Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Бедная куцця

Так называлася ў нашай мясцовасці вячэра напярэдадні дня Божага нараджэння. Рыхтаваўся посны стол, урачыстасць якому надавала сама яго нязвыклая сервіроўка. Увечары бацька прыносіў з хлева невялікае бярэмя сена, нарыхтаванага з ранніх лугавых траў. Яно захоўвала водар канюшыны, якім пранікаўся кожны куток нашай сціплай вясковай хаты. Рассыпанае па стале роўным слоем, сена прыкрывалася бялюткім ільняным абрусам. Чакаючы свайго часу, ён доўга гойдаўся на двары, вымярзаючы да высыхання і набіраючы белі акаляючых снягоў. Каляды ў часы майго дзяцінства былі сапраўды зімовымі. За аснежанаю ваколіцай хаваўся недалёкі лес. Бярозу ў нашым двары аздабляў іней, надаючы прыродную адметнасць гадавому святу. А след палазоў лёгкіх санак у напрамку ельніку сведчыў, што народ рушыў за ёлкамі – важнейшым элементам каляднай атрыбутыкі.
Пасярод стала клалася «аплатка» – тоненькая, як крохкая папяровая палоска выпечка з выявамі евангельскіх сюжэтаў. А вакол выстаўлялася тое, што мелася на той час у сялянскай хаце: салёныя гуркі і квашаная капуста, настоеныя ў драўлянай дзежцы грыбы, мочаныя брусніцы. З крамы прыносіліся селядцы. Ад доўгага знаходжання ў бочцы яны мелі рыжаваты налёт, які нагадваў карозію на бліскучай металічнай паверхні. Маці ўсё гэта адчышчала, мыла, рэзала, запраўляла цыбуляй і алеем. У кубкі наліваўся кісель з водарам журавін. Іх мы, дзеці, збіралі восенню, скачучы па балотных купінах і рызыкуючы праваліцца ў мутную твань. Меліярацыя ў тыя часы толькі пачыналася.
Бацька браў у рукі «аплатку» і падносіў яе пачаргова да кожнага члена сям’і. Мы асцярожна, з глыбокай пашанай, адшчыквалі ад яе кавалачкі, жагналіся і моўчкі прыглатвалі. Не жуючы, – так вучыла бабуля. Пачыналася калядная вячэра… А пасля яе наступала ноч, напоўненая тайнай чакання. Бабуля казала, што менавіта ў гэты час, калі цемра ахіне сваім чорным плашчом зорнае неба, на пакрытым сенам стале з’явіцца нованароджанае дзіцятка – маленькі Езус. Такі, як на калядных паштоўках, што даходзілі ў нашу вёску ад замежных эмігрантаў, якія ў розныя часы і па розных прычынах пакінулі радзіму.
Сон агортваў раптоўна, вейкі цяжэлі і змежваліся. Лёгкія здані дзіцячых мрояў збягалі з галінак навагодняй ёлкі. Спалася лёгка і светла. А раніцой, назіраючы пусты стол з кавалкам «аплаткі», мы, дзеці, вінавацілі сябе за такі моцны сон, які пашкодзіў нам угледзець найвялікшы цуд свету.
Колькі год мінула з тых часоў… Толькі і цяпер, наладзіўшы для сваіх блізкіх «бедную куццю», я ніколі не здымаю са стала нанач белага абруса.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 126 queries