Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Прызванне і лёс – настаўнік

Амаль паўвека быў верны абранай у юнацтве справе былы настаўнік фізкультуры, а зараз пенсіянер Часлаў Дубаневіч з пасёлка Партызанскі.

21 мая Часлаў Мечыслававіч адзначыць свой 75-гадовы юбілей. Такім чынам, ён – равеснік
Вялікай Перамогі. Па ўспамінах юбіляра і яго жонкі Валянціны Іосіфаўны, таксама былога педагога, і напісаны гэты матэрыял.

Толькі-толькі адгрымелі пераможныя салюты, калі ў жыхаркі Даўгінава Марыі Дубаневіч нарадзіўся хлопчык. Гэта было другое па ліку дзіцятка, старэйшая дачушка Марыі Іосіфаўны памерла ў вайну зусім маленькай. Сына жанчына назвала Чэсікам. Так склалася, што гадавала яго адна мама – бацька так і не вярнуўся дамоў з фронту. Ужо значна пазней дома даведаліся, што іх мужа і бацьку, параненага ў баі, выратавала і выхадзіла полька. Ці-то гэта было вялікае каханне, ці-то вялікая ўдзячнасць выратавальніцы, але мужчына так і застаўся жыць з ёю. А Марыя Іосіфаўна, ганарлівая і моцная духам жанчына, гадавала сына адна, прывіваючы яму ўсё тое, што мела ў душы сама. А была яна майстрыхай на ўсе рукі, таленавітай і актыўнай жанчынай. У 1957 годзе менавіта ёй, Марыі Дубаневіч, было даверана быць удзельніцай Усесаюзнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве. Прайшоў час, і сын гэтай дастойнай жанчыны вырас сапраўдным мужчынам – працавітым, клапатлівым, адукаваным.

Працоўны шлях Часлава Дубаневіча пачаўся адразу ж пасля заканчэння сярэдняй школы. Ужо ў верасні 1963-га яму, семнаццацігадоваму юнаку, даверылі працаваць у Даўгінаўскай школе настаўнікам фізкультуры. Вучыўся хлопец завочна, працаваў і ўсё болей пераконваўся, што не памыліўся з выбарам прафесіі. Ды і крыху пазней, калі служыў у арміі, рабіў сваю справу так, каб не было сорамна, таму і даручылі яму быць намеснікам камандзіра ўзвода.

У далёкім ужо 1967-ым адбылася сустрэча маладога настаўніка фізкультуры з гэтакай жа маладзенькай піянерважатай, што прыехала працаваць у Даўгінаўскую школу.

– Памятаю той час як зараз, – з усмешкай прыгадвае Валянціна Іосіфаўна, жонка Часлава Мечыслававіча. – З чамаданам ды парасонам прыйшла я тады ў школу. Сустрэлі мяне вельмі цёпла, па-сяброўску. А калі загаварылі пра кватэру, дзе мне можна будзе пасяліцца, нехта тады сказаў, што, маўляў, у фізрука Часлава Дубаневіча вунь які вялікі дом… Як у ваду глядзелі людзі, нібы прадбачылі, што мы станем сям’ёй…

У Валянціны Іосіфаўны, як і ў мужа, – свае адносіны да вайны і сувязь з ёй – самая непасрэдная, балючая. Бацька яе вярнуўся з фронту без ног, і гэта, безумоўна, не магло не адбіцца на сям’і. Жылі цяжка, таму і прыйшлося дзяўчынцы вучыцца ў вілейскім інтэрнаце. Навукі ёй даваліся лёгка, таму пасля заканчэння васьмі класаў Валянціна паехала ў Барысаўскую школу-інтэрнат, дзе вучылася далей. Першы год пасля школы яна папрацавала піянерважатай, затым паехала ў Ленінград і паступіла ў інстытут механікі і оптыкі, дзе правучылася два курсы. І ўсё ж вельмі хутка зразумела, што яе прызванне – толькі школа. Затым была вучоба ў педінстытуце імя Горкага і шматгадовая праца настаўніцай матэматыкі і фізікі, а затым і дырэктарам Залескай школы. І ўсе гэтыя доўгія гады яны – Валянціна Іосіфаўна і Часлаў Мечыслававіч – ідуць разам і жывуць аднымі клопатамі.

