Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Духоўнае самалячэнне дазваляе сабе толькі моцны народ

Праблема ўдасканальвання ідэалагічнай работы аднолькава хвалюе ўсіх нас – і журналістаў, і ідэолагаў, разам адказных за фарміраванне грамадскай думкі, светапогляду і духоўнае самаадчуванне чалавека.

Як і шэраг іншых рэгіянальных выданняў Міншчыны, вілейская раёнка ўсё больш замацоўваецца ў інфармацыйнай прасторы вобласці. Мы рэалізоўваем праекты, наладжваем тэматычныя выпускі, што карыстаюцца несумненнай увагаю чытачоў. У адным з іх «От дома отчего – к будущему общему» знайшла адлюстраванне важнейшая дзяржаўная праграма дэмаграфічнай бяспекі. Ён стаў пераможцам IV Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ за лепшы творчы праект году сярод рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Прэзентуючы свой праект, мы так акрэслілі яго асноўную тэматыку: «Акрамя адвечных тэм мацярынства, бацькоўскага дома, праект будзе ўзнімаць праблемы фарміравання асобы, здольнай абараніць сябе ад негатываў асяроддзя, стварыць здаровы лад жыцця. Мы будзем разам з вамі, паважаныя чытачы, разважаць аб будучым, у якім многіх з нас ужо, напэўна, не будзе. Застануцца пераемнікі. І прымуць у спадчыну нашу кроў, наш лад думак. Яны будуць глядзець на свет нашымі вачыма.

Адкрываючыючы спецвыпуск «Улада для людзей», мы звярнуліся да чытачоў са спецыяльнай прадмовай, у якой імкнуліся выкласці галоўную яго канцэпцыю, дзе ў аснове – дзяржаўная палітыка, накіраваная на рашэнне задач, пастаўленых перад краінай трэцім Усебеларускім народным сходам.
«Духоўнае самалячэнне можа дазволіць сабе толькі моцны народ. А мы такія і ёсць. Сумелі ж беларусы супрацьстаяць адкрытаму паклёпу на краіну, нацыю ў перыяд прэзідэнцкай кампаніі, сумелі арганізавацца і рэалізаваць сваё жаданне і права «людзьмі звацца..» А калі мы сёння гаворым аб дэбюракратызацыі апарата, гэта значыць, мы зноў аб’ядноўваемся. Не супраць чыноўнікаў. Яны такія ж людзі. Мы аб’ядноўваемся супраць усеўладнасці пасады, а не закону, супраць раўнадушша і безуважнасці.»
«Чытач – газета» – гэта спецыяльны выпуск у рамках праекта, які дазваляе выдзеліць асноўныя вузлы супярэчнасцей у нашым развіцці. Як водгук на ўзнятыя праблемы – выпускі пад рубрыкай «Зваротная сувязь». Яны рыхтуюцца як журналістамі раёнкі, так і супрацоўнікамі ідэалагічнай службы райвыканкама. Першыя ўтрымліваюць агляды звяртанняў у рэдакцыю і рэагаванні на іх з боку адказных асоб. Другія – канкрэтныя адказы на пытанні, узнятыя ў працоўных калектывах падчас правядзення ў іх адзіных дней інфармавання і сустрэч з інфармацыйна-прапагандысцкімі групамі райвыканкама. Спецыялісты ідэалагічнага аддзела райвыканкама акумулююць і аналізуюць рэагаванні адказных асоб і на гэтай аснове рыхтуюць матэрыял для газетных публікацый.
Хутка будзе пяць год, як газета прыступіла да выпуску свайго тэматычнага праекта «Вілейская ніва». Ён асвятляе ход выканання дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі У полі зроку журналістаў раёнкі – складанае жыццё сельгасвытворцаў. З усімі іх гаспадарчымі, кадравымі. сацыяльнымі праблемамі. Менавіта дзякуючы ініцыіраванай Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь праграме, вёска сёння глядзіць у будучае. У выпусках спецпраекта мы асвятляем працэс яе адраджэння з усімі станоўчымі і негатыўнымі момантамі.
У межах рэалізацыі «Вілейскай нівы» газета «Шлях перамогі» ўстанавіла свой спецыяльны прыз «За адданасць полю». Згодна нашых умоў, яго атрымлівае ўдзельнік уборачнай кампаніі, які не дасягнуў рэкордных паказчыкаў, але ў экстрэмальных умовах жніва праявіў найвышэйшую адказнасць за лёс збажыны. Па традыцыі свой прыз рэдакцыя ўручае на ўрачыстым святкаванні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі ў Вілейскім Палацы культуры.
Уся шматпланавая тэматыка Году роднай зямлі, ініцыіраванага Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, знайшла сваё адлюстраванне ў спецвыпуску «Радзіма – з лёсам маім адзіная».
Ствараючы, а пасля і рэалізуючы свае праекты і спецвыпускі, мы ставім перад сабой мэту: у сканцэнтраваным выглядзе данесці да чытача сутнасць дзяржаўнай палітыкі. Прычым, не ў дэкларатыўнай форме, а на прыкладах рэальных вынікаў яе рэалізацыі. Узаемаразуменне і падтрымку многіх сваіх ідэй і пачынанняў мы знаходзім у аддзеле ідэалагічнай работы райвыканкама. План рэалізацыі некаторых праектаў, у прыватнасці, прысвечанага Году роднай зямлі, мы абмяркоўвалі і рэалізоўвалі затым разам. Журналісты раёнкі ўваходзяць у інфармацыйна-прапагандысцкія групы раённага выканаўчага камітэта, са спецыялістамі аддзела ўдзельнічаюць у выязных агітбрыгадах. Як вынік – сумесныя публікацыі з месцаў на газетных старонках. Разам з раённымі ідэолагамі мы арганізавалі вельмі папулярную сярод віляйчан акцыю «Чалавек года», якая мала таго, што вызначае асобу, вартую грамадскага прызнання, але і ўзнімае папулярнасць газеты якраз у момант піку падпісной кампаніі.
У большасці нашых творчых праектаў — ідэалагічны накірунак. «Вілейская ніва», «Світанкі над Віліяй», «Улада для людзей», «Прававое поле» маюць шырокае кола ўдзельнікаў. Мы цесна супрацоўнічаем у гэтым плане з ідэалагічным аддзелам райвыканкама, міліцыяй, службай па надзвычайных сітуацыях, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Таму ўсе нашы праекты маюць камунікатыўны характар. Яны папулярныя ў чытачоў і, як сведчыць перамога ў Нацыянальным конкурсе, заслугоўваюць адпаведную адзнаку ўладных структур.
Мы не гонімся за танным аўтарытэтам, які заваёўваецца метадамі папулісцкага характару. І тыраж газеты сведчыць, што чытачы прымаюць такія правілы нашых паводзін.
Прыкра тое, што аўтары мясцовага апазіцыйнага сайта, падаючы неправераную інфармацыю, аперыруюць паняццямі «кажуць», «па чутках» і гэтак далей. І ўпікаюць наша выданне ў адсутнасці падобнага кшталту «навін». Фарміруючы стыль сваёй газеты, мы зыходзім з галоўнай запаведзі публіцыста, не нашкодзіць.
На мой погляд, папулярнасць газеты павінна грунтавацца на аб’ектыўнасці інфармацыі, адсутнасці смакавання «смажаных» фактаў. Ад якіх, дарэчы, часта патыхае элементарным здзекам над чалавечымі пачуццямі. Ідзе гэткі, прабачце мяне за натуралізм, трупны пах. Але ў тым, што нашай газеце, няхай сабе і бездапаможна, апаніруюць, ёсць сэнс. З «ветракамі» сёння апазіцыйна настроеныя дзеці цывілізацыі не змагаюцца.
З маім меркаваннем можна не пагадзіцца, але я ўпэўнена, што падзел друкаваных выданняў на рэгіянальныя і цэнтральныя адносна ўмоўны. Мы аднолькава вырашаем праблемы нашага развіцця, выкарыстоўваючы для гэтага жанравыя і публіцыстычныя магчымасці газетнага радка. А па свайму ўплыву на інфармацыйную прастору мы апераджаем асноўную большасць рэспубліканскіх выданняў.
Няма газет вялікіх і малых. Ёсць адно паняцце – друкаванае выданне. Так і аўтараў іх не дзеляць па рангу. Для іх вызначэння існуе адно яднаючае ўсіх паняцце: журналіст. І гэта не проста прафесія, гэта – лад жыцця, думак, вечны настрой на барометр грамадскай свядомасці.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 130 queries