Салдацкія лісты ваеннай пары. За кожным з іх – свая гісторыя, боль, выпрабаванні. Пра адзін з такіх лістоў расказала Алеся Юшко, настаўніца замежнай мовы Ільянскай сярэдняй школы імя А. А. Грымаця:
Гэты дакумент у свой час перадала для народнага музея «Ільянскія далягляды» паэту і краязнаўцу Мікалаю Кутасу Яўгенія Пякарская з вёскі Барсукі Вілейскага раёна. Ліст з фронта быў напісаны на спецыяльнай паштовай картцы яе мужам Міхаілам Пякарскім. Адпраўленне з палявой пошты 33455-П 13 ліпеня 1944 года.
Цікава тое, што ліст напісаны лацінкай. Гэта сведчанне таго, што навучанне да 1939 года на тэрыторыі Заходняй Беларусі, акупаванай на той час Польшчай, вялося на польскай мове. Тэкст паштоўкі ўдалося прачытаць амаль поўнасцю. Радкі напісаны па-беларуску з частковым ужываннем рускіх слоў. Аўтар паведамляе, што жывы і здаровы, цікавіцца здароўем блізкіх, расказвае, што прызваны з горада Віцебска і нікога са знаёмых з ім няма.
У цэнтральным архіве Міністэрства Абароны Расійскай Федэрацыі мы даведаліся, што Пякарскі Міхаіл Вікенцьевіч, 1913 года нараджэння, ураджэнец вёскі Барсукі Ільянскага раёна Беларусскай ССР, прызваны Віцебскім РВК у 1944 годзе, чырвонаармеец, памёр ад ран 30 жніўня 1944 года у 430 асобным медсанбаце, пахаваны ў вёсцы Прэцэнаэкі Пенкульскай воласці Мітаўскага (Лібаўскага) уезда Латвійскай ССР (магіла №26), перазахаваны ў брацкую магілу г. Прыекуле Ліепайскага раёна Латвіі, дзе маецца надпіс на абеліску «рядовой М. В. Пекарский (?-1944)» (пахаванне 85854821).
334 стралковая дывізія, ў склад якой уваходзіў медсанбат, вызваляла ў гэты час тэрыторыю Латвіі ад фашыстаў.
Адрас палявой пошты, указанай на паштоўцы, прыводзіць нас у 145-ы армейскі (франтавы) запасны стралковы полк, які займаўся падрыхтоўкай штурмавых батальёнаў з ліку навабранцаў да вядзення баявых дзеянняў. Сёння зразумела, што страты ў такіх падраздзяленнях былі велізарныя.
На жаль, больш архіўных звестак мы пакуль не знайшлі. Не шмат давялося ваяваць салдату. Ён загінуў як герой. Напэўна, шмат мог расказаць у пісьме аб жудасных тых баях Міхаіл Вікенцьевіч, але абмежаваўся сціплымі «жывы, здаровы», не скардзіўся на цяжкасці. Клапаціўся: «адпішыце чым скарэй як ваша здароўе, ці здаровыя рабяты мае?». «Скажам да свіданія дарагі мой ацец, і жана, і дзеці». Спадзяваўся на сустрэчу… Не атрымалася.
Яшчэ мы даведаліся, што брат Міхаіла Вікенцьевіча Іван, 1919 года нараджэння, прызваны Ільянскім ваенным камісарыятам 29.09.1940 г., радавы, шафёр 911-га стралковага палка, прапаў без звестак у 1941 годзе. Узгаданы стралковы полк у гэты час уваходзіў у склад 244-й дывізіі першага фарміравання, якая трымала абарону пад Ржэвам.
Падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО