Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Жыць да ста на свеце мы табе жадаем…». Гэта пажаданне адрасуюць дзеці, унукі і праўнукі Чаславе Зянонаўне Радзевіч

Часлава Зянонаўна Радзевіч адзначае сваё 95-годдзе

Напярэдадні гэтага сямейнага свята я пагутарыла з дзецьмі паважанай жанчыны, якія вельмі цёпла, з вялікай любоўю гаварылі пра сваю матулю, бабулю і прабабулю, на лёс якой выпала многа выпрабаванняў. Ды не зламалі яны моцную духам Чаславу Зянонаўну, а яшчэ больш загартавалі, далі сілы жыць і радавацца жыццю.


Яна нарадзілася сту­дзеньскім днём 1930-га ў вёсачцы Гіры ў сялянскай сям’і. Дзяцінства было цяжкім: у тры гады яна і дзве малодшыя сястрычкі (адна на год меньшая, а другая васьмімесячная) засталіся без матулі. І сіроцкае жыццё гэтай малечы было вядома якое… Пайшоўшы ў школу, Часлава закончыла толькі чатыры класы, бо было не да вучобы – трэба было працаваць. Шчыравала і дома, і ў полі, спраўлялася не толькі з жаночай, але і з мужчынскай работай – усяму навучыла гора. Прыгадвае, як арала, сеяла бульбу, а яшчэ як невялікай дзяўчынкай хадзіла аж у Вілейку (а гэта за дваццаць чатыры кіламетры) за хлебам. Несла дамоў той бохан і ледзь стрымлівалася, каб не адкусіць. Стрымлівалася, бо ведала, што дома хлеба чакаюць сястрычкі… Такім было яе дзяцінства.

Дзяўчына вырасла, выйшла замуж, маладая сям’я пачала жыць у Мацавічах. Часлава Зянонаўна з маладосці і да выхаду на пенсію працавала даяркай у мясцовай гаспадарцы – цяперашнім ААТ «Нарачанскія зоры» – на ферме «Канстанполле». У іх з мужам нарадзілася сямёра дзяцей, за што жанчына ўдастоена Медалёў мацярынства I і II ступеняў. Ды і не толькі мацярынскай. Высока адзначаліся і працоўныя дасягненні перадавой даяркі: акрамя шматлікіх грамат, падзяк, ганаровых знакаў, Часлава Зянонаўна ўзнагароджана Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга – так ацаніла дзяржава сумленную шматгадовую працу жанчыны.


Так склалася, што сёння ўжо няма ў жывых траіх яе дзяцей, і гэта незагойная рана мацярынскага сэрца. Але, як мудра кажуць у народзе, трэба жыць як набяжыць, пераадольваючы цяжкасці і боль, радуючыся кожнаму новаму дню. Так яна і робіць.
– Зараз у нашай матулі адзінаццаць унукаў і чатырнаццаць праўнукаў,  – расказала дачка доўгажыхаркі Марыя Рафалаўна. – Усе мы вельмі любім, паважаем яе і вучымся ў яе жыццёвай мудрасці. Больш спакойнага, ураўнаважанага, вытрыманага і настойлівага чалавека, чым наша матуля, я не ведаю. Усе мы зычым ёй заставацца такой і надалей, пражыць да ста і болей гадоў!
Далучаемся да гэтых пажаданняў. Жывіце, паважаная Часлава Зянонаўна, яшчэ доўга-доўга!

Ірына БУДЗЬКО/фото з сямейнага архіва гераіні публікацыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries