У гэтым жанчына, пра якую хочацца расказаць, глыбока пераканана. А яе меркаванню давяраць трэба, бо яна – мастацкі кіраўнік аўтарскага гумарыстычнага калектыву «Смехата» Ільянскага дома культуры Людміла Тонкавіч. Да таго ж, менавіта яна, Людміла Віктараўна, з’яўляецца аўтарам усіх вясёлых твораў, з якімі калектыў выступае на сцэне. Сёння яна ўжо мае каля трох дзясяткаў такіх баек і гумарэсак. Простыя, зразумелыя кожнаму і смешныя, яны – пра наша жыццё, пра нас саміх, нашых суседзяў.
Гутарым з Людмілай Тонкавіч у рэдакцыйным кабінеце. У гэтай з густам апранутай жанчыне з моднай прычоскай няпроста пазнаць забаўную вясковую кабету, у абліччы якой Людміла Віктараўна звычайна выходзіць на сцэну. Яе смешныя гераіні (і артыстка зусім не баіцца быць на сцэне смешнай) запамінаюцца сваімі прастатой і каларытам – убачыш такую і доўга не забудзеш. А пачуеш да болю знаёмую па тэматыцы і манеры размову – і ўвогуле запомніцца яна назаўсёды.
Ці марыла Людміла аб прафесіі культработніка? Калі шчыра, прызналася жанчына, то не. У школьныя гады больш захаплялася маляваннем. Ды праўду кажуць, што гены абавязкова некалі праявяцца. А ў Людмілы ўся сям’я была творчай: бацька, Віктар Міхайлавіч, быў вясёлым, гумарным, добра іграў на гармоніку; маці, Соф’я Пятроўна, таксама была душой любой кампаніі (так людзі і казалі: дзе ёсць Зося, там гулянка звініць)… А бабулін брат, Пётр Ігнатавіч, складаў жартоўныя вершы і чытаў іх людзям, дорачы ім добры настрой.
– Я была ўжо замужам, калі пачала таксама складаць свае жарты, – расказвае Людміла Віктараўна.
– Бывала, на якіх-небудзь мерапрыемствах праводзіла такія гульні: людзі прапаноўвалі мне словы, а я праз пэўны час старалася зрыфмаваць іх, напісаць верш. Смешна атрымлівалася.
Працаваць у культуру Людміла трапіла выпадкова. Так склалася, што прафесію пасля школы атрымаць не паспела – па вялікім каханні зусім юнай выйшла замуж за хлопца з Абадоўцаў Васіля. Яшчэ школьніцай прыкмеціў яе ён, а калі пайшоў у армію, пісаў дзяўчыне пісьмы. Вярнуўся са службы – і неўзабаве згулялі вяселле. Здавалася б, зусім маладыя, не загартаваныя жыццёвымі нягодамі. Такія шлюбы звычайна пры першых жа выпрабаваннях распадаюцца. А ў Тонкавічаў атрымалася ўсё добра, і вось ужо каля трыццаці пяці гадоў яны разам. Выраслі і ажаніліся іх сыны Дзяніс і Антон, і сёння маладых бабулю з дзядулем радуюць таленавітыя ўнукі Марыян, Александрыя і Глеб.
– А ў культуры я дваццаць два гады, – пачала расказваць пра свой працоўны шлях Людміла Віктараўна. – Без малога два дзясяткі гадоў адпрацавала ў Абадоўскім клубе. Вялікую дапамогу мне аказалі творчыя людзі Галіна і Мікола Кутасы, дзякуй ім. Гэта быў самы добры час, пра які ўзгадваю са светлай настальгіяй. Былі маладымі, хацелася жыць цікава, творча… На кожнае свята ладзілі цікавыя прадстаўленні, я пісала сцэнарыі. Вось тут вельмі дарэчы былі мае гумарэскі… А гадоў некалькі назад клуб у Абадоўцах закрылі. Цяпер вось разбіраюць будынак, і мне так балюча… Але я не засталася без працы, пачаўся новы перыяд – у Ільянскім клубе. Тут спачатку была культарганізатарам, пазней – дырэктарам установы. Ды, ведаеце, усе афіцыйна-паперныя справы не па мне – я хачу тварыць. Год назад з радасцю перадала кіраўніцтва ўстановай таленавітаму маладому чалавеку – Мікіту Палтарэцкаму, у якога, упэўнена, хопіць ведаў і сіл і на творчасць, і на дырэктарскія клопаты.
