Да акцыі «Падары радасць бліжняму» ў першы дзень пасля Вялікадня далучыліся і на Вілейшчыне. Кіраўніцтва раённага выканаўчага камітэта на чале са старшынёю Анатолем Завацкім, прадстаўнікі Вілейскай царкоўнай акругі на чале з яе благачынным, настаяцелем прыхода храма Прападобнай Марыі Егіпецкай протаіерэем Вячаславам Вабішчэвічам, галоўны ўрач Вілейскай цэнтральнай раённай бальніцы Ірына Макарава, прадстаўнікі ўпраўлення па адукацыі і сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва накіраваліся да тых, каму патрэбны ўвага і клопат.
Першым адрасам дабра стаў раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр, які па волі лёсу зараз з’яўляецца часовым домам для дзетак – утульным і спакойным. Адрас наступны – Іжская бальніца сястрынскага догляду, насельнікі якога – людзі сталага ўзросту, якім пастаянна патрэбна дапамога.
Традыцыйныя атрыбуты Вялікадня – чырвоныя яйкі і кулічы – атрымалі ўсе ўдзельнікі гэтых сустрэч. Іншыя падарункі, якія прывезлі госці, таксама былі дарэчы. А падчас выступлення калектыва «Бабіна лета» ў Іжы некаторыя нават не змаглі ўтрымацца ад танцаў – вось што значыць сіла музыкі!
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара