Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Крыжовы шлях

Увесь крыжовы шлях Хрыста замешаны на здрадзе. Цяпер, у дні Вялікага паста, кожны з сапраўды веруючых жыве адчуваннем непераходзячай вінаватасці ўсяго роду людскога за гэту справакаваную зайздроснікамі смерць. Біблейская гісторыя з усіх паплечнікаў-апосталаў вылучае Юду – сына Сымона. Але самы хцівы і абыякавы ў сваім раўнадушшы да маштабаў здзейсненай правіны здраднік у адзіночку нічога не варты. Патрэбна мець цэлы клан тайных хаўруснікаў, каб дабіцца жаданай мэты.
Біблія – вялікая кніга жыццёвай мудрасці. Найпершая з яе выснова – навука стойкасці перад жыццёвым болем. Не тым, фізічным, што даецца нам у пакуту за правіны для ачышчэння цела і ўзмацнення духа. Пякучы боль працінае чалавечую свядомасць там, дзе для яго пачынаецца духоўнае вымярэнне існасці.
Акаляючы нас свет натолены грэхам. Штодня мы цешым ворага роду чалавечага, парушаючы евангельскія запаветы – ілжэм, судзім бліжніх, прысвойваем тое, што нам не належыць, не ўтаймоўваем жаданні… І пералік гэты бясконцы. Не ведаю, як духоўныя нашы айцы, прымаючы споведзь, захоўваюць сілу Духа перад патокамі вылітых на іх экспромтаў пакаяння.
Пост перад Вялікаднем – гэта верагоднасць для кожнага верніка глыбей пачысціць сваю душу. Вызваліць яе ад бруду і глею, як вызваляе ад іх рыбак закінутыя ў мора сеткі. Выцягнутыя з ціны, яны адчыняюць воку ўсё мярзотнае змесціва прыдоннага слою. Вось і «вошкаемся» мы ў падобнай брыдоце, дзівуючыся, калі паспела ўсё гэта наплыць у нашы грэшныя душы. Многае ў той плыні – рэштак стасункаў, якія давялося нам перажыць, перанесці, пераварыць у сабе, пазбавіўшыся такім чынам добрага намеру захаваць у сабе сэрцы праведнікаў. Акаляючае жыццё з яго бурнымі рытмамі пазбаўляе чалавека высакародства, дабрыні, любові. Памятаецца, владыка Павел, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, падчас аднаго са сваіх духоўных візітаў у вілейскі край, зазначыў літаральна наступнае: Любоў да бліжняга – галоўная хрысціянская запаведзь. Рэалізуецца яна – будуць здзейснены ўсе астатнія… Якое дакладнае выказванне!
З любоўю не забіваюць, не крадуць, не абражаюць, ілжыва не сведчаць… З любоўю, урэшце, не здраджваюць. Пры ўсім тым сказаным усё ж вярэдзіць свядомасць адна таемная думка: не было б здрады Юды, не стала бы магчымай высокая самаахвярнасць Езуса Хрыста…
Даруем тым, хто нам здрадзіў?
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries