Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вядомы-невядомы салдат той вайны

Калі ўбачыла свет гісторыка-дакументальнае выданне «Памяць. Вілейскі раён», Алена Туровіч перш-наперш зацікавілася раздзелам, звязаным з Вялікай Айчыннай вайной. Так хацелася ёй убачыць сярод іншых і прозвішча блізкага чалавека… Дарэмна – пра Уладзіміра Куляша інфармацыі яна не знайшла. Ды як жа так! І пасля бацькавай смерці маці беражліва захоўвала яго афіцыйныя ваенныя дакументы: даведку Беларускага штаба партызанскага руху аб тым, што Уладзімір Іосіфавіч быў партызанам да ліпеня 1944-га года; яго баявую характарыстыку, падпісаную камандзірам брыгады «Дзядзькі Васі», якая пасля стала называцца «Народныя мсціўцы», В. В. Сямёнавым і камісарам Ф. С. Кузняцовым; чырвонаармейскую кніжку; даведкі са шпіталяў аб раненні і лячэнні; пасведчанні аб узнагароджанні медалямі «Партызану Айчыннай вайны I ступені» і «За перамогу над Германіяй» і іншыя.

– Сам тата ніколі не расказваў нам, сваім дочкам, пра ваеннае ліхалецце, – гаворыць Алена Уладзіміраўна. – Магчыма, гэта маўчанне было звязана з тым, што падчас службы затым у войсках НКУС ён даваў адпаведную распіску… Хто ведае. Ды і ўвогуле тата быў чалавекам надзвычай сціплым, бо як інакш растлумачыць такі факт: калі ў 1965 годзе да дваццацігоддзя Перамогі, а затым да 50-годдзя Узброеных Сіл СССР у 1968-ым уручаліся юбілейныя медалі, пра тату чамусьці «забыліся», і ён нікуды не звярнуўся, застаўся невядомым салдатам той вайны. Нам, яго дзецям і ўнукам, крыўдна, што так склалася, таму мне і захацелася запоўніць гэты прабел і расказаць пра тату. Усе звесткі, якія выкарыстоўваю, брала і з архіўных дакументаў (яны, дарэчы,захоўваюцца цяпер у музеі абласнога ўпраўлення МУС) і з успамінаў бацькавага ваеннага таварыша, аднавяскоўца Аляксея Ігнатавіча Шахрая.

Так з’явілася яшчэ адна гісторыя пра чалавека, які, як і многія іншыя, у грозны ваенны час бясстрашна змагаўся з ворагам.

Калі пачалася вайна, Уладзімір Кулеш жыў у невялічкай вёсачцы Навасёлкі, што ў Хаценчыцкім сельсавеце. Ён быў трэцім па ўзросце ў мнагадзетнай сям’і Іосіфа і Паўліны Кулеш, дзе нарадзілася сямёра дзяцей. Два малодшыя браты на той час былі яшчэ непаўнагадовымі, а Уладзіміру ўжо споўнілася дзевятнаццаць. Па прызыву лейтэнанта Кабылкіна (яго імя вяскоўцы не памятаюць), упаўнаважанага па Ільянскім раёне, Уладзімір разам з іншымі аднавяскоўцамі і хлопцамі з суседняй вёскі аказаўся ў партызанскім атрадзе «Мсцівец», які размяшчаўся тады ў раёне Плешчаніц. Гэта быў канец лістапада 1941 года. Да чэрвеня 1943-га атрад уваходзіў у склад брыгады «Дзядзькі Васі», якая потым стала называцца «Народныя мсціўцы», а пасля гібелі Васіля Варанянскага ёй было прысвоена яго імя. У атрадзе Уладзімір Кулеш быў у брыгадных, бо меў на той час чатырохкласную адукацыю і быў надзвычайна акуратны і дысцыплінаваны, працуючы з паперамі.

У ліпені 1944 года атрад «Мсцівец» у складзе брыгады імя Варанянскага ў Лагойскім раёне злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі. Пасля гэтага Уладзімір Кулеш прайшоў курс маладога байца і аказаўся ў 287-м стралковым палку войск НКУС. У складзе атрада спецыяльнага прызначэння быў адпраўлены ў Ашмянскі раён для барацьбы з бандыцкімі фарміраваннямі тых, хто ваяваў супраць савецкай улады. Кожны дзень жыцця ў такіх умовах мог стаць для яго апошнім… У гэтых мясцінах Уладзімір і сустрэў Дзень Перамогі. Затым была служба ў Зеленаградзе пад Масквой, дзе пры выкананні задання Уладзімір Кулеш быў цяжка паранены. Падлячыўшыся ў шпіталі, працягваў службу ўжо пад Грозным і толькі ў 1946-ым дэмабілізаваўся па стане здароўя і вярнуўся на родную Ільяншчыну, дзе пачаў працаваць міліцыянерам. У гэты час сустрэў маладую ўдаву Паліну, муж якой загінуў на фронце, і ажаніўся.

– Мама прыгадвала да смерці, якім трывожна-страшным было тады жыццё, – расказвае Алена Уладзіміраўна. – Зброя была ў бацькі пад падушкай кожную ноч, а сам ён прыслухоўваўся да кожнага стуку ля хаты, да кожнага шораху, бо не столькі за сябе баяўся, колькі за маму і маленькую мяне. Сусед, які жыў насупраць, расказваў, што некалі познім вечарам бачыў ля акон нашай хаты нейкія цёмныя цені. Ужо пазней, калі бандытаў арыштавалі, нейкія з іх прызнаваліся, што і сапраўды хацелі забіць бацьку праз вакно, але ж не змаглі выстраліць таму, што ён увесь вечар насіў на руках маленькую мяне…

Перажытыя ў гады вайны і пасля яе страх, голад і холад не прайшлі бясследна: Уладзімір Кулеш цяжка захварэў, пайшоў на пенсію па інваліднасці. Аднак дома сядзець не змог і, крыху падлячыўшыся, пачаў працаваць начальнікам ваенна-ўліковага стала ў Альковіцкім сельсавеце, яшчэ пазней – кладавым у тагачасным саўгасе. Жыццё гэтага чалавека абарвалася трагічна – 14 кастрычніка 1969 года каля вёскі Дварэц ён загінуў ад рукі таго, хто выношваў сваю помсту з пасляваенных гадоў. Уладзіміру Куляшу было толькі сорак сем гадоў.

– Наша сям’я назаўсёды запомніла яго маладым, прыгожым, добрым і сціплым, – завяршыла свой аповед Алена Уладзіміраўна. – А яшчэ – адважным партызанам, франтавіком, змагаром з бандытызмам. Мы, яго дзеці, унукі і праўнукі, ганарымся і будзем ганарыцца сваім родным чалавекам, які, як і тысячы іншых, здабываў для нас Вялікую Перамогу, 75-годдзе якой мы сёлета адзначым.

Падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіва А. У. ТУРОВІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 141 queries