Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Белараша» – гэта не наша

Вельмі своечасовае і правільнае рашэнне прыняло Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю – рэкамендавала суб’ектам гаспадарання ў рэкламе і на шыльдах выкарыстоўваць надпісы на беларускай і рускай мовах.

«У мэтах абароны нацыянальнай культуры нашай краіны, захавання і зацвярджэння традыцыйных каштоўнасцяў беларускага народа»,  – так растлумачылі ў прэс-службе міністэрства з’яўленне такой рэкамендацыі.

Тут да месца ўзгадаць і Канцэпцыю развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024—2026 гады, зацверджаную ў снежні 2023 года Пастановай Савета Міністраў №961. У ёй канкрэтна сказана, што ў якасці аднаго з механізмаў рэалізацыі канцэпцыі прадугле­джана скарачэнне выкарыстання замежных слоў, у тым ліку абрэвіятур, у назвах гандлёвых марак, аб’ектаў, у рэкламе.

Міжволі прыгадваецца такі выпадак. Вяс­ковая пенсіянерка выбралася неяк па важнай справе ў сталіцу. Даўно там не была і вось – такая магчымасць. Канешне ж, у Мінску ёй спадабалася, многае ўразіла. «Вось толькі што здзівіла: столькі «нянашых» слоў усюды на шыльдах! – дзялілася пасля жанчына. – Што там напісана, не разумела, быццам за мяжой пабывала».

Вось так убачылася празмернае выкарыстанне замежнага ў назвах простаму чалавеку. Што называецца, на свежае вока. А можа, і праўда занадта ўжо ў нас гэтага – буцікоў, маркетаў, шопаў, сэканд-хэндаў ды многага іншага «нянашага»? Можа, вярнуцца да зразумелых нам назваў – крама, кіёск, рынак, магазін ужываных рэчаў і г. д.? Колькі прыгожых, мілагучных і – галоўнае – кожнаму зразумелых слоў у беларускай і рускай мовах! Яны і ў назвах аб’ектаў, і ў любой рэкламе будуць на сваім месцы. І кожны, хто прачытае, зразумее ўсё без перакладчыка. Бо сваё, наша. Жывём жа ў Беларусі.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 135 queries