Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Усё перажыць і застацца чалавекам

Гэта жыццёвае крэда жанчыны няпростага лёсу, малалетняга вязня Кацярыны Мікалаеўны Мячкоўскай

Дзяцінства, апаленае вайной. Так нярэдка гаворым мы пра маленства сёння ўжо пажылых людзей, хто ў грозныя ваенныя гады быў дзіцём. На іх долю выпала зведаць усе жахі тых гадоў у юным узросце, калі іх жыццё толькі пачыналася. Тыя дзяўчынкі і хлопчыкі вельмі рана станавіліся дарослымі, не па гадах мудрымі. Цяжка ўявіць, што ім давялося перажыць, колькі вынесці на сваіх слабенькіх плячах… Перажылі, вынеслі і ў цяжкі пасляваенны час узялі на сябе ўвесь клопат па аднаўленні разбуранага, знесенага і спаленага фашыстамі. Сёння гэтыя людзі – жывыя сведкі тых страшных падзей, наша агульная памяць пра перажытае народам.

У віляйчанкі Кацярыны Мікалаеўны Мячкоўскай, пра якую пойдзе гаворка ніжэй, – свая гісторыя пра ваеннае дзяцінства. Гісторыя, вельмі падобная на іншыя, і, разам з тым, адметная.

– Наша сям’я жыла ў вёсачцы Мокрыца на Мядзельшчыне, – прыгадвае Кацярына Мікалаеўна. – Там мы і сустрэлі вайну. Жылі ўчатырох: бацькі і мы са старэйшай сястрой Таццянай. Як і ў многіх іншых вёсках, у нашай тады было так: ноччу наведваліся партызаны, а ўдзень прыязджалі немцы. Іншы раз здараліся сутычкі, партызаны нападалі на ворагаў, завязваліся баі. Канешне ж, фашысты ведалі, што людзі дапамагаюць партызанам, таму вырашылі расправіцца з вяскоўцамі. Гэта было ў 1943-цім. Памятаю, наляцелі карнікі з аўчаркамі, акружылі вёску. Людзей выгналі на вуліцу, а самі пачалі паліць нашы хаты… Затым нас сагналі ў мядзельскую царкву, зачынілі і пакінулі салдатаў нас ахоўваць. Дарослым неяк удалося распытацца ў аднаго з ахоўнікаў пра наш лёс, дык ён раскрыў планы карнікаў: нас мяркуюць расстраляць. Уяўляеце, што адчувалі бацькі з малымі дзеткамі, пачуўшы такое! Аднак уранні ўсіх выгналі на вуліцу, працаздольных з дзецьмі пасадзілі ў цягнік і павезлі ў Германію…

Канцлагер Эсконферд, у які спачатку трапіла сям’я Кацярыны Мікалаеўны, запомніўся ёй балоцістай мясцовасцю, непасільнай працай ды варанай бручкай, якой кармілі. Пазней іх перавезлі і другі лагер – Плён, дзе дзяўчынка цяжка захварэла на вятранку. «Калі іншых ганялі на працу, мяне, хворую, не чапалі, пакідалі ў лагеры, паставіўшы мне кубак вады, – прыгадвае жанчына. – А яшчэ памятаю, што вельмі часта былі бамбёжкі…»

Лагер размяшчаўся непадалёк ад чыгуначнай станцыі, над якой, расказвае Кацярына Мікалаеўна, «віселі вялікія балоны, як шары». Калі пачыналася бамбёжка, палонныя выбягалі з баракаў і хаваліся непадалёк у ямах ды разбураных памяшканнях. Бацьку дзяўчынкі іншы раз забіралі працаваць на гаспадароў, якія, здаралася, дазвалялі яму ўзяць для сям’і рэшткі іх ежы. Як радаваліся галодныя дзеці тым супу ці кашы!

