На фэст сабралі журавіны… Іжаншчына славіцца гэтымі каштоўнымі ягадамі. Сюды здаўна едуць людзі за журавінамі. Таму менавіта гэта лекавая ягада стала, што называецца, брэндам фэста, які праводзіцца ў сельсавеце. Сёлета «Журавінавы фэст» прайшоў у дзявяты раз і стаў сапраўдным святам і адпачынкам для душы не толькі для мясцовых жыхароў, але і для гасцей.

Смачныя прысмакі з журавін, асвечаны хлеб, вясёлыя гульні, шчырыя песні, дзіцячае дэфіле, віншаванні і, канешне ж, цудоўны настрой – такім быў фэст, падрыхтаваны сумеснымі намаганнямі мясцовых улады, культработнікаў, гасцей (самадзейных артыстаў з Вязыні і Шылавічаў).

– Гэта наша, мясцовае мерапрыемства, – адзначыла старшыня Іжскага сельвыканкама Маргарыта Шавель. – Фэст – не проста свята, захаванне традыцый нашых продкаў, але і мерапрыемства, на якім мы падводзім вынікі года, дзелімся планамі на будучае. Мерапрыемства, якое аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў, прафесій і сфер дзейнасці ў адну дружную сям’ю. Таму тут заўсёды адчуваеш сябе камфортна. Для ўсіх нас гэта свята, як кажуць, па стане душы.
Ірына БУДЗЬКО/Фота прадастаўлены Маргарытай ШАВЕЛЬ











