Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Валерый Германенка: «Удзячны лёсу, што аднойчы мы пераехалі на Вілейшчыну»

Пра Чарнобыль

Тое, што іх сям’я апынулася менавіта на Вілейшчыне, Валерый Германенка лічыць шчаслівым выпадкам. Хаця нагода, якая падштурхнула да гэтага, стала трагічнай старонкай летапісу жыцця многіх беларусаў. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС перакрэсліла планы і надзеі, падняла людзей з наседжаных месцаў, кардынальна змяніла ход іх жыцця, забрала малую радзіму…

Да красавіка 1986-га іх жыццё на Хойнікшчыне цякло размерана. Саўгас «Стралічава», дзе Валерый Ула­дзіміравіч працаваў сакратаром парткама, быў самай буйной гаспадаркай у раёне, тут працавала пад тысячу чалавек. У маладой сям’і Германенка ўжо падрастала дачушка, жонка Надзея Сцяпанаўна чакала сына. У Гомельскі раддом яна паступіла 22 красавіка 1986 года, знаходзячыся там і даведалася ад родных, што на атамнай станцыі ў ноч з 25 на 26 красавіка адбыўся выбух. Было сказана: вокны ў палатах не адчыняць. Што такое мірны атам, які выйшаў з-пад улады чалавека, жанчыне не трэба было тлумачыць – як настаўніца хіміі пра гэта яна ведала больш за іншых. І сэрца сціскалася ад непакою пра мужа і пра дачушку, якая ўвесь гэты час была разам з бацькам – саўгас працягваў працаваць.

Эвакуацыя дзяцей была праведзена ў маі 1986-га, у верасні яны вярнуліся. Працавала школа, вучыліся дзеці – з дазіметрамі на шыі. Праводзіліся работы па ачыстцы тэрыторыі ад радыяцыі. А праз некалькі год было прынята рашэнне аб адсяленні.

Валерый Германенка ўзгадвае, што людзі пераязджалі на «чыстыя» тэрыторыі нават цэлымі калгасамі. Для іх такога варыянту не знайшлося, са Стралічава людзі раз’ехаліся хто куды. Яго радню таксама «рассяліў» Чарнобыль. Сястра жыла ў Гомелі, адзін брат пераехаў у Масты, другі – у Малыя Аўцюкі. У Добрушскі і Веткаўскі раёны паехала іншая радня…

«Ехаць у невядомасць з родных мясцін не хацелася, але разумелі ўжо, што ўсё…», – з сумам узгадвае той час Валерый Уладзіміравіч.

«Даў слова – трымай»

Агульны працоўны стаж героя пуб­лікацыі 43 гады. Нямала працоўных год аддадзена Валерыем Германенкам Вілейшчыне, якая стала другім домам. У Людвінова ён трапіў дзякуючы сябру – і па сёння ўдзячны яму, «што так прыгожа ўсё атрымалася». Перасяленцаў гасцінна прынялі і зямля, і людзі. Жыццё паступова наладзілася.

Кіраўнік саўгаса «Беларускі» Генадзь Міргалоўскі падказаў, што ім патрабуецца сакратар парткама. Гэта была першая працоўная пасада Валерыя Германенкі на Вілейшчыне. Потым ён працаваў намеснікам старшыні саўгаса, а пасля ўзначаліў Касцяневіцкі сельвыканкам. «Людзей ведаў, ужо прасцей было», – расказаў ён. А працаваць трэба было менавіта з людзьмі, вырашаючы разнастайныя надзённыя пытанні. Такая работа навучыла галоўнаму: не абяцаць, калі не можаш зрабіць. І таму, што галоўнае ў зносінах з людзьмі – аб’ектыўнасць і дабрыня. Прычым важна быць менавіта добрым, а не «добранькім». «Калі даў слова – трымай, як бы ні было складана», – такім прынцыпам Валерый Уладзіміравіч кіраваўся заўсёды.

Сёння Валерый Германенка, чалавек актыўнай грамадзянскай пазіцыі, узначальвае пярвічную ветэранскую арганізацыю Людвіноўскага сельвыканкама. Удзельнічае ў шматлікіх мерапрыемствах і ініцыятывах, мае нямала ўзнагарод. Ён выдатны арганізатар і чалавек, да меркавання якога прыслухоўваюцца.

Там, дзе жыве памяць

Палешукі… Іх адметны ўклад жыцця, характары, звычаі – усё гэта Валерыю Уладзіміравічу помніцца і сёння. Таму і цягне па-ранейшаму на малую радзіму. Даўно зараслі сцежкі-дарожкі да роднай хаты – у зоне адсялення, дзе перасяленцы бываюць штогод на Радуніцу, сёння валадарыць прырода. Яна ўпарта сцірае з зямлі чалавечыя сляды, але не можа сцерці з памяці дарагія ўспаміны.

Таццяна ШАРШНЁВА. Фота Алены ЦІМАФЕЕНКА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 167 queries