Кацярына Мікалаеўна памятае, калі яны, палонныя, зразумелі, што з’явілася надзея на вызваленне. Зразумелі па размовах дарослых, па паводзінах немцаў, па тых бамбёжках, якія станавіліся ўсё часцейшымі… І нарэшце гэты дзень прыйшоў. «Нас вызвалялі амерыканцы, – расказала жанчына. – Перад ад’ездам далі ўсім нам нейкага нямецкага адзення, а затым пагрузілі ўсіх у вагоны і павезлі. Так мы прыехалі ў Маладзечна. А пасля дабраліся і да сваёй вёскі, дзе ўсё было спалена, толькі рос палын… Гэта было ў жніўні. Наш тата перад адпраўкай нас у Германію закапаў у надзейным месцы скрыню збожжа, якая, верылі мы, не дасць памерці з голаду. Ды дарэмна спадзяваліся – суседскі хлопец бачыў, як бацька закопваў, і пасля нашага ад’езду забраў збожжа сабе…»

Каб не памерці з голаду, маці хадзіла па вёсках, якія ўцалелі, прасіла хоць штосьці для дзяцей. Насіла мяняць на харчы і тоесёе з адзення, прывезенага з Нямеччыны. Набліжаліся халады, і іх з сястрой, успамінае Кацярына Мікалаеўна, забрала да сябе зімаваць у Папоўцы на Вілейшчыну цётка, жонка Канстанціна Зубовіча, Героя Савецкага Саюза. У гэтай сям’і і перажылі халодную зіму. А затым зноў вярнуліся ў родную Мокрыцу, дзе спачатку жылі ў зямлянцы, а затым усё ж неяк пабудавалі хату.

– Да нас, былых палонных, адносіліся спачатку не так, як да іншых дзяцей, – у голасе Кацярыны Мікалаеўны і цяпер чуюцца ноткі крыўды. – Не бралі нас у піянеры, у камсамол… А ў чым была наша віна? У тым, што нас забралі ў рабства?

Адказы на гэтыя пытанні дало затым само жыццё. А яно ў Кацярыны Мікалаеўныч было нялёгкім. Выйшла замуж на Вілейшчыну ў вёсачку Слабада, у трыццаць сем гадоў засталася ўдавою, у 2014 годзе перажыла і яшчэ адно гора – трагічную смерць сына. Цяпер з самых родных у яе – адзіная ўнучка, якая вывучылася на ўрача, выйшла замуж, падарыла бабулі праўнучку. «Жывуць у Маладзечне, муж яе таксама ўрач, – з цеплынёй расказвае пра блізкіх Кацярына Мікалаеўна. – Яны – мая радасць, уцеха і надзея».

У свой час пасля смерці мужа жанчына пераехала з вёскі у горад, уладкавалася на «Зеніт», дзе сумленна адпрацавала аж да выхаду на пенсію. У тыя гады ёй удалося пабудаваць кааператыўную кватэру, у якой зараз і жыве. З вялікай удзячнасцю гаворыць жанчына пра тое, што родны завод не забываў і не забывае сваіх работнікаў, якія перажылі вайну. Так, ушаноўвалі і ўшаноўваюць і ветэранаў вайны, і іх, малалетніх вязняў. «Прыемна, што і паштовачку прышлюць, і нават грошы да святаў, – голас жанчыны дрыжыць ад хвалявання, – да слёз прыемна… Ну як жа пасля такіх увагі і клопату не дзякаваць роднаму прадпрыемству!»

Перажытае ў далёкім дзяцінстве ды і пазней, ужо ў пасляваенныя гады, не магло не адбіцца на здароўі Кацярыны Мікалаеўны. Ды яна не скардзіцца на гэта, а мудра разважае пра лёс, які ў кожнага з нас свой. Як бы ні было цяжка і балюча, трэба дастойна ўсё перажыць, ісці па жыцці, прымаючы і пераадольваючы ўсе выпрабаванні лёсу. Іншага чалавеку не дадзена.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Якава ДРЭЕРА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 15 queries