У мінулую нядзелю сапраўднае свята прайшло ў Рэчках Крывасельскага сельсавета – тут адзначылі Сёмуху і трыццацігоддзе служэння ў мясцовым храме Святога Духа святара Валянціна Пяшко.

На ўрачыстае мерапрыемства сабраліся не толькі мясцовыя жыхары, але і вернікі з навакольных вёсак. Тут, ля прыгожай царквы, адноўленай пасля пажару агульнымі намаганнямі, адбылося ўрачыстае богаслужэнне і прайшоў крэсны ход. Кожнаму, хто прыйшоў на свята, хацелася выказаць цёплыя, ад усяго сэрца, словы айцу Валянціну, які за тры дзесяцігоддзі стаў для вяскоўцаў не проста святаром, якога паважаюць, цэняць і любяць, але і амаль родным чалавекам.
А затым пачаўся духоўны канцэрт, падрыхтаваны ерхаўскімі культработнікамі Марынай Юркевіч і Жаннай Андрыеўскай, да якіх далучыліся іх калегі з Людвінова на чале з дырэктарам мясцовага ДК Ліліяй Пратасавай. Духоўныя спевы і песні пра вёску, літаратурная кампазіцыя і вершы – усё гэта было ў праграме канцэрта.
– Для нас зладзілі сапраўднае свята, – выказалі сваю думку жыхары Рэчак, якія патэлефанавалі ў рэдакцыю. – Дзякуй усім тым, хто падарыў яго. Асаблівая ўдзячнасць Марыі Балкоўскай, Таццяне Казімірскай, Валянціне Вяжэвіч, Ларысе Лях, Алене і Таццяне Яхімовіч, Тамары Харэўка і многім іншым. А найбольшая падзяка нашаму айцу Валянціну, без якога і не было б такой цёплай сустрэчы.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлена Жаннай АНДРЫЕЎСКАЙ








