У мінулую нядзелю сваю першую імшу ў якасці святара правёў ксёндз Раман Суша. Урачыстасці з нагоды яго далучэння да кагорты пакліканых прайшлі ў Вілейскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Удзельнікамі хвалюючай дзеі сталі многія вернікі-католікі, для якіх звыклая нядзельная імша была пазначана неардынарнай падзеяй у жыцці парафіі. І здзяйснялася яна на тым эмацыянальным узроўні, які выклікаў расчуленыя слёзы на вачах прысутных.
Эмоцыі падобнага кшталту суправаджаюць нас і ў паўсядзённым малітоўным парыве, калі ён не ператвораны ў звычку, а штораз нанава ўзнаўляецца нашай душой. У дадзеным выпадку касцёл маліўся і суперажываў маладому святару, раздзяляючы з ім радасць здзяйснення паклікання і папярэдняе прадчуванне мажлівасці адпушчаных яму лёсам выпрабаванняў.
Той, хто адважыўся быць духоўным настаўнікам, узяў на сябе адказную місію. Магу дапусціць, што патрабуе яна не толькі высокай асабістай духоўнасці святара, не толькі яго ўмення ўсталёўваць неабходны кантакт з асобай, якая расчыняе святару адчай і боль прагнучай збавення душы. Каб адарыць бліжняга супакоем, разважыць яго сумненні, прывесці да разумення ісціны пачатку і канца, трэба, напэўна,самому быць упэўненым. І ў ісціне, і ў актуальнасці патрабаванняў хрысціянскага кодэксу. І наогул быць адукаваным чалавекам. Калі апошняе даецца адпаведнай адукацыяй, то першае і другое – гэта сутнасць перакананняў святара, гармоніі, якая можа ўсталявацца ва ўзаемаадносінах яго з парафіянамі. А можа – і не… Ідучы на споведзь, чалавек адчувае сябе духоўна распранутым, засаромленым ад усведамлення грахоўнасці сваёй асобы. Магчыма, задача святара ў тым і ёсць, каб спачувальным і даравальным словам прыкрыць гэту аголенасць, падкрэсліць, а не зняважыць чалавечую вартасць.
А яшчэ святарства – гэта самаахвярнасць, свядомае адмаўленне ад існуючых у грамадстве каштоўнасцяў матэрыяльнага і сацыяльнага кшталту. І набыццё іншых, вышэйшага парадку, што існуюць за межамі абывацельскага ўспрыняцця свету.
Гэтыя думкі не пакідалі свядомасць, пакуль касцёльная супольнасць вітала новага святара. Раман Суша – не першы з віляйчан, хто стаў на шлях служэння Усявышняму. Да яго былі Кірыл Бардонаў, які, як і Раман, скончыў духоўную семінарыю ў Пінску, і Андрэй Ахрэм (ён набываў адпаведную адукацыю ў Польшы). Папраўдзе, можна ганарыцца вілейскай зямлёй, яе хрысціянскай каталіцкай супольнасцю, што вылучыла са свайго асяроддзя адразу трох неардынарных маладых асоб. Для здзяйснення высокай і пачэснай місіі.
Ксяндзу Раману – поспехаў, Боскага благаславення і людской падтрымкі.
Марыя КУЗАЎКІНА
Ахвярую вам сябе
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов