Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Зажынкі» на Вілейшчыне: з песнямі, малітвай і надзеяй на багаты ўраджай

15 ліпеня гасцей і працаўнікоў гасцінна сустрэў філіял «Бубны» УП «Мінгаз», дзе разгарнулася сапраўднае свята «Зажынкі», напоўненае народным каларытам і павагай да зямлі-карміцелькі.

Святкаванне пачатку жніва – гэта не проста традыцыя, а яркі і маляўнічы абрад, які ўвасабляе ў сабе ўдзячнасць хлебаробам за іх нялёгкую працу і надзею на шчодры ўраджай. Нездарма кажуць: «Найбольшую карысць свайму народу прыносіць той, хто здольны вырасціць два каласы там, дзе раней рос толькі адзін». Залацістае поле, напоўненае духмяным водарам спелага збожжа, ажыло прыгожымі народнымі песнямі, ствараючы непаўторную атмасферу свята.

Як і спрадвеку, на «Зажынкі» ўшанавалі традыцыі продкаў. Жнеі выйшлі ў поле, каб ўручную зжаць і звязаць першы сноп – сімвал будучага ўраджаю і павагі да зямлі. З даўніх часоў гэты сноп называлі «гаспадаром», і сёння яго ўрачыста ўручаюць кіраўніку гаспадаркі. Частаванне духмяным караваем з леташняга збожжа – гэта даніна памяці і падзяка Усявышняму за мінулагоднія дары. З дапамогай гэтых і іншых рытуалаў нашы продкі спрабавалі «дамовіцца» з зямлёй-карміцелькай, выказваючы ёй сваю ўдзячнасць за шчодры ўраджай.

Наперадзе ў хлебаробаў Вілейшчыны – напружаныя тыдні карпатлівай працы, якія запатрабуюць поўнай аддачы сіл і прафесіяналізму. Механізатары ўжо занялі свае месцы ў кабінах магутных камбайнаў, гатовых выйсці на хлебную ніву. «Караблі палёў» з гулам рушылі ў дарогу, каб сабраць залаты ўраджай для новага каравая!

Соф’я ЦЕРАШ. Фота аўтара

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 186 queries