Пра сакрэты творчага поспеху, вытокі натхнення, новыя далягляды і самыя адметныя падзеі года мінулага гутарым з Наталляй Чарток, загадчыкам філіяла «Вязынскі сельскі Дом культуры».
Калі ў чалавека свецяцца вочы і справа па душы – гэтага не схаваць ад старонняга позірку. А ў сферы культуры па-іншаму працаваць нельга – бо менавіта ты дорыш свята і настрой людзям, выходзячы кожны раз на сцэну. І не важна, прафесійная гэта сцэна або імправізаваная, пляцоўка сярод жытняга поля або мехдвор у гаспадарцы, раённае мерапрыемства або свята вёскі – свой талент ты дорыш людзям, якія ўмеюць адрозніваць шчырасць ад няшчырасці, прафесіяналізм ад механічнага выканання сваіх абавязкаў.
– Лепшая крыніца натхнення – уменне бачыць, назіраць, заўважаць дэталі ў тым, што знаходзіцца вакол цябе і дае імпульс для дзеяння, – лічыць яркая прадстаўніца сферы культуры Вілейшчыны Наталля Чарток. – Я ўвогуле люблю публічныя выступленні. Збіраю сваіх дабравольцаў (удзельніц самадзейнага вакальнага калектыву «Нравіца»), пачынаю расказваць ім пра свае ідэі, думкі – і там ужо мяне не спыніць!
– А як атрымліваецца арганічна пераплятаць у сваёй дзейнасці сучаснасць і традыцыі? Маю на ўвазе вашы крэатыўныя дыскатэкі для моладзі і нядаўні ўдзел у тэлепраекце «Белыя Росы» з дэмастрацыяй абрада «Пячы ката».
– Усё проста: трэба рабіць так, як не робяць іншыя! Абрад «Пячы ката» рыхтаваўся для ўдзелу ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю фальклорнай праграмы і не абмежаваўся адным паказам, спадабаўся гледачу і апынуўся ў тэлепраекце «Белыя Росы» на канале АНТ. Наконт дыскатэк маё меркаванне такое: у кожным Доме культуры яны павінны праводзіцца. Куды суботнім вечарам накіравацца моладзі? Вось нашы прыходзяць да нас – патанцаваць, пагутарыць. Многія прыязджаюць з горада, убачыўшы нашы афішы ў Instagram и Telegram.
– Што Вам асабіста даў удзел у тэлепраекце?
– Перад кожным мерапрыемствам я вельмі хвалююся і перажываю, а тут, дзіўна, усё было «роўна». Магчыма, таму, што людзі новыя, перад сваімі заўсёды складаней – яны могуць пакрытыкаваць, асудзіць у нечым. А ўвогуле, я люблю ўвязацца ў якую-небудзь «аванцюру». Летам 2024 года прайшла навучанне ў школе радыё на кінастудыі «Беларусьфільм», атрымаўшы ўласны дэма-запіс і сертыфікат аб праходжанні курса радыёвядучага. Прафесійны вядучы, аўтар-выканальнік, выкладчык школы радыё Вера Дарашэнка нават прапанавала весці праект на «МВ-радыё».
– Неаднаразова дзейнасць Вязынскага сельскага Дома культуры трапляла ў поле зроку рэдакцыі – радуючы і здзіўляючы. Адчуваецца, што калектыў працуе з душою. А ёсць зваротная сувязь ад людзей, для якіх вы працуеце?
– Я лічу, што мне шанцуе на добрых людзей. Ёсць дабравольцы, якія дапамагаюць у працы – проста так, ад усяго сэрца, без асабістай выгоды.
– Якімі творчымі мерапрыемствамі запомніўся 2024 год?
– Наш традыцыйны калядны абрад з Казою некалькі год запар карыстаецца папулярнасцю ў насельніцтва Вязынскага сельсавета. Відэаматэрыялы, трапляючы ў TikТок, набіраюць некалькі тысяч праглядаў. Такім чынам пра нас даведваюцца не толькі ў роднай Беларусі. Святы вёсак у маланаселеных пунктах – гэта мая асаблівая любоў. Загружаем апаратуру і патрэбны рэквізіт у маю машынку і едзем да жыхароў, якія нас потым доўга не адпускаюць. Паняцічы, Кобузі, Ярмолічы… Гэтыя сустрэчы запомніліся. Як і свята аграгарадка Вязынь, якое штогод набірае абароты – кожны, хто на яго прыязджае ўпершыню, не прапускае і ў наступны раз, і нас становіцца ўсё больш. А нашы саламяныя скульптуры на Зажынкі і Дажынкі, думаю, запомніліся ўсім! Нямала прыемных эмоцый падарылі сумесныя з Вязынскай сярэдняй школай паходы на прыроду для дзяцей і падлеткаў.
– Не перашкаджае актыўная творчае жыццё жыццю сямейнаму? Атрымліваецца знайсці залатую сярэдзіну?
– З мужам мы больш за 18 год, увесь гэты час я працавала і працую ў культуры. Ён даўно прывык, і скажу болей – без яго многіх арганізацыйных момантаў не было б. Дапамога вялікая! А сын, якому 12 год, сам яшчэ той артыст – я гэтым карыстаюся!
– Назавіце самыя паспяховыя ідэй мінулага года, рэалізацыяй якіх ганарыцеся.
– Абрад «Пячы ката» (шануем і адраджаем традыцыі!), свята Купалле ў вёсцы Шчукі (такога маштаба і колькасці ўдзельнікаў ніхто не чакаў, але мы справіліся!), сустрэча гасцей на падвор’і «Новай Віліі» на раённых «Дажынках-2024» у Ільі (на высокай саламянай скульптуры!).
– Сацыяльныя сеткі Вам дапамагаюць у працы?
– Безумоўна! У мяне гэта асабісты акаунт у сетцы Instagram. Там шмат рабочых момантаў і асабістае таксама – не бачу падставы раздзяляць, бо работа займае ў маім жыцці адметнае месца. А ў сучасных рэаліях без інтэрнэта ніяк!
Таццяна ШАРШНЁВА