Прыйшоўшы працаваць у Ілью,Людміла пазнаёмілася тут з цікавай і таленавітай Ірынай Івашанка. Жанчыны хутка зблізіліся, іх аб’ядналі агульныя інтарэсы і творчасць. Так нарадзіўся калектыў «Суседачкі». Артысткі выступалі не толькі ў Ільі, але і на самых розных раённых мерапрыемствах, і заўсёды іх цёпла прымалі і запрашалі прыязджаць яшчэ.
– Зараз мы ўжо даўно не «Суседачкі», а аўтарскі гумарыстычны калектыў «Смехата», – перайшла да дня сённяшняга Людміла. – Да нас, жанчын, далучыліся і мужчыны – Мікіта Палтарэцкі і Вячаслаў Альшэўскі, які вярнуўся жыць на бацькаўшчыну з Рыгі. Ужо падрыхтаваны дакументы на абарону звання «народны калектыў». Зараз рыхтуем канцэртную праграму. Разумеем, што справа адказная і расцём у прафесійным плане.
«Смехата» – пастаянны ўдзельнік усіх раённых святаў і канцэртаў. Выязджаюць артысты і за межы Вілейшчыны. Асабліва запомніліся выступленні на фестывалі гумару «Я – пякучка-крапіва», які прайшоў ва Уздзе, на справаздачным канцэрце ў Маладзечна «Міншчына – наш родны край», на абласных і раённых Дажынках, на сёлетнім абласным гумарыстычным фестывалі «Капыльскія пацехі»… Пабывалі і паказалі сябе многа дзе, і ўсюды адзначалася, што выступаюць яны зараз ужо ў даволі рэдкім жанры – размоўным, а гэта цэніцца асабліва. Значыць, у нейкім родзе ўнікальная яна, наша «Смехата»…
Сям’я і праца, праца і сям’я. Для Людмілы Тонкавіч, ды і для кожнага чалавека, гэта дзве вельмі важныя складаемыя. Складаемыя шчасця, бо моцная сям’я і любімая работа – гэта яно і ёсць.
– Я ўдзячна свайму мужу, Васілю Уладзіміравічу, за тое, што падтрымлівае мяне і разумее, – гаворыць жанчына. – Праца культработніка – асаблівая, таму вельмі важна, каб быў надзейны і моцны тыл. У мяне ён ёсць. І калектыў наш – аб’яднанне аднадумцаў, якія разумеюць адно аднаго з паўслова. Верыце, у нас ніколі не было нейкіх спрэчак, ужо не кажучы пра сур’ёзныя канфлікты. А ўсё таму, што ні адзін з нас не імкнецца быць лепшым і першым. Мы – калектыў, і гэтым усё сказана.
Размова з Людмілай Тонкавіч атрымалася цікавай і цёплай. Пра мінулае і планы, добрых людзей і запамінальныя выступленні расказала мне яна. І пра тое, як пішуцца, адкуль бяруцца тэмы яе гумарэсак – таксама. А напрыканцы Людміла Віктараўна адрасавала сваё пажаданне ўсім культработнікам, прафесійнае свята якіх адзначаецца заўтра: моцнага здароўя, бадзёрасці, творчага натхнення і, канешне ж, вясёлага настрою. З гумарам і сапраўды лягчэй ісці па жыцці.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлена Людмілай ТОНКАВІЧ