Ганаровай граматай Вілейскага райвыканкама да прафесійнага свята ўзнагароджана
сацыяльны работнік Ніна Лемешава – за шматгадовую працу, сумленнае выкананне службовых абавязкаў.
Сацыяльным работнікам Ніна Лемешава стала, можна сказаць, выпадкова. У маладосці закончыла радыётэхнічнае вучылішча і пэўны час працавала ў сталіцы на «Інтэграле». Хто ведае, можа, і да гэтага часу карпела б там над сваімі схемамі, каб не перамены ў асабістым жыцці. Выйшла замуж за мясцовага хлопца, і на сямейнай радзе вырашылі будаваць сваё гняздо на малой радзіме, у Вязыні. Хіба можа замяніць гэтае прыволле і прыроднае хараство гарадскі пейзаж, хоць нават і сталічны! Лемешавы аднагалосна зрабілі свой выбар і, дарэчы, ніколі ў жыцці не пашкадавалі аб ім. Уладзімір увесь час аж да выхаду на льготную пенсію шчыраваў у мясцовай гаспадарцы. Быў трактарыстам, шафёрам, кавалём. Працавітага чалавека кіраўніцтва цаніла і цэніць, таму і цяпер запрашаюць яго папрацаваць. І Уладзімір Уладзіміравіч не адмаўляе, па магчымасці дапамагае гаспадарцы.
А вось Ніну Васільеўну сам лёс прывёў тады ў паштовыя работнікі. Інакш і не магло быць – яе мама, Марыя Андрэеўна Саўчыц, аддала гэтай справе чатыры дзясяткі гадоў. Напэўна, па яе слядах пайшла б і дачка, каб не пэўныя пературбацыі. Так атрымалася, што давялося Ніне Васільеўне шукаць сабе новае працоўнае месца. Па шчаслівай выпадковасці тады патрэбен быў сацыяльны работнік, і жанчына без ваганняў ўзялася за гэту тады зусім ёй невядомую працу. Няпростую, як робіць вывад цяпер, але такую цікавую і, што самае важнае, патрэбную нямоглым і адзінокім аднавяскоўцам. У штодзённых клопатах непрыкметна праляцеў час, і сёння працоўны стаж Ніны Лемешавай у аддзяленні надомнага абслугоўвання складае ўжо чатырнаццаць гадоў.
– Для мяне яны, мае падапечныя, ужо сталі роднымі, – прызнаецца Ніна Васільеўна, – як і я для іх. Чакаюць заўсёды як дачку. І не толькі для таго, каб я выканала іх просьбы, дапамагла ў хатніх клопатах, але і каб проста пагутарыць. Цяпер іх у мяне восем. Найстарэйшая – Зінаіда Пятроўна Мандрык, якой ужо за дзевяноста. Купіць прадукты, вымыць падлогі, прынесці дровы, ваду, прыбраць да святаў вокны – гэта тыя звыклыя віды работ, якія выконваю ў сваіх падапечных. І ў Зінаіды Пятроўны – таксама. А іншы раз трэба знайсці хвілінку, каб з чалавекам проста прысесці і пагутарыць. І тады ўжо бабулька задае свае звыклыя пытанні: «Што чуваць на Вязыні, якія навіны?» Пагутарым крышку, і, глядзіш, павесялела мая суразмоўца, заблішчэлі вочы. Значыць, усё нармальна.
Як і ў кожнай вясковай гаспадыні, нямала клопатаў у Ніны Васільеўны і дома. Быў час, калі на падворку трымалі з мужам па дзве каровы, кабанчыкаў. Зараз жыўнасці меней: дзве козачкі ды куры, гусі. «Ну і два сабачкі ды тры каты, – смяецца жанчына, – для ўнукаў». Два сыны Лемешавых ужо маюць свае сем’і і жывуць асобна. Калі прыязджаюць да бацькоў з усімі пяццю ўнукамі, дык у хаце – сапраўднае свята. Пры дачцэ жыве і матуля, якой ўжо за восемдзесят.
– Калі выдаецца вольная хвіліна, люблю парадаваць блізкіх сваёй выпечкай, – падзялілася Ніна Васільеўна. – Унучкі з задавальненнем мне дапамагаюць. Пірагі, пячэнне, беляшы, чабурэкі – усё гэта ў нас заўсёды сваёй выпечкі. А ўлетку сямейныя даты ды святы адзначаем на прыродзе. На сваім падворку мужчыны арганізоўваюць шашлыкі, збіраемся ўсе разам. У такія хвіліны адпачываеш душой!
Такое яно, жыццёвае палатно звычайнай сельскай жанчыны Ніны Лемешавай. Нічога надзвычайнага, усё звыклае, як і ў многіх-многіх іншых: штодзённыя клопаты сельскай гаспадыні, нялёгкая праца. Ды вось, прызнаецца сама жанчына, іншага лёсу сабе і не хацела б, бо жыве яна з людзьмі і для іх. А што можа быць высакародней!
Ірына БУДЗЬКО/Фота прадстаўлена ДУ «Вілейскі «ТЦСАН»