Ірына Пятроўна Аўдзей, пра жыццёвы шлях якой хочацца расказаць, у наступным годзе адзначыць свой прыгожы юбілей – 90-годдзе.
За плячыма доўгае жыццё, багатае на самыя розныя падзеі, пра якія жанчына сёння часта ўспамінае. Пра адны – з сумам, пра другія – з хваляваннем, а пра іншыя – з радасцю і ўдзячнасцю. А ўвогуле, яе жыццё асабіста мне падаецца своеасаблівым летапісам гісторыі яе пакалення, на долю якога выпала шмат выпрабаванняў.

Дзяцінства
Дзяўчынка нарадзілася ў вёсачцы Камарышкі, што ў Нарачанскім сельсавеце, у беднай сялянскай сям’і і з дзяцінства навучылася нялёгкай працы. Рэні (так яе называлі родныя і аднавяскоўцы) было пяць гадоў, калі пачалася вайна.
– Наша вёска была партызанскай зонай, – прыгадала Ірына Пятроўна. – Партызаны наведваліся ўначы, а днём наляталі фашысты. Ворагі хадзілі па хатах, забіралі яйкі, сала, масла. Не чураліся нічога. Зловяць, бывала, на падворку курыцу – адкруцяць ёй галаву. Жылі мы ў пастаянным страху.
У 1944 годзе да вяскоўцаў дайшлі чуткі, што ворагі збіраюцца спаліць вёску разам з жыхарамі. І ў адну з раніц людзей папярэдзілі, што фашысты зробяць страшнае ў гэты дзень. Гаспадары тут жа запраглі коней, прывязалі да калёс кароў і, прыхапіўшы самае неабходнае, рушылі з сем’ямі ў лес.

– Памятаю, як мы хаваліся, пілі балотную ваду, – прыгадала мая суразмоўца. – У аднаго гаспадара сарвалася карова і па знаёмых сцежках падалася ў вёску. Гаспадар – за ёй. І ўсё, больш яго ніхто не бачыў. Расказвалі, што фашысты спалілі яго разам з нашай вёскай. Вось што чакала нас усіх, каб не схаваліся ў лесе.
Калі ўсё супакоілася, людзі вярнуліся дамоў, на папялішча. Плакалі дзеці, галасілі жанчыны, а нічога не зробіш, трэба было недзе жыць. Капалі зямлянкі, рабілі шалашы, што і стала часовым жытлом для сямей.
– Зведалі ўсё: холад, голад, страх, – уздыхнула Ірына Пятроўна. – Неяк перажылі, а ўлетку сорак чацвёртага радаваліся вызваленню Беларусі. І ўжо з верасня мы пайшлі ў школу.

Класы, у якіх сабраны дзеці розных узростаў; адсутнасць кніг, паперы, чарніла – так пачыналася вучоба. Пісалі нават на грубай паперы ад мяшкоў з-пад цэменту. Бліжэй да вясны настаўніца прывезла аднекуль алоўкі і сшыткі, якія разрэзала напалову, каб хапіла ўсім дзецям.
Закончыўшы чатыры класы ў сваёй вёсцы, дзяўчынка пайшла вучыцца ў Рускасельскую школу, дзе была сямігодка, а пасля і ў Войстамскую, у дзесяцігодку. Вучылася добра, асабліва лёгка ёй даваліся дакладныя навукі, па якіх заўсёды былі выдатныя адзнакі.
– Пасля школы, памятаю, мама настойвала, каб я ішла вучыцца на швачку, маўляў, заўсёды будзеш мець капейку, а мне хацелася вывучыцца на настаўніцу, – прыгадала Ірына Пятроўна. – Тады мяне падтрымаў бацька.
Аднак з педагагічным вузам не атрымалася – не прайшла па конкурсе. Вярнулася дамоў, крыху папрацавала ў сельсавеце, пазней закончыла бухгалтарскія курсы, пасля якіх запрасілі падмяніць бухгалтара ў Каралеўцах, гэта на той час быў калгас імя Калініна.
Прызванне – бухгалтар
– Прыйшла на працу, азнаёмілася з усім і неўзабаве ўжо самастойна рабіла гадавую справаздачу, – прыгадала пачатак свайго прафесійнага шляху жанчына. – Нічога, разабралася. І з таго далёкага 1956-га па 2009-ты працавала з лічбамі.
Колькі ўсяго ўмясцілася ў тым амаль 55-гадовым адрэзку, колькі знакамітых на Вілейшчыне і не толькі людзей сустрэлася на шляху калгаснага бухгалтара!
А колькі важных напамінкаў пра шчырую працу жанчыны – Ганаровых грамат розных узроўняў – захоўваецца ў яе дамашнім архіве.

І разам з імі – пасведчанне да медаля «За трудовую доблесть», якім Ірына Аўдзей была ўзнагароджана ў 1977 годзе.
Так высока была ацэнена яе шматгадовая плённая праца.
Часта прыгадвае жанчына і шматлікія экскурсійныя паездкі, якімі яна заахвочвалася за працу. Так, двойчы пабывала ў Маскве на ВДНГ, і ўражанні ад гэтага засталіся на ўсё жыццё. А яшчэ пабывала на экскурсіях у тагачасных Германіі, Чэхаславакіі, ва ўсіх прыбалтыйскіх рэспубліках, паездзіла па Чарнаморскім узбярэжжы… Усё да драбніц захавалася ў памяці і ніколі не забудзецца.

Жыццё і праца – сельская гаспадарка. Так яно атрымалася ў нашай гераіні. На вёсцы яна, тады яшчэ маладзенькая бухгалтар, сустрэла свайго будучага мужа. Яны жылі ў Іжы, выгадавалі дачку. Больш за трыццаць гадоў назад Ірына Пятроўна стала ўдавой.
Пакуль магла, заставалася ў вёсцы, а калі пачалі моцна балець ногі, стала гараджанкай. Нязвыкла было ёй напачатку ў шматкватэрным доме на пятым паверсе, але ж нічога не зробіш, так склалася. Аднак жанчына не дае сабе сумаваць: многа чытае, удзельнічае ў конкурсе, які праводзіць раёнка, заўсёды на тэлефоннай сувязі з роднымі і сябрамі. Як і ў маладосці, яна застаецца нераўнадушнай і актыўнай. І жыццё працягваецца.
Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіва Ірыны АЎДЗЕЙ