– 10 жніўня наступнага года споўніцца паўвека, як мы пажаніліся, – прыгадала жанчына. – А здаецца, што было нядаўна… Распісваліся ў Ільі, сабралі блізкіх, адзначылі гэту падзею. Было ўсё, як і належыць: у мяне – белая сукенка і вэлюм, у Чэся – святочны касцюм. Памятаю, суседзі па традыцыі перагарадзілі нам дарогу, прыгожа прыбраўшы браму кветкамі… Так пачалося наша сумеснае жыццё, за якое я ўдзячна свайму мужу. Так, мне пашчасціла, што лёс звёў менавіта з гэтым чалавекам, жыццёвым крэда якога заўсёды было і застаецца наступнае: рабіць сваю справу так, каб не было сорамна. З гэтым і жыве.
За працяглы працоўны стаж (з 1963 па 2010 год) Часлаў Мечыслававіч прывіў любоў да фізкультуры многім сваім вучням, а настаўнікамі фізкультуры сталі 19 з іх. Сярод вучняў Дубаневіча – першы намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч, які неяк адзначыў, што добрая фізічная падрыхтоўка ў школе дапамагла ў свой час яму стаць студэнтам Ленінградскай ваенна-медыцынскай акадэміі. З фізкультурай звязалі свае лёсы Алег, Андрэй і Дзяніс Гаўрышчукі, Аляксандр Кучко, Анатоль Юшко, Павел Чарняўскі, Аляксандр і Наталля Шкадуны і многія іншыя былыя вучні Часлава Мечыслававіча. Сустракаючыся з любімым настаўнікам, яны заўсёды дзякуюць яму за тое, што ў свой час прывіў ім любоў да свайго прадмета і ўвогуле да здаровага ладу жыцця. З кожным годам усё болей пераконваюцца, наколькі ўсё гэта важна.

Не сядзіць без справы былы настаўнік фізкультуры і цяпер. Яму, падзялілася Валянціна Іосіфаўна, любая праца па плячы, з усім справіцца, акрамя… зваркі. Вось з гэтым пакуль не даводзілася сутыкацца. «Вось цяпер прыхожую дома абшыў дошчачкамі, – расказала жанчына. – Здаецца, зрабіў з нічога, а так хораша атрымалася». А яшчэ Часлаў Мечыслававіч захапляецца пчалярствам (некалі было да двух дзясяткаў домікаў!), разам з жонкай даглядаюць трусоў, курэй, шчыруюць на агародзе. У ранейшыя часы Дубаневічы трымалі на падворку і карову, свіней, многа працавалі, як і ўсе вяскоўцы, на прысядзібным участку. Яны выгадавалі дачку Марыю і сына Віталя. Дачка, дарэчы, прадоўжыла сямейную традыцыю і стала настаўніцай, а сын выбраў прафесію агранома.

Настаўнік вышэйшай катэгорыі, шматгадовая сумленная праца якога адзначана мноствам падзяк, грамат, дыпломаў, грашовых заахворчванняў. Так ацэньваліся актыўны удзел і дастойная падрыхтоўка вучняў да выступленняў на розных узроўнях, высокія паказчыкі ў спаборніцтвах, творчая работа педагога Дубаневіча. Гэта ўсё, вядома ж, цэняць і яго былыя вучні, і калегі, і аднавяскоўцы. Ды не меней цэняць і тое, што Часлаў Мечыслававіч і чалавек вышэйшай катэгорыі. А гэта, мне здаецца, яшчэ важней.

Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіва Часлава ДУБАНЕВІЧА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries