Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Калі б помнікі маглі гаварыць…

Якія падзеі адбываліся на месцах, дзе сёння стаяць абеліскі, у грозныя ваенныя гады? Пра што маглі б расказаць камяні, калі б яны маглі гаварыць? Гэтымі пытаннямі ў свой час зацікавіліся вучні Іжскай сярэдняй школы (а на Іжаншчыне ёсць шэсць помнікаў) і пад кіраўніцтвам сваёй тагачаснай настаўніцы гісторыі Ліі Цімафееўны Хадановіч пачалі шукаць на іх адказы, сустракаючыся з мясцовымі жыхарамі, сведкамі падзей ваеннага часу. Вынікі сумеснай працы занатаваны ў папцы «Сэрцам датыкнуцца да подзвігу». Старонкі гэтай папкі я з дазволу Ліі Цімафееўны і перагарнула.

Памяць увекавечана ў абеліску

У парку аграгарадка Іжа ўзвышаецца абеліск, які быў узведзены ў 1967 годзе. З павагай і ўдзячнасцю ўспамінаюць мясцовыя жыхары тагачаснага старшыню мясцовай гаспадаркі Рамана Дорскага, які вельмі многа зрабіў для ўшанавання памяці воінаў і партызанаў, што гераічна загінулі ў гады вайны. Кожны год у Дзень Перамогі на мармуровых плітах тут ляжаць жывыя кветкі – гэта даніна памяці тым 128 землякам-героям, што аддалі жыцці дзеля мірнага неба над галовамі сваіх нашчадкаў. Час бярэ сваё, і сёння засталося толькі 11 дзяцей тых, чые імёны і прозвішчы выбіты на помніку. Але ёсць іх унукі, праўнукі, якія наведваюцца сюды і беражліва захоўваюць памяць пра сваіх гераічных продкаў.

Быў страшны ліпеньскі дзень…

Бываючы ў Іжы, кожны, напэўна, звяртае ўвагу на абеліск ахвярам фашызму, які размяшчаецца непадалёк ад мехдвара мясцовай гаспадаркі. Што вяскоўцы ведаюць пра яго? З іх успамінаў і склалася вось гэта гісторыя.

Час сенакосу. Сяляне ў гэту пару ўстаюць рана. Вось і ў той летні дзень вясковыя жанчыны выганялі кароў у поле, калі ўбачылі, што вёску акружылі немцы. Яны стаялі даволі густа, метраў праз дзесяць адзін ад аднаго, з аўтаматамі ў руках. Вось некаторыя з іх разам з паліцаямі пайшлі па вуліцы, пачалі выганяць людзей з хат і загадалі ўсім ісці да камендатуры. Тут людзей чакаў, як з усмешкай сказаў усім камендант, «канцэрт» – прывялі двух юнакоў з ланцугамі на шыі. Іх твары былі знявечаны і заліты крывёй, таму людзі ледзь пазналі хлопцаў. Гэта былі камсамольцы Уладзімір Касяк і Іосіф Місюль. Толькі цяпер вяскоўцы ўбачылі, што на перакрыжаванні вуліц зроблены дзве шыбеніцы, да якіх хлопцаў падвялі, загадалі лезці на кузаў машыны, накінулі на шыі хлопцаў петлі, і машына ад’ехала… Так абарваліся жыцці маладых патрыётаў. Тры дні не дазвалялі фашысты здымаць і пахаваць целы, на якіх павесілі дошкі з надпісам «Партызан».

У той жа страшны дзень фашысты і паліцаі расстралялі і мірных жыхароў Іжы і навакольных вёсак. Спачатку над людзьмі здзекваліся, затым загадалі выкапаць вялікую яму, ля якой і расстрэльвалі ні ў чым не павінных вяскоўцаў. Сярод іх было і двое дзяцей шасці і дзесяці гадоў. Усяго ж расстраляны 21 чалавек. У 1964 годзе на магіле ахвяр і пастаўлены абеліск.

«Імя тваё невядома…»

У парку Іжы стаіць помнік невядомаму салдату з чорнага мармуру. У час вайны сюды фашысты прывезлі збітага партызана, аблілі яго бензінам і спалілі. Людзі расказвалі, што гэту жудасную смерць прыняў былы афіцэр па імені Аляксей. Прозвішча героя не ўстаноўлена. На месцы, дзе партызан быў спалены, у 1974 годзе і быў устаноўлены абеліск.

«Имя твоё неизвестно, подвиг твой бессмертен» – гэтымі словамі Сяргею Міхалкову ўдалося сказаць самае галоўнае.

Трагічны лёс сям’і Трубачоў

Жудасная трагедыя адбылася ў вёсцы Берасніха, якую ў гады вайны называлі партызанскай. Гітлераўцы нават баяліся гэтай вёскі, але ўсё ж захапілі яе, каб расправіцца з партызанам Якавам Трубачом і яго сям’ёй. Якаву Сцяпанавічу ўдалося схавацца, тады азвярэлыя ворагі схапілі яго сям’ю – жонку Алену Аляксееўну і чатырох дзяцей (старэйшай дачцэ было сямнаццаць, малодшай – толькі два годзікі). Сям’ю расстралялі ў лесе ля Каралеўцаў. Два тыдні забітыя знаходзіліся ў лесе, а гітлераўцы вартавалі іх, спадзеючыся, што Якаў Трубач прыйдзе, каб забраць целы і пахаваць. Не атрымалася. Пазней партызаны змаглі забраць целы, пахаваць іх у Вузле. А пасля вайны астанкі родных Якава Трубача перапахаваны на слабадскім могільніку, дзе і ўстаноўлены помнік з чырвонай зоркай. Сам Якаў Трубач загінуў, выконваючы адно з баявых заданняў.

Загінуў ад бандыцкай рукі

Абеліск у вёсцы Каралеўцы напамінае нам пра неспакойную маладосць і гарачае сэрца камсамольца саракавых гадоў Івана Занкавіча. Жаданне помсціць ворагам за растаптанае шчасце і за сваю Радзіму прывяло хлопца ў партызанскі атрад імя Свярдлова, які базіраваўся ў трох кіламетрах ад Каралеўцаў ва ўрочышчы Рудня. Разам з сябрамі Іван хадзіў на заданні, помсціў гітлераўцам за здзекі, якія яны чынілі на нашай зямлі.

Пасля заканчэння вайны адшчапенцы, ворагі народа, хаваліся на балотах і лясах. Бандыты пагражалі людзям, рабавалі іх, распраўляліся з актывістамі. Разам з супрацоўнікамі міліцыі хадзілі на аперацыі па іх знішчэнні камсамольцы, сярод якіх быў і Іван Занкавіч. Аднойчы юнак лясной сцежкай вяртаўся дамоў пасля задання. Не ведаў, што за ім ужо сачылі бандыты. Удар у спіну, другі, трэці…

Так загінуў адважны камсамолец Іван Занкавіч, памяць пра якога ўвекавечана ў абеліску, які стаіць у Каралеўцах.

Помнік на могілках у Калодках

Сваю гісторыю мае і помнік  загінуўшым ахвярам фашызму ў вёсцы Калодкі. Чые астанкі схаваны пад гэтым абеліскам?

Старажылі ўспаміналі, што ў вайну ў Калодках пасяліліся дзве мнагадзетныя цыганскія сям’і. Жылі яны ў старых хатах, працавалі ў кузні. Аднойчы малых цыганят, што гулялі на вуліцы, убачылі немцы, якія праязджалі на матацыклах. Цемнавалосыя хлопчыкі і дзяўчынкі прыцягнулі іх увагу, і фашысты пацікавіліся ў вяскоўцаў, ці не яўрэйскія сем’і жывуць тут. Людзі пераконвалі немцаў, што гэта не яўрэі, а цыганы, аднак выратаваць сем’і не ўдалося. Фашысты пагналі цыганоў – дарослых і дзяцей – на могілкі, прымусілі капаць вялікую яму,  ля якой усіх гэтых людзей і расстралялі… Ноччу мясцовыя жыхары пахавалі забітых, на магіле ўстанавілі крыж. Пазней тут з’явіўся і помнік, які даглядаюць мясцовыя жыхары. Вось і цяпер, напярэдадні юбілею Вялікай Перамогі, усе шэсць помнікаў Іжаншчыны наведалі  мясцовая ўлада  і культработнікі, навялі парадак на гэтых памятных месцах.

Пра гэтыя помнікі Іжаншчыны колішнія вучні мясцовай школы пад кіраўніцтвам нераўнадушнага чалавека і мудрага настаўніка Ліі Хадановіч сабралі і беражліва захоўваюць матэрыялы-ўспаміны сваіх землякоў. Добрая і важная справа зроблена, і за гэта вялікая ўдзячнасць даследчыкам. Бо помнікі – гэта наша памяць пра перажытае нашымі продкамі, і яна – жыве, не дае забыцца, перасцерагае.

Падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 140 queries