, займаючы пасаду рэдактара раёнкі, здзіўляюся, як тады Мікалай Шлома з намі спраўляўся. Ён, дарэчы, рэдагуючы абласную газету, таксама меў уласнае пяро. Друкаваўся і ў «Мінскай праўдзе», і ў іншых выданнях. Друкуецца і цяпер, імкнучыся, як кажуць, не губляць кваліфікацыі.
Сёння ў «Мінскай праўдзе» – новае пакаленне журналістаў, новы рэдактар. Ёсць амбіцыйныя планы. Тыя, што на карысць газеце, няхай здзейсняцца. І ўсё ж, няхай захаваюцца традыцыі, цагліны ў падмурак якіх пакладзены папярэднікамі – маімі сябрамі. І гэта будзе лепшай памяццю пра іх.
Дрэва штогод абнаўляе крону. Але жыве толькі тое, у якога – моцныя карані.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 126 queries