Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Калядная настальгія

Каляды – для мяне гэта ўспамін аб яшчэ жывых бацьках, утульнасці роднай хаты, паху сена, накрытага белым кужэльным абрусам. На падрыхтаваны ў духу хрысціянскіх традыцый стол выстаўляліся посныя стравы. А ў цэнтр клалася аблатка – далікатная выпечка, танюткая і белая, з выяваю вобразаў сям’і Збавіцеля. Бацька, паголены, у свежай кашулі, беражліва браў яе ў рукі дрыготкімі, асцярожнымі пальцамі і працягваў па чарзе кожнаму, хто сядзеў за сталом у чаканні рытуальнай вячэры. Яго далоні, мазольныя, са слядамі мазуту, супакойна складзеныя на грудзях, я запомніла на ўсё жыццё, калі ў жалобным паклоне схілялася потым над пахавальнай труной. Ён быў калісьці лепшым у ваколіцы механізатарам. І калі ўжо пайшоў на пенсію, усё ладзіў і ладзіў свой маленькі трактарчык, з кузавам наперадзе кабіны. І той усё соўваўся і соўваўся на размытых каляінах прасёлкавых дарог па няхітрых сялянскіх патрэбах. Без яго рахманага, як у старога кабана, рохкання, напэўна не ўяўляла сябе вёска.
… Яшчэ да вячэрняй куцці бацька выпраўляўся ў лес выбіраць ёлку. Ён рабіў гэта з асалодай і натхненнем, як найвялікшую справу свайго жыцця. Хадзіў па лесе да змяркання. І калі шэры змрок упаўзаў у хату праз ваконныя шыбы, раздаваўся брэх нашага Тумана – і глуха стукалі весніцы, даносячы ў хату шоргат яловых галін. На іх іскрыліся белыя вуалі снягоў, распаўсюджваючы па хаце чысты і свежы пах хвоі. Прайшло колькі часу з гадоў майго дзяцінства. А я штогод, перад калядамі, узнаўляю ў сваёй памяці той непазбыўны водар хвойнага лесу. І не магу ўпрыгожваць штучнай ялінкай кватэру. Здаецца, страчу тады ў жыцці самае дарагое адчуванне і да яго ўжо ніколі не будзе вяртання.
Памятаю, як мы ўсе дружна ўпрыгожвалі ёлку, недахоп бліскучых цацак кампенсуючы папяровымі ланцужкамі ўласнай работы. Маці ў гэты час распальвала ў прасе вуголлі, перакідваючы яго з рукі ў руку. Лёгкі дымок ад «жэлязка» (паланізм – М. К.) плыў па хаце, распыляючыся па беласнежным абліччы нядаўна пабеленай грубкі.
Мы, дзеці, свята верылі, што на белым абрусе стала ноччу з’явіцца маленькае дзіцятка. Менавіта такое, якім мы яго ўяўлялі па выявах калядных паштовак. Перамагаючы страх начной цемры, употайкі падыходзілі да стала, мацалі сена, мяркуючы адчуць жывое чалавечае цяпло. Святая дзіцячая наіўнасць. Вера без сумненняў, народжаных доўгім шляхам пазнання. Шукаючы ісціну, мы ўсё больш губляемся на скрыжаваннях. Бо спадзяемся на яе фізічнае праяўленне ў матэрыяльным свеце. І гэта марнае спадзяванне.
Падары мне шчасце вяртання, калядная ноч. Запалі Віфлеемскую зорку, як абярэг, над лёсам усіх маіх блізкіх. І няхай свеціць яна ім праз гады, наталяючы душы надзеяй.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 126 queries