Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

З газетай – па жыцці

Колькі сябе памятаю, памятаю і раёнку, якую ў нашай сям’і выпісвалі заўсёды. Чыталі яе бацькі вечарамі, у вольны ад працы час. Раздымалі газету звычайна з галоўным пытаннем: «Ну, на якім жа там месцы наш «Ленінскі камсамол»? Разгледзеўшы і абмеркаваўшы сельгасзводку, чыталі газету поўнасцю. Тады, у далёкім дзяцінстве, я нават і думаць не магла, што менавіта з газетай будзе звязана ўсё маё жыццё… Хоць, праўда, пэўная прафарыентацыя праводзілася ў школе – раздаючы нам правераныя сачыненні, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Іванаўна Прудніковіч (светлая ёй памяць) неяк сказала мне: «У цябе ёсць талент пісаць, развівай яго». Вельмі ўжо гучна было гэта сказана – талент, а вось здольнасці і жаданне пісаць і сапраўды былі з дзяцінства.

Заўсёды з хваляваннем прыгадваю той даўні ліпеньскі дзень 1986-га, калі ўпершыню прыйшла ў рэдакцыю вілейскай раёнкі ўладкоўвацца карэктарам. Вядомы будынак пад нумарам 35 па вуліцы Вадап’янава. Тут шмат гадоў добрымі суседзямі, аднадумцамі і партнёрамі (рабілі ж агульную важную справу) былі друкары (участак размяшчаўся на першым паверсе) і рэдакцыйны калектыў, які займаў другі паверх. Памятаю пах друкарскай фарбы, лязгат машын, якія сустракалі кожнага, хто сюды заходзіў. А хіба забудзецца тая цуд-лесвіца, па якой трэба было падымацца на другі паверх! Прызнаюся шчыра, спачатку на самай справе было страшнавата…

Ніколі не забудуся, як мяне, прэтэндэнта на карэктарскую пасаду, правяралі, што называецца, на прафпрыгоднасць. Тагачасны рэдактар газеты Рыгор Уладзіміравіч Пагуда і адказны сакратар Васіль Сямёнавіч Шкаеў (заўсёды з вялікай удзячнасцю ўзгадваю гэтых светлых людзей) паклалі перада мной газетную паласу, толькі што прынесеную з друкарні.
– Тут практычна ў кожным сказе памылкі, ваша задача – іх выправіць, – сказаў Рыгор Уладзіміравіч.

І я ўзялася за справу. Чытала-перачытвала, а тых памылак у кожным сказе не знаходзіла. Выправіла тое, што ўбачыла. З хваляваннем прынесла рэдактару, сказаўшы нешта накшталт «гэта ўсё, што ўбачыла». Чакала рэзкай крытыкі ад гэтага сур’ёзнага на выгляд чалавека, а ён, ацаніўшы маю работу, неяк хітравата паглядзеў і сказаў: «Правільна ўбачылі. Заўтра прыходзьце на працу».

Мне пашчасціла за час работы ў рэдакцыі на свае вочы бачыць, як удасканальваецца працэс выпуску газеты. Пачынала ў той час, калі яна набіралася на лінатыпе («грозная» машына вылівала свінцовыя радкі), затым быў больш удасканалены спосаб – фотанабор (ганаруся, што яго я нядрэнна асвоіла і нават замяняла іншы раз дыпламаванага спецыяліста), а сёння раёнка набіраецца і вярстаецца на сучасных камп’ютарах. Што ж, усё змяняецца, удасканальваецца, каб адпавядаць патрабаванням нашага часу. І гэта заканамерна.

Я ўдзячна лёсу, што звёў мяне на жыццёвым шляху з цікавымі людзьмі, у якіх я вучылася. Знакамітыя вілейскія журналісты Рыгор Пагуда, Марыя Кузаўкіна, Васіль Шкаеў, Яўген Лапіцкі, Міраслава Буданава, Наталля Валынец, Казімір Лубнеўскі, поруч з якімі мне пашчасціла працаваць, сталі і настаўнікамі ў прафесіі. Чытаючы публікацыі, пазнавала і пазнаю іх аўтараў па стылі і сваім почырку. У адметнасці, напэўна, і ёсць майстэрства, прафесіяналізм журналіста. Праца ў рэдакцыі звяла мяне з вельмі многімі іншымі цікавымі людзьмі, з якімі прыемна сустракацца і пра каго з удзячнасцю сёння ўспамінаю.
Прафесія журналіста – адна з самых цікавых і важных. Ва ўсякім разе, у мяне такое меркаванне. Як і кожная іншая, яна мае свой кодэкс гонару, правілы, якіх неабходна прытрымлівацца. Галоўнае з іх – заўсёды быць аб’ектыўным, не нашкодзіць, нават незнарок не пакрыўдзіць тых, хто сумленна жыве і працуе. Усе гады журналісцкай дзейнасці прытрымліваюся гэтага прынцыпа і заўсёды смела і без сораму гляджу ў вочы герояў маіх публікацый.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 141 queries