Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

95-гадовы Уладзімір Барысевіч – жыхар вёскі Сакалоўка і цікавы чалавек

Домік з прыгожымі аканіцамі і ў дажджлівы кастрычніцкі дзень выглядае прыветна. Тут, у Сакалоўцы, на вуліцы Цэнтральнай, 14 жыве цікавы чалавек – Уладзімір Канстанцінавіч Барысевіч, які ў гэтым месяцы адзначыў сваё 95-годдзе. І ў сваім паважаным узросце ён добра выглядае, у курсе ўсіх падзей, што адбываюцца ў свеце. Прыемна, што Уладзімір Канстанцінавіч заўсёды выпісвае і чытае раёнку. Вось і ў дзень майго прыезду разгорнутая мясцовая газета ляжала на стале. Пачалі з яе, газеты, а пасля неўпрыкмет разгаварыліся пра жыццё ўвогуле. А яно не песціла майго суразмоўцу.

Ён быў падлеткам, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна.

«Памятаю, пасвіў жывёлу і пачуў моцны гул, а затым убачыў у небе самалёты, – прыгадаў Уладзімір Канстанцінавіч. – Налічыў дваццаць два. Ляцелі ў бок Мінска. А потым адтуль, куды паляцелі, чуліся выбухі – відаць, бамбілі». Такім быў для яго пачатак вайны.

– Наша сям’я жыла на хутары Навінка, непадалек былі сядзібы Паўловічаў, Валовікаў, – расказаў мой суразмоўца. – Паўловічаў, у сорак трэцім падчас блакады забілі. А мы жылі ля самага лесу, дык паспелі ўцячы.

Вясельны здымак Барысевічаў…

Хутар Барысевічаў быў недалёка ад вёскі Боркі, спаленай фашыстамі разам з жыхарамі. Такі трагічны лёс мог напаткаць і Навінку – ворагі тады знішчалі хутары з жыхарамі, помсцячы за сувязь з партызанамі.

«У немцаў тады служылі і ўкраінцы, – расказаў Уладзімір Канстанцінавіч. – І адзін з іх неяк сказаў маёй старэйшай сястры, што немцы будуць ехаць праз Малявічы, Любчу і Боркі і ўсё спаляць. Добра што сказаў… Мы самі ўратаваліся, а хату нашу спалілі. Я, хоць і падлетак, дапамагаў партызанам – кароў, коней пасвіў».

Нялёгкімі для Барысевічаў былі і пасляваенныя гады – жылі без бацькі, дзяцей падымала адна мама. І галадалі, і халадалі, прыпомніў Уладзімір Канстанцінавіч. Аднак усё перажылі, знайшлі свае шляхі ў мірным жыцці. «У 1952 годзе мяне накіравалі вучыцца ў Свір на трактарыста, – распавядаў пра пасляваеннае жыццё пенсіянер. – Ажаніўся са сваёй Авылінай, пабудавалі сваю хату, выгадавалі дзвюх дачок і сына, цешыліся з унукаў і праўнукаў. Не стала жонкі, застаўся адзін. Дзеці ў сталіцы, штовыхадныя наведваюцца. А на зіму забіраюць мяне да сябе, у горад. Толькі вось душа цягнецца сюды, дамоў, на прастор. Не магу прывыкнуць да горада, як бы добра там ні было.

На сценах у хаце Барысевіча многа фотаздымкаў. У кожнага – свая гісторыя, і Уладзімір Канстанцінавіч, спыніўшыся ля кожнай рамкі, можа расказаць многае. Вось ён з жонкай, а там – з маці і братам, дочкі, сын, унукі… Усе такія родныя, блізкія яму людзі.

– Вось гэта мой малодшы брат, з якім мы ігралі вяселлі, – падзяліўся Уладзімір Канстанцінавіч. – Ён – на гармоніку, я – на цымбалах. Столькі вяселляў пераігралі! Калі падлічыць, дык недзе са дзве сотні будзе.

Такі вось ён чалавек – вядомы на ўсю акругу дбайны гаспадар, клапатлівы бацька, ветэран працы і добры музыка. А яшчэ – доўгажыхар, які ў пачатку кастрычніка адзначыў сваё 95-годдзе. Не спешчаны жыццём, загартаваны выпрабаваннямі, ён і сёння застаецца рухавым, неабыякавым да таго, што адбываецца ў свеце. А галоўнае – ён сведка ўсяго таго, што мы павінны памятаць і перадаваць сваім дзецям і ўнукам.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Ірыны БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 149 